У музеі на гэтыя выхадныя запланавалі правесці свята «Годнасць і незалежнасць. Як шляхта бараніла Беларусь», пра што былі адпаведныя абвесткі. На іх ці па сваёй ініцыятыве, ці па загадзе органаў звярнуў увагу прапагандыст Рыгор Азаронак. На гэты раз ён адправіўся на дзікае паляванне са старшынёй праўладнай «Белай Русі» Алегам Раманавым.

Прыслужнікі Лукашэнкі сцвярджаюць, што мерапрыемства не адпавядае «ні канцэпцыі гістарычнай палітыкі нашай краіны, якая ўжо зацверджаная», ні тым пасылам, якія рабіў Лукашэнка «адносна гэтай шляхты, Радзівілаў, Сапегаў, Манюшак ды іншых дзеячаў».

Прапагандысты ў гістарычна-культурнай установе дзейнічалі па сваёй звыклай методыцы. Яны чапляліся да кіраўніцтва і супрацоўнікаў музея і задавалі ім пытанні на тэмы гісторыі і сучаснай палітыкі, сярод іншага дэманструючы звязаныя з музеем архіўныя здымкі, зробленыя ў 2020 годзе. Абураліся згадкам пра расійскую акупацыю беларускіх земляў. Ва ўсім ім бачыцца прапаганда «польскага складніка нашай гісторыі», які сам Лукашэнка назваў, маўляў, «этнацыдам». 

Цывілізаванай дыскусіяй тое, што адбываецца, назваць немагчыма, паколькі ў цяперашніх палітычных умовах прапагандысты — гэта аналаг «літаратуразнаўцаў з наганам» сталінскіх часоў. Пры цяперашніх умовах яны могуць беспакарана навязваць любую, нават самую дзікую інтэрпрэтацыю гісторыі і адкрыта забаўляюцца тым, што здзекуюцца з людзей, фактычна перад імі безабаронных.

Так, напрыклад, стэнд, прысвечаны «Нашай Ніве» пачатку ХХ стагоддзя, яны адназначна інтэрпрэтуюць як заклік да чытання цяперашняй «Нашай Нівы» — без ніякіх на тое рэальных падстаў, проста таму, што так закарцела.

Пры гэтым у прапагандыстаў вырвалася прызнанне, што народ іх не падтрымлівае і ціха ненавідзіць: маўляў, нават ідэолагі і «партыйцы», хоць і прысутнічаюць на ідэалагічных зборах з удзелам самога Лукашэнкі, але пры гэтым не хочуць актыўнічаць, таму даводзіцца ўсім займацца «гастралёрам» з Мінска.

Чытайце таксама:

Азаронак у майцы з Z спаліў беларускі сцяг у лесе, дзе разводзіць вогнішча забаронена

«Не прэзідэнту Беларусі пра гэта гаварыць». Беларускія прапагандысты пераляканыя мяцяжом Прыгожына

«Беларус» з рэпартажу Азаронка, які ваюе за Расію, аказаўся ўраджэнцам Сургута

Клас
7
Панылы сорам
34
Ха-ха
9
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
124