Міністэрства аховы здароўя Беларусі пастановай нумар 15 зацвердзіла абноўлены пералік лекавых сродкаў, якія рэалізуюцца без рэцэпта.

Абноўлены пералік прадстаўлены 964 наменклатурнымі пазіцыямі, што адпавядае больш як 2 тыс. назваў лекаў. Прыкладна столькі ж было і ў папярэднім безрэцэптурным спісе. Усяго ў Беларусі на гэты момант зарэгістравана амаль 6 тыс. назваў. Сярод іх ёсць наркатычныя і псіхатропныя, прэпараты спіса А, якія маюць таксічнае дзеянне на арганізм, а таксама іншыя лякарствы, бескантрольнае прымяненне якіх выклікае значныя пабочныя рэакцыі, расказалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Што датычыць лякарстваў, што адпускаюцца ў аптэках без рэцэпта, то яны прызначаны для адказнага самастойнага лячэння і аказання першай медыцынскай дапамогі. "Калі пацыент прымяняе гэтыя сродкі ў тэрапеўтычных дозах, названых на ўпакоўцы і ў інструкцыі па прымяненню, то яны не выклікаюць рызыкі развіцця ўскладненняў, пабочных дзеянняў", - адзначылі ў прэс-службе міністэрства. Ёсць яшчэ шэраг умоў, пры выкананні якіх лякарствы пры рэгістрацыі залічваюць у безрэцэптурны пералік. Гэта адсутнасць патэнцыяльна небяспечных камбінацый з іншымі прэпаратамі, простая схема прыёму, наяўнасць дзіцячых дазіровак і многія іншыя.

Аднак абсалютна бясшкодных лякарстваў няма, таму пры выбары прэпарата з безрэцэптурнага пераліку трэба звярнуцца па кансультацыю да правізара. У аптэцы растлумачаць, пры якіх сімптомах можна прамяняць лякарствы, прызначаныя для самадапамогі і самапрафілактыкі, а пры якіх неабходна ісці да ўрача, падкрэслілі ў прэс-службе.

Як паведамлялася раней, з 1 ліпеня 2012 года Міністэрства аховы здароўя ўзмоцніць кантроль за выпісваннем рэцэптаў і водпускам лякарстваў з аптэк. Набываць прэпараты, якія ў пералік свабодных да продажу не ўваходзяць, з гэтага часу можна будзе толькі па рэцэпту доктара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?