Берасце ў час аблогі 1657 года на фрагменце гравюры шведскага інжынера Эрыка Дальберга. Ілюстрацыйная выява

Берасце ў час аблогі 1657 года на фрагменце гравюры шведскага інжынера Эрыка Дальберга. Ілюстрацыйная выява

Пра першы ў Беларусі генеральны план расказаў гісторык Мікола Волкаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Волкаў звярнуў увагу, што дзіўным чынам гісторыкі архітэктуры дасюль не звярталі ўвагі на выразны запіс, у якім напрамую згадваецца аўтар першага генплана на тэрыторыі Беларусі. Ён быў апублікаваны яшчэ ў пачатку XX стагоддзя, але кантэкст быў няясным.

Першы на Беларусі генеральны план горада быў створаны для Берасця, якое ў XVI-XVII стагоддзях амаль кожныя 20 гадоў нішчылі моцныя пажары. У чарговы раз горад гарэў у 1552 годзе. Гэта былі «рэвалюцыйныя» для горадабудаўніцтва часы, а ў Берасці тады кіраваў Мікалай Радзівіл Чорны, які мог «жалезнай рукой» рэалізоўваць самыя смелыя мары.

У выніку спаленая частка горада была перапланаваная, у тым ліку ў гэты час мусіла паўстаць вялікая рынкавая плошча, якая на доўгія стагоддзі стала цэнтрам горада.

Аўтарам горадабудаўнічага праекта стаў Валка (Валенты/Валянцін) Жолдак, верагодна, мернік на службе караля Жыгімонта II Аўгуста або князя Радзівіла.

Фрагмент з актаў, якія выдаваліся Віленскай камісіяй для разбору старажытных актаў

Фрагмент з актаў, якія выдаваліся Віленскай камісіяй для разбору старажытных актаў

«Бурмістры і райцы ўзяўшы пана Валка Жолдака, земяніна гаспадарскага павета Берасцейскага, каторы, калі было места пагарэла, з загаду і ўлады яго каралеўскай міласці, для бяспечнасці замкавай ад агню, усё места вакол і ўсе пляцы памераў…»

Гэты фрагмент з заявы вознага пра агляд ім гарадскога вала ў Берасці за 6 сакавіка 1580 года быў апублікаваны яшчэ ў 1901 годзе ў томе XXVIII актаў, якія выдаваліся Віленскай камісіяй для разбору старажытных актаў.

Волкаў лічыць, што генплан мусіў быць распрацаваны і рэалізаваны неўзабаве пасля пажару 1552 года, бо мяшчанам былі патрэбныя дамы, і яны не маглі гадамі назіраць за палётам горадабудаўнічай думкі.

Графічныя матэрыялы таго генплана не выяўленыя, але мы маем дакладныя звесткі пра гэты першы прыклад рэгулявання планіроўкі горада ў Беларусі, і самае цудоўнае — ведаем яго аўтара. 

Чытайце таксама:

«Ну ты ж гісторык, распавядзі нам, што будзе далей». Як беларускія гісторыкі ператварылі піва ў каву

Замкі, дарогі, Лівонская вайна. Дзякуючы чаму ВКЛ перамагло, а Масковія прайграла тады?

Замена -віч на -скі ў прозвішчы як праява «шляхецкага бляску»

Гісторык правёў прамую лінію на карце паміж Рыгай і Наваградкам і выявіў містычнае

Клас
27
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1