Як сведчаць вынікі даследавання, праведзенага спецыялістамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, вызначальным фактарам пры выбары лекаў беларусамi з’яўляецца іх цана: 80,5% рэспандэнтаў адзначылі важнасць кошту лякарства. На другой рэйтынгавай пазіцыі аказалася краіна-вытворца лекавага сродку (69,8%).

Фірму-вытворцу ў якасці важнага крытэрыю назвалі 53,8% апытаных. Пры гэтым лекі імпартнай вытворчасці карыстаюцца ў насельніцтва большым даверам. Пры іншых роўных умовах 52,3% апытаных аддалі б перавагу імпартнаму прэпарату, 32,8% паведамілі, што выбралі б айчынны і 14,9% не змаглі адказаць на гэтае пытанне.

Свой выбар на карысць імпартнага лякарства рэспандэнты патлумачылі ўпэўненасцю ў іх большай эфектыўнасці і якасці, меншай колькасці пабочных эфектаў, адсутнасці падробак і лепшымі тэхналогіямі вытворчасці.
Прыхільнікі ж беларускіх лекаў спаслаліся на імкненне падтрымаць айчынных вытворцаў, больш нізкую цану і давер толькі да айчынных вытворцаў. Пры гэтым выявіўся шэраг цікавых тэндэнцый. Чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым часцей рэспандэнты схільныя рабіць выбар на карысць імпартнага лякарства. А вось чым старэйшыя рэспандэнты, тым часцей яны выбіраюць беларускія лекі.

Цiкава, што пры ўмове аднолькавай цаны імпартнае лякарства выберуць 60,2% рэспандэнтаў. І толькі пры ўмове істотнай розніцы ў цане айчынны прэпарат купяць 55,5% рэспандэнтаў. Пры адказе на пытанне: «Ці залежыць эфектыўнасць лекавага сродку ад яго цаны?» — аўдыторыя падзялілася амаль папалам: 46,1% рэспандэнтаў адказалі, што эфектыўнасць лякарства часцей за ўсё не залежыць ад яго цаны, а 41,1% лічаць, што чым даражэйшае лякарства, тым вышэйшая яго эфектыўнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?