Асуджаны на зняволенне экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні. Чаму ён гэта зрабіў, што яго вымусіла на такі крок? Сваімі думкамі дзеляцца жыхары Магілёва.

Двое маладых людзей: «Прасавалі яго, білі — гэта сто працэнтаў. Чалавек стаяў за свабоду — і прашэнне? Яны ж усе адмаўляліся, бо калі ён падпісвае прашэнне, ён адмаўляецца ад сваёй ідэі. Яго ж пасадзілі наогул ні за што, яго трэба вызваліць».

Мужчына: «Я думаю, што яму там стала невыносна. Пратрываў год і зразумеў, што гэта ўсё бессэнсоўна.

Спадзяваўся, што ўлады пойдуць на нейкае разумнае рашэнне пытання,
але ж прэзідэнт, мы ведаем, стаяў на пазіцыі, што вырашае не ён, а суд. Я думаю, што цяжка чалавеку было, жыццё ж нам даецца адзін раз».

Мужчына сталага веку: «Не ведаю. Адкуль я магу ведаць? А што, ён цяпер яшчэ ў турме? Ну, мне здаецца, ён яго памілуе».

Мужчына: «Значыць, прызнаў сваю віну. Калі б не напісаў тое, тады не прызнаў. Значыць, у нечым вінаваты».

Карэспандэнт: «Ці дапускаеце вы, што на яго маглі ціснуць у турме?»

Мужчына: «Не, наўрад ці. Гэта ж не просты крымінальнік, гэта ўсё ж палітычнае пытанне».

Мужчына: «Напэўна, яго там моцна заціснулі.

Стварылі такія ўмовы існавання, што ў яго не было іншага выйсця.
Па-людску яго зразумець можна, бо яму там, відаць, зусім невыносна стала».

Малады чалавек:

«Калі ніхто не бачыў прашэння, то не факт, што яно ёсць.
А вось калі яго нехта пабачыць, то можна будзе разважаць, а пакуль гэта толькі чуткі».

Мужчына: «Мой спадзеў у палітыцы — гэта на Бога. Справядлівасць прыходзіць ад Бога, яе не заўжды можна атрымаць ад людзей».

Юнак: «Магчыма, ён спрабуе нейкім чынам аднавіць і паспрабаваць працягнуць далей сваю дзейнасць».

Мужчына: «Цяжка ў турме, тым больш ён чалавек адукаваны, зразумела, хоча пажыць нармальным жыццём. Я мяркую, што ён пашкадаваў, што вылучаўся кандыдатам».

Мужчына: «Я на гэты конт не хачу разважаць.

Праўды мы пакуль не ведаем.
З боку прэзідэнта можа быць праўда, а можа быць праўда з іншага боку. Што да націску, то, мяркую, яго не было. Колькі я ні сачу за нашымі палітыкамі, то ў мяне такое адчуванне складаецца, што яны з`яўляюцца перад выбарамі».

Мужчына:

«Трэба сябе паставіць на яго месца. Адразу так гаварыць нельга, што з ім адбывалася за зачыненымі дзвярыма.
Разважаць і проста адсябяціну несці — гэта не справа. Трэба мець факты».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?