3 студзеня Аляксандр Лукашэнка сваім указам № 2 прызначыў дзяржканцэрн «Беллеспаперапрам» кіроўнай кампаніяй холдынга «Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“». Такім чынам створаны прэцэдэнт: кіраваць прыватнай структурай будзе дзяржава, у якой у гэтай структуры няма ніводнай акцыі.
10 студзеня дэ-факта быў зняты з пасады генеральны дырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч і была разагнаная назіральная рада.

— Як бы вы ахарактарызавалі сітуацыю, якая склалася ў Пінску?

— Я б сказаў, што гэта незвычайная і надзвычайная сітуацыя. На маёй памяці ў Беларусі такіх прэцэдэнтаў не было, ды і ў блізкім і далёкім замежжы такое наўрад ці было таксама. Не варта забываць пра тое, што першапрычынай выдання гэтага ўказа стала трагедыя, якая адбылася на адным з заводаў. І я б хацеў падкрэсліць, што менавіта на адным з заводаў, бо, калі мы гаворым пра холдынгавую кампанію «Пінскдрэў» і атаясамліваем яе з тым заводам, дзе здарылася трагедыя, гэта няправільна.

Выбух адбыўся на сумесным прадпрыемстве па вытворчасці драўняна-стружкавых пліт. Чаму гэтая трагедыя стала падставай для разгляду становішча справаў па холдынгу ў цэлым, я не разумею.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Пінскдрэў ДСП» з’яўляецца юрыдычнай асобай, у якой ёсць сваё кіраўніцтва і служба, якая адказвае за тэхніку бяспекі. І калі б рашэнне было прынятае ў дачыненні да гэтай юрыдычнай асобы, гэта яшчэ можна было б неяк зразумець і растлумачыць неабходнасцю перадухілення падобных выпадкаў у далейшым. Але рашэнне было прынятае ў дачыненні да ўсёй холдынгавай кампаніі, у склад якой уваходзіць 33 структурных адзінкі, а 11 з іх знаходзяцца на самастойным балансе. Усяго там чатыры прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі. З гэтай прычыны мне вельмі цяжка каментаваць гэтую сітуацыю і вельмі складана знайсці абгрунтаванне.

— Як складваліся адносіны холдынгу з канцэрнам «Беллеспаперапрам», з дзяржавай, да таго, як адбылася трагедыя, у выніку якой загінула 14 чалавек?

— Я не з’яўляюся акцыянерам, я быў абраны ў склад наглядальнага камітэта ў адпаведнасці з пагадненнем паміж «Пінскдрэвам» і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця па крэдыце як незалежны эксперт з мэтай забяспечання стандартаў карпаратыўнага кіравання, прынятых у Еўропе. Да гэтага моманту я не ўваходзіў у склад назіральнай рады. Магу сказаць, што гэтыя адносіны нічым не вылучаліся. Таксама я магу адзначыць, што «Пінскдрэў» не меў ніводнай дзяржаўнай акцыі і ўваходзіў у склад канцэрна на добраахвотнай аснове. Відавочна, матывы тут былі ў існай у Беларусі сістэме размеркавання лясных рэсурсаў, калі прадпрыемствам канцэрна «Беллеспаперапрам» вылучаліся асобныя лесасекі і іншыя рэсурсы. Усе астатнія прадпрыемствы, якія не ўваходзяць у канцэрн, былі вымушаныя купляць рэсурсы праз таварную біржу, што абыходзілася значна даражэй.

Прадпрыемствы канцэрна пастаўленыя ў прывілеяванае становішча і таму могуць забяспечвацца сыравіннымі рэсурсамі з чорнага ходу. І я лічу, што менавіта з гэтай прычыны прыватнае прадпрыемства «Пінскдрэў» добраахвотна ўваходзіла ў склад канцэрна, плацячы пры гэтым досыць вялікія грошы за сваё знаходжанне ў канцэрне.

— Ці былі яшчэ нейкія прывілеі?

— Прадпрыемствы з дзяржаўнай доляй уласнасці разлічваюць і атрымліваюць пэўныя датацыі з дзяржаўнага бюджэту. Прынамсі, у апошнія гады гэта было масіраванай падтрымкай дзяржпрадпрыемстваў. «Пінскдрэў» працаваў паспяхова і нейкіх датацый і субсідый з боку дзяржавы як не меў, так і не мае.

— Як будаваліся ўзаемаадносіны кіраўніцтва холдынгу і ўладаў пасля таго, што здарылася? Хтосьці ж мусіў несці адказнасць за гібель людзей.

— Безумоўна, мусілі і ўжо панеслі адказнасць. У самім холдынгу была створаная адпаведная камісія, якая высветліла прычыны гэтага здарэння. Таксама быў прыняты загад па холдынгу аб прыцягненні да адказнасці пэўных асобаў. Але варта адзначыць, што да сённяшняга дня пакуль няма канчатковага заключэння як камісіі рады бяспекі, якая там працавала двойчы, так і праваахоўных органаў, па прыцягненні да судовай адказнасці вінаватых. Але, тым не менш, не маючы заключэння ні камісіі камітэта бяспекі, ні адпаведных судовых органаў, тым не менш, было прынятае менавіта такое рашэнне ў цэлым па холдынгу.

— І першае, што было зроблена, — быў адпраўлены ў адстаўку генеральны дырэктар холдынгу і была распушчаная назіральная рада?

— Не толькі. Тут я разглядаю дзве праблемы. Першая праблема, безумоўна, — гэта ўказ прэзідэнта, які даў канцэрну «Беллеспаперапрам» надзвычайныя паўнамоцтвы і надзяліў яго гэтымі паўнамоцтвамі. Другая праблема заключаецца ў выкарыстанні гэтых паўнамоцтваў — наколькі ў адзін момант трэба было прымаць такія рашэнні, якія прыняў канцэрн сваім загадам ад 5 студзеня 2011 г. аб спыненні кантракту з генеральным дырэктарам і прызначэнні новага дырэктара, хоць гэта з’яўляецца кампетэнцыяй сходу акцыянераў. Ларан Арыніч у свой час таксама абіраўся на пасаду генеральнага дырэктара сходам акцыянераў. Гэтая ўмова прапісаная ў Статуце акцыянернага таварыства. Чаму спатрэбілася прызначаць новага генеральнага дырэктара, прычым тэрмінова, калі можна было ўскласці абавязкі на аднаго з намеснікаў ці, прынамсі, прызначыць выканальніка абавязкаў да моманту абрання ў адпаведнасці са Статутам новага генеральнага дырэктара?

Упершыню ў сусветнай практыцы былі спыненыя паўнамоцтвы назіральнай рады, што з’яўляецца проста нонсэнсам, які я нават не магу ні з чым параўнаць. Заўважу толькі, што назіральная рада таксама абіралася сходам акцыянераў.

— Так і застаецца незразумелым, чаму гэта было зроблена?

— Абсалютна незразумела. Я магу толькі выказаць здагадку, што канцэрн прапанаваў правесці пазачарговы сход акцыянераў. Згодна са статутам холдынгу, пазачарговы сход праводзіцца не пазней за 70 дзён з моманту аб’явы. Калі зыходзіць з таго, што Арыніч падаў заяву аб адстаўцы, то назіральная рада мусіла прызначыць пазачарговае паседжанне праз 70 дзён, прыкладна ў пачатку сакавіка. У гэтым жа месяцы мусіў быць і чарговы сход, на якім неабходна і даваць справаздачу, і выбіраць.

Як сябра назіральнай рады, я прапанаваў не праводзіць два сходы, а разгледзець усе пытанні на адным, чарговым сходзе. І іншыя сябры рады пагадзіліся з маёй прапановай. Але, відавочна, гэта паслужыла падставай для таго, каб назіральная рада не прыслухоўвалася да рэкамендацый канцэрна, і таму яна раптам зрабілася нязручнай. І, як мне здаецца, менавіта гэта і паслужыла падаплёкай.

— Сам па сабе ўказ ствараўся такім жа чынам, як і ў часы дзеяння «залатой акцыі». Па сутнасці, якраз яна і была ўведзеная. Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур прытрымліваецца іншага меркавання і лічыць, што ніякага пераразмеркавання ўласнасці не было і ніякая «залатая акцыя» ў Пінску не ўведзеная. Што вы можаце сказаць пра гэта?

— Фармальна «залатая акцыя» сапраўды не была ўведзеная, таму што з 2008 года яе няма ў нашым заканадаўстве. Але насамрэч адбылося нешта больш жудаснае, чым «залатая акцыя». Я працаваў у часы правядзення гэтай акцыі, якая ўжывалася ў тым ліку і на мінскім абутковым ААТ «Луч». У свой час там была ўведзеная «залатая акцыя». Прадстаўнік дзяржавы ўдзельнічаў у працы назіральнай рады і меў права блакаваць яе асобныя стратэгічныя рашэнні. Без яго згоды рада не магла прыняць канчатковага рашэння.

У дадзеным выпадку было ўведзенае аператыўнае кіраванне холдынгавай кампаніяй. Не стратэгічныя пытанні, не асобныя пытанні, а аператыўнае кіраванне. Што такое аператыўнае кіраванне? Гэта штодзённае жыццё. Гэта і гаспадарчая дзейнасць, але тут незразумела, хто будзе несці адказнасць за якія аператыўныя рашэнні, калі кіраванне будзе некваліфікаваным.

— Як гэта зрабіць тэхнічна? Якім чынам канцэрн можа ўвесці аператыўнае кіраванне ўсім холдынгам? Адкуль быў прызначаны новы генеральны дырэктар?

— Новы дырэктар быў прызначаны з боку Мінска, хоць калісьці ён працаваў і на самім «Пінскдрэве», а апошнім часам не працаваў, але быў звязаны з канцэрнам. Як яны яго знайшлі, я не ведаю, але ў загадзе быў прапісаны механізм узгаднення кожнага рашэння з канцэрнам. Больш у загадзе па гэтым пытанні нічога няма.

— На «Пінскдрэве» вы былі незалежным дырэктарам па прапанове Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, калі той даў холдынгу крэдыт у памеры 15 мільёнаў даляраў тэрмінам на пяць гадоў. Якая ў гэтай сітуацыі рэакцыя гэтага міжнароднага фінансавага інстытута?

— Тут я вас трохі падкарэктую — ЕБРР пагадзіўся з прапановай акцыянераў «Пінскдрэва». Банк патрабаваў толькі ўвядзення незалежнага сябра назіральнай рады, які меў бы адпаведную кваліфікацыю і адпавядаў бы іх патрабаванням. У сваю чаргу, «Пінскдрэў» прапанаваў маю кандыдатуру, і Банк пагадзіўся. Таму нельга сказаць, што яны мяне прызначылі, — яны пагадзіліся з маёй кандыдатурай.

На сённяшні дзень ЕБРР вывучае матэрыялы, і якой будзе рэакцыя — невядома. Але прынамсі я праінфармаваў прадстаўнікоў ЕБРР у Мінску аб тым, што дэ-факта, у адпаведнасці з загадам канцэрна, назіральная рада спыніла сваё існаванне, і цяпер я не магу прадстаўляць іх інтарэсы. Як ЕБРР адрэагуе на такое парушэнне, цяжка сказаць, бо гэтае пытанне яшчэ вырашаецца.

— Якая рэакцыя іншых беларускіх бізнэсоўцаў, якіх цалкам можа спасцігнуць такі ж лёс, як і «Пінскдрэў»?

— Іх рэакцыя мне невядомая. Але да мяне ўжо пачалі паступаць званкі ад падобных беларускіх акцыянерных таварыстваў. Напрыклад, учора быў званок з Германіі ад людзей, якія ўкладвалі свае капіталы ў «Пінскдрэў», якія ўсхваляваныя тым, што адбываецца, і перажываюць за свае грошы.

Так што званкі ёсць, занепакоенасць ёсць, хоць на сённяшні дзень тое, што адбываецца, яшчэ не атрымала належнай агалоскі і абмеркавання.

Са свайго боку, мы звярнуліся з лістом на імя прэм’ер-міністра і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта з адпаведнымі абгрунтаваннямі, бо шчыра лічым, што ўсё, што адбываецца, наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і яе іміджу. У цэлым гэта можа негатыўна паўплываць і на яе інвестыцыйны клімат, таму мы папрасілі Савет Міністраў адмяніць загад канцэрна і ўвайсці з хадайніцтвам да прэзідэнта Беларусі аб прыпыненні дзейнасці ўказа да разгляду гэтых пытанняў у акцыянерным грамадстве. Якой будзе рэакцыя, я пакуль не магу сказаць, бо з моманту адпраўкі прайшлі толькі суткі.

— Як былыя сябры назіральнай рады і акцыянеры могуць адрэагаваць у гэтай сітуацыі?

— Не ведаю, як яны могуць адрэагаваць, але ведаю, што быў падрыхтаваны і накіраваны зварот у суд. Гэта было свайго кшталту рэакцыяй назіральнай рады, але разгляду ў Гаспадарчым судзе пакуль яшчэ не было.

— Які разумны выхад з сітуацыі, якая склалася, вы бачыце для акцыянераў і наколькі іх датычыць усё тое, што цяпер адбываецца?

— Па сутнасці, гэта датычыць усіх акцыянераў «Пінскдрэва», але ў гэтай сітуацыі яны зусім бяспраўныя. А выхад я бачу толькі ў скасаванні загаду і дэталёвым разглядзе ў адпаведнасці з заканадаўствам. Калі дзяржава бачыць неабходнасць нацыяналізацыі, значыць, у адпаведнасці з заканадаўствам, яна павінная прыняць такое рашэнне. Аднак нацыяналізацыя ажыццяўляецца з кампенсацыяй страт, што тут не было зроблена. Таму будзе правільней сказаць, што гэта і не нацыяналізацыя, не канфіскацыя, а рэйдарства, захоп улады і ўсё.

Адной з падставаў такога захопу бачыцца пошук ахвярнага казла і вінаватага ў смерці 14 чалавек. Прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што да таго, як адбылося надзвычайнае здарэнне, холдынг быў самым закрытым прадпрыемствам, на тэрыторыю якога не пускалі ні МНС, ні пажарнікаў, ні якія-небудзь іншыя кантралявальныя органы.

Я не прысутнічаў там пастаянна, таму нічога і не ведаю, але хутчэй гэта ўсё надуманае, бо тых жа праверак МНС там было больш чым дастаткова і там ніколі не было ніякага закрытага таварыства. Так, гэта закрытае акцыянернае таварыства, але яно не закрытае ад уладаў — там бывалі і губернатар, і мясцовыя ўлады, і ўрад, а прадстаўнікі канцэрна — ледзь не штодня. І хто ім забараняў? Іх хіба не прапускалі праз прахадную? Не разумею, хто такое мог заявіць.

— Таксама было заўважана, што такія ўзгаранні адбываліся там не аднойчы, і аб ліквідацыі парушэнняў МНС паведамляла не адзін раз, але яны не былі выкананыя…

— Пра гэта нічога сказаць не магу, бо асабіста да мяне такія звесткі не даходзілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?