Пахаванні пацыентаў «другіх Навінак», як называюць Барысаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат № 2 у вёсцы Тарасікі, месцяцца ў лясным масіве сярод балот. Побач кропкамі раскіданы таварыствы дачнікаў. Вёсак побач няма.

Шэрыя бетонныя слупы абгароджаны то калючым дротам, то старымі заплеснявелымі жэрдзямі. Побач з могільнікамі плямамі месцяцца смеццевыя адвалы з дома-інтэрната. Смецце спецыфічнае — іржавыя бляшанкі з-пад кансерваў, абгорткі ад «спецлекаў» — трамадолу, галаперыдолу… Тое, што гэта нейкі дзіўны спецмогільнік, пацвярджаюць і нешматлікія дачнікі, якія зрэдчас праходзяць па роўнай гравейцы побач з барвовымі слупкамі. Крыжоў і помнікаў на гэтых могілках адзінкі. Дый тыя датуюцца то 70-мі, то 80-мі гадамі мінулага стагоддзя. Асноўны напамін пра пахаваных тут пацыентаў — барвовыя слупкі з нумарамі і металічнымі таблічкамі з імёнамі і гадамі жыцця. Зарослая дзікая трава ў чалавечы рост, аблезлая фарба слупоў, іржавыя адзінкавыя агароджы — жудасная карціна, на першы погляд.

Але так выглядаюць, бадай што, кожныя «казённыя» могілкі па ўсёй краіне. Роўныя шэрагі слупоў — на першых ад дарогі пазначаны нумар шэрагу. Я натрапіў на 10-ы. Кожны наступны нумаруецца па ўзрастанні. У канцы гэтага пахавання на адным з слупоў я пабачыў 38-мы нумар.

Большасць пахаванняў датуецца на гэтых могілках 70-мі і пачаткам 90-ых — пік смерцяў у псіханеўралагічным інтэрнаце. Але палова магіл увогуле не маюць аніякіх знакаў і ўжо густа параслі травой. Нешматлікія крыжы, пастаўленыя тут, датуюцца 90-мі і 2000-мі. Відаць, у часы СССР адзіным надмагільным знакам маглі быць толькі драўляныя слупкі ці пліты. Але пліты — гэтага дорага… Дагледжанымі выглядаюць толькі некалькі магіл. Астатнія паволі зраўноўваюцца з зямлёй. Варта адзначыць, што большасць пацыентаў інтэрната ў вёсцы Тарасікі не маюць апекуноў ці іх сваякі не ў стане глядзець іх. Прычыны ў кожнага свае, але калі няма справа да жывых, то пра пахаванні казаць увогуле не выпадае…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?