Карысць

Гэта сапраўдны вясновы мультывітамінны комплекс. З лёгкасцю замяняе полівітаміны ў самы разгар авітамінозу. Ён змяшчае цукры, арганічныя кіслоты, ферменты. Багаты кальцыем, магніем, жалезам і іншымі макра– і мікраэлементамі.

Нярэдка ён выкарыстоўваецца для лячэння ў народнай медыцыне. Спіс хвароб, якія народныя знахары прапануюць лячыць пры дапамозе бярозавага соку, уражвае: захворванні страўнікава-кішэчнага тракту, у тым ліку язва, захворванні печані, дванаццаціперснай кішкі, жоўцевага пузыра, рэўматызм, артрыт, радыкуліт, бранхіт, сухоты, цынга, галаўныя болі.

Выкарыстоўваецца цудоўны напой і ў касметалогіі. Вельмі карысна раніцай мыцца бярозавым сокам. Ён робіць скуру мяккай і аксамітнай. Таксама выкарыстоўваюць яго і для валасоў. Бярозавы сок дапамагае ім заставацца здаровымі, памяншае колькасць перхаці, надае бляск і сілу.

Аднак ёсць у яго і супрацьпаказанні. Напрыклад, нельга злоўжываць напоем пры падвышаным артэрыяльным ціску.

Дзецям бярозавы сок можна спрабаваць даваць не раней, чым ім споўніцца адзін год.

Калі збіраць

Як толькі абуджаецца прырода, пачынаецца рух соку. У нас гэты час у асноўным прыпадае на другую дэкаду сакавіка. Заканчваецца перыяд збору соку, як толькі на бярозе пачынаюць распускацца пупышкі.

Для збору соку варта ведаць, што лепш сок цыркулюе ў светлы час сутак.

Праверыць, ці ёсць сок, вельмі лёгка. Зрабіце невялікі надрэз на бярозе, і на ім адразу з’явяцца кроплі вадкасці.

Колькасць соку, які можна сабраць, залежыць ад дрэва, яго месцазнаходжання, ад часу сутак, а таксама перыяду руху соку.

У сярэднім, з адной бярозы за суткі збіраюць каля трох літраў соку. Але ў залежнасці ад вышэйзгаданых умоў гэты паказчык можа павялічыцца да сямі літраў.

Беражом дрэвы

— Не выбірайце самыя маладзенькія дрэўцы. Нават нязначныя пашкоджанні могуць адмоўна адбіцца на іх развіцці.

— Каб атрымаць дастатковую колькасць соку, не трэба секчы дрэвы або рабіць на іх моцныя парэзы. Досыць зрабіць невялікі парэз ці прасвідраваць адтуліну.

— «Не выціскайце» з дрэва ўсё да апошняй кроплі, інакш яно можа загінуць.

— Пасля заканчэння збору соку забіце ранку на дрэве мохам. Яе таксама можна заляпіць пластылінам, зацерці мылам або воскам, у крайнім выпадку — зямлёй.

Збіраем сок

— Запасаемся тарай і інструментамі

Перш-наперш неабходна падрыхтаваць тару, у якую будзе сабраны сок. Гэта могуць быць пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, слоікі і нават пакеты. Абавязкова бяром вяроўку ці дрот для замацавання тары на дрэве. Акрамя гэтага, трэба ўзяць з сабой востры нож ці шыла, якімі будзем рабіць надрэз ці пракол адпаведна. А таксама трубачку, па якой будзе сцякаць сок (падыдзе любая кактэйльная трубачка, ад соку або любы паўкруглы жалабок з пластыку, металу, дрэва).

— Выбіраем дрэва.

Бяроза павінна быць, як мы ўжо казалі, не зусім юнай. Яе крона павінна быць добра развітая, ствол не менш за 20 см у дыяметры.

Месцазнаходжанне — пажадана далей ад дарог і гарадскіх джунгляў.

— Робім пракол ці надрэз.

Рабіць гэта лепш за ўсё з паўночнага боку дрэва, там соку больш. Вышыня надрэзу не менш за 30 см ад зямлі. Нож ці шыла трымаем пад невялікім вуглом, так каб вадкасць потым змагла сцякаць па трубачцы ўніз. Глыбіня надрэзу каля 3 см, гэтага цалкам дастаткова (асноўны рух соку ідзе побач з паверхняй).

— Усталёўваем канструкцыю.

Устаўляем у адтуліну трубачку. Замацоўваем тару (бутэлькі прывязваюць да дрэва, пакеты замацоўваюць непасрэдна на трубачцы).

Часам выкарыстоўваюць і іншы спосаб: надразаюць галінку, надзяюць на яе пакет, замацоўваюць яго вяроўкай або дротам.

Умовы захоўвання бярозавіку

Бярозавы сок — натуральны прадукт, не прызначаны для працяглага захоўвання. У халадзільніку пажадана захоўваць яго не больш за тры дні, пры пакаёвай тэмпературы не больш за адзін дзень.

Для больш працяглага захоўвання бярозавы сок можна закансерваваць. Гэта будзе прыемны смачны напой, але частку сваіх карысных уласцівасцяў ён пры гэтым страціць. Таксама з бярозавага соку можна прыгатаваць вельмі смачны арыгінальны квас.

Чытайце таксама:

У Беларусь прыляцелі першыя журавы — незвычайна рана

У Бабруйску ўжо з'явіліся першыя грыбы, а ў Брэсце расцвілі падснежнікі

У Беларусь ужо вяртаюцца першыя дзікія гусі. Яшчэ адна прыкмета хуткай вясны

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
10