Арцём Шрайбман Артём Шрайбман Artem Shraibman

Арцём Шрайбман. Скрын відэа «Ток»

Ці выгадна Беларусі, каб Лукашэнка быў выкарыстаны ў мірных перамовах паміж Расіяй і Украінай

На погляд Шрайбмана, выкарыстанне Лукашэнкі ў мірных перамовах азначае, што ён стаў суб'ектам. Пакуль ён успрымаецца ўсімі як васал Пуціна, ніхто не будзе яго не тое што за стол пускаць, але і проста размаўляць. Сцэнар удзелу Лукашэнкі ў перамовах прадугледжвае, што адбылося аслабленне сувязей Мінска і Масквы, Лукашэнка нешта робіць самастойна, займае іншую пазіцыю па вайне.

У выпадку капітуляцыі Расіі Лукашэнка выглядае як «апошні сувязны» з Пуціным, бо ў яго яшчэ засталіся нейкія кантакты з Кіевам.

«Я не бачу тут нічога страшнага. Бо ў такой сітуацыі Лукашэнка сам будзе нашмат старэйшы, чым цяпер. І ён сам наўрад ці будзе шматабяцальным палітычным праектам пасля капітуляцыі Расіі. І ў гэтай сітуацыі, калі яму пры смерці яго палітычнага рэжыму і праекта даць нейкія гарантыі дзеля таго, каб ён сышоў мірна, і калі часткай такіх гарантый будзе ўваскрашэнне яго міратворчай ролі, то нічога страшнага і прынцыповага ў гэтым я не бачу. Калі гэта цана гладчэйшага транзіту ўлады ў Беларусі, гладчэйшага пераходу да дэмакратыі».

На погляд палітычнага аналітыка, такі сцэнар дастаткова фантасмагарычны. І Шрайбман не ўпэўнены, што ён рэалізуецца, а ў Лукашэнкі і Пуціна хопіць гадоў жыцця, каб гэта ўсё склалася.

«Але, калі ён рэалізуецца, мы бачым надарваную тканіну адносін Мінска і Масквы. І ў гэтай сітуацыі надарваць яе яшчэ больш было б плюсам для будучыні Беларусі нягледзячы на тое, што асабіста для Лукашэнкі гэта можа стаць прыемным зыходам», — адзначае Шрайбман і дадае, што для яго важнейшае тое, як гэта адабʼецца на Беларусі.

«Але ў сённяшняй сітуацыі ўзнагароджваць чымсьці Лукашэнку без усіх гэтых перадумоваў, без таго, што адбылося яго аддаленне ад Расіі, без перадкапітуляцыйнага стану Расіі — гэта абсурд. Гэта быў бы дэструктыўны крок», — лічыць аналітык.

Ці змірыўся Захад з тым, што Беларусь застаецца «ў лапах» Расіі

Пры адказе на гэта пытанне Шрайбман падкрэсліў, што ў яго разуменні няма ніякага адзінага Захаду:

«Захад — гэта розныя палітыкі, людзі, дзяржавы. Самае ж галоўнае тое, што людзі, якія ў гэтых краінах прымаюць нейкія рашэнні адносна нашага рэгіёну, зʼяўляюцца часовымі. Яны разумеюць, што ў іх ёсць кадэнцыя, у рамках якой яны могуць нешта зрабіць, а нешта не зрабіць. І яны выкарыстоўваюць свае палітычныя, эканамічныя рэсурсы і энергію на праекты і намаганні, якія могуць да нечага прывесці, пакуль яны ва ўладзе або на сваіх дыпламатычных пастах».

На думку палітычнага аналітыка, тое, што Беларусь трапляе ў такую жорсткую залежнасць ад Расіі, ахалоджвае ў палітыкаў краін Захаду энтузіязм працаваць на беларускім напрамку.

«У нейкім сэнсе нас спісваюць у непрыярытэтныя пытанні. Таму што палітыкі і дыпламаты не вераць, што пры іх палітычным жыцці ў 5-6-7-8 гадоў яны змогуць нечага дабіцца на гэтым напрамку. Асабліва, калі побач ідзе вайна, якая патрабуе ўсіх тваіх рэсурсаў, усёй тваёй увагі. І ўсё роўна гэтага будзе недастаткова. Цікавасць да Беларусі ў такіх умовах вузканакіраваная — Беларусь як плацдарм», — выказвае свой погляд Шрайбман.

На яго думку, на Захадзе мала хто верыць, што Лукашэнка здольны адвесці краіну ад Расіі. І яго праблема ў тым, што ён не можа гэта прадаць, як раней прадаваў Захаду. Ды і не асабліва імкнецца гэта зрабіць.

Таму, на погляд Шрайбмана, акрэсленая праблема існуе. Але яна не фатальная:

«Бо гэта не Захад зрабіў 2020 год у Беларусі. Гэта не Захад дае нам вокны магчымасцей. Іх дае нам гісторыя, памылкі Лукашэнкі, Пуціна, дэградацыя расійскага рэжыму. Захад тут па сутнасці ні пры чым. Ён не стварае гэтых вокнаў. А вось калі яны адчыняцца, светапогляд Захаду хутка мяняецца. Адразу праяўляецца цікавасць. Таму ад таго, што сёння Захад на беларускім трэку пасіўны, і такім будзе яшчэ некаторы час, я бы не стаў з такой нагоды плакаць. Як толькі працэсы ў Беларусі зменяць свой вектар, увага імгненна прыйдзе».

Як Лукашэнка рыхтуецца да выбараў у 2025 годзе

Арцём Шрайбман сцвярджае, што ўжо зараз відавочная падрыхтоўка Лукашэнкі да будучых прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта сведчыць такі крок, як зачыстка партыйнага поля.

«Цяпер не трэба рэгістраваць ніякіх апазіцыйных кандыдатаў на парламенцкіх выбарах 2024 года. А тым больш на прэзідэнцкіх. Пры жаданні і захаванні статус-кво ў знешняй палітыцы больш няма ніякіх шчылін. Раней хоць партыі маглі некага выставіць на парламенцкія выбары і трохі пабузіць. Цяпер гэтага больш няма. Апазіцыйныя партыі не будуць існаваць ужо да парламенцкіх выбараў», — адзначае аналітык.

На яго думку, улады разглядаюць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары як нешта адзінае. А сам Лукашэнка пачаў гуляць у «сыры папулізм». І гэты папулізм адпавядае таму, як яго апісваюць у кнігах па палітычнай тактыцы.

Паралельна гэтаму, працягвае Шрайбман, частка ідэалагічнага апарату Лукашэнкі таксама пачала рух. «Азаронак пайшоў у палі з лідарам партыі «Белая Русь» Раманавым. Яны пачалі «перахопліваць парадак дня ў Ціханоўскага» — хадзіць па вёсках і глядзець, што там усё дрэнна, не працуе, і з выкарыстаннем свайго адміністрацыйнага рэсурсу караць ці лаяць нейкіх мясцовых бюракратаў ці гандлёвыя сеткі. Гэта такі танны папулісцкі наратыў аб тым, што ўсё дрэннае ад дрэнных баяраў, а ўсё добрае ад харошага цара».

На погляд Шрайбмана, цяжка прадбачыць, хто можа скласці кампанію Лукашэнку на будучых выбарах. Дастаткова лагічным выглядае Гайдукевіч.

«Але не вядома, ці будзе Лукашэнка праводзіць выбары і калі. Ён можа ўвесці надзвычайнае становішча і адкласці выбары на колькі захоча. Бо побач ідзе вайна. Адна новая дыверсія адбудзецца, і ўсё — ваеннае становішча», — разважае аналітык.

У выпадку, калі выбары адбудуцца па графіку і пры гэтым вайна не скончыцца, то гэта будуць выбары «абсалютна туркменскага сцэнару», лічыць Арцём Шрайбман.

«Будзе Лукашэнка і тры шпіцы ў бюлетэнях. І не важна, якія будуць у гэтых людзей прозвішчы. Яны могуць быць лідарамі ўсіх праўладных партый — Гайдукевіч, Сокал і нехта ў Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, якая таксама нечакана атрымала рэгістрацыю. Ніхто гэтых людзей, акрамя Гайдукевіча, і ведаць не будзе».

У іншай сітуацыі, лічыць Шрайбман, Лукашэнка можа паспрабаваць даць і недабітым дэмакратычна настроеным беларусам сваіх «а-ля кандыдатаў» тыпу Чэрачня. «Але ў мяне складваецца такое «ашчушчэніе», што нават на такія эксперыменты ён сёння не гатовы. Яму нават з такімі рэчамі страшна гуляцца. Лукашэнка ўсе апошнія гады паказвае, што гэта будзе Туркменістан», — адзначае палітычны аналітык.

Шрайбман пагаджаецца з поглядам аб тым, што за час паміж 2020-м і 2025-м зʼявіцца новае пакаленне людзей, якія не памятаюць падзеі 2020-га. Ён спасылаецца на скандал з вынікамі апошняга цэнтралізаванага тэсціравання:

«Я чытаў некаторыя чаты, і мне здавалася, што яны толькі што прыехалі ў Беларусь. Яны толькі цяпер пачалі разумець некаторыя рэчы пра краіну. А потым знянацку выявілі, што Лукашэнка можа гуляць у такую «танную двуххадовачку» — «што ж вы нарабілі з экзаменам, адмяніць». Таму для іх 2020 год хутчэй за ўсё прайшоў на фоне таго, што яны гулялі ў Pokemon GO ці сядзелі ў TikTok і не звярталі на гэта ўвагі. Я нават думаю, што такіх людзей шмат і не сярод моладзі. Мы недаацэньваем масавасць людзей, для якіх нічога не адбылося».

Шрайбман лічыць, што ў Лукашэнкі няма ніякага плану па працягласці свайго знаходжання ва ўладзе. «Ён не мысліць гарызонтамі. «Рашаем пытанні, якія ёсць. А пра паслязаўтра мы падумаем заўтра».

Аналітык не ўпэўнены, што ў Лукашэнкі ёсць бачанне ідэальнага транзіту ўлады:

«Калі Канстытуцыя пісалася, яно было адным. А калі яна была напісана і пачалася вайна, то яно магло зрабіцца цьмяным, стаць незразумелым ці зусім іншым. Я не буду гуляць у тэлепатыю і гадаць, што там ёсць, у гэтай галаве. Але я не бачу, што ёсць стратэгія, да якой ён паслядоўна ідзе».

Шрайбман заўважае, што раней у якасці пераемніка разглядалі Віктара Лукашэнку, але «яго выдалілі з Рады бяспекі і ён стаў менш зʼяўляцца». Тое ж самае гаварылі пра Мікалая. Але аналітык пакуль не бачыць прыкметаў, каб Лукашэнка рыхтаваў малодшага сына.

«Такія рэжымы сваіх дзяцей, каб усё прайшло гладка, як у Туркменістане, пачынаюць легітымізаваць унутры сістэмы. Пасты, пасады. З Колем Лукашэнкам гэта было. Але я цяпер гэтага не бачу. Хаця гэта можа вярнуцца. З Віктарам Лукашэнка тое самае»,

— адзначае Шрайбман і нагадвае, што лідар Туркменістана Бердымухамедаў калі вырашыў перадаць уладу свайму сыну, то рабіў гэта паступова, прасоўваючы з пасады на пасаду. Гэты працэс адбываўся на працягу шмат гадоў.

Аналітык згадвае, што некаторы час гаварылі пра Качанаву. Але нічога не змянілася адносна яе прысутнасці ў медыя і яе ролі. Таму, падкрэслівае Шрайбман, пытанне пераемніка дакладна не на парадку дня ў Лукашэнкі.

«Адзінае, чым ён займаўся ў апошнія гады з пункту гледжання палітычнага пераўладкавання Беларусі, свайго рэжыму, гэта падсціланне розных саломак. Незалежна ад канкрэтнага сцэнару транзіту, які ён выбера, ён абкладвае яго рознымі страхоўкамі. Гэта Усебеларускі народны сход, узмоцненая роля Рады бяспекі ў выпадку яго насільнай смерці, гэта і партыйная сістэма. Ствараюцца розныя апоры для «калектыўнага Лукашэнкі». Ён спрабуе не даць нейкаму наступнаму ўзурпаваць уладу таксама як ён і абнуліць усе вынікі яго праўлення»,

— выказвае свой погляд палітычны аналітык.

Чаму Лукашэнка адправіў Мікалая вучыцца ў Кітай

Па меркаванні Шрайбмана, выбар Кітая ў якасці месца для вучобы звязаны з недаверам Лукашэнкі да Расіі, «які павінны быць у кожнага постсавецкага лідара, які з Расіяй мае зносіны на працягу дзесяцігоддзяў». Аналітык нагадвае, што ніхто не адмяняў такіх рэчаў, як закладніцтва, што зʼяўляецца нашмат больш магутным рычагом уздзеяння, чым расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі.

Другой прычынай можа быць лепшы ў параўнанні з Расіяй узровень адукацыі ў Кітаі.

«Абʼектыўна Расія сёння — гэта вялікі Іран. Магчыма, нават і больш з пункту погляду ізаляванасці ад свету і перспектываў. Калі ён жадае свайму сыну нейкага дабра і перспектываў, а Захад для яго закрыты, то, магчыма, Кітай — гэта рацыянальны выбар. А ў Кітаі ёсць вельмі добрыя ўніверсітэты, якія высока каціруюцца».

Акрамя гэтага, адзначае Шрайбман, Лукашэнка апошнія дваццаць гадоў шчыра ўсхваляе Кітай як будучага гегемона ў свеце. І ў гэтым сэнсе гэта можа быць стратэгічны разлік.

Глядзіце цалкам:

Клас
11
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?