Афіцыйны Мінск спрабуе навязаць Еўрасаюзу гульню па сваіх правілах. І, як ні парадаксальна, гэта можа атрымацца.

Падклаўшы еўрапейскім палітыкам, якія выступалі за дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам, свінню проста-такі касмічных памераў, беларускія ўлады прыдумалі арыгінальнае тлумачэнне, чаму іх нельга ганіць за дробныя забавы накшталт масавых арыштаў і ператрусаў. Паводле афіцыйнай версіі, паведамлянай неафіцыйна на вушка заходнікам, беспарадкі ў Мінску арганізавала «кіпцюрастая лапа Масквы», якая (Масква, а не лапа) спіць і бачыць, як бы ямчэй адарваць сінявокую Беларусь ад Еўропы.

Гэтае тлумачэнне асабліва гарманічна выглядае ў адным шэрагу з пагрозай:

калі Захад не палюбіць нас чорненькімі, то мы будзем у адплату ўмацоўваць сяброўства з гэтай самай Масквой, чыя кіпцюрастая лапа… ну, далей вы ўжо ведаеце.

На гэтую няхітрую прынаду вядзецца дастатковая колькасць народу. «Эканамічныя санкцыі Еўропы могуць штурхнуць Беларусь у абдымкі Расіі», — б’е трывогу палітолаг Андрэй Фёдараў. Гэтыя асцярогі падзяляе шэраг палітыкаў з краін ЕС, сумежных з Беларуссю. Вось зараз Лукашэнка як пакрыўдзіцца ды як развернецца да Расіі перадам, да Еўрасаюза задам…

Усё гэта люстрана нагадвае «мыльную оперу», якая цягам дзесяцігоддзя разыгрывалася ў беларуска-расійскіх адносінах.

Як толькі Крэмль прымаў рашэнне, якое не задавальняла Лукашэнку, апошні ўмомант пераходзіў да пагрозаў у духу «злыя вы, сыду я ад вас на Захад».
І Масква, сціснуўшы зубы, плаціла «малодшаму брату» даніну ў памеры некалькіх мільярдаў даляраў у год — толькі б ён нікуды не хадзіў.

З цягам часу, аднак, аргумент патрапаўся і перастаў рабіць на расійскае кіраўніцтва належнае ўражанне. Пераканаўшыся, што сыход Лукашэнкі — гэта звычайны блеф, Крэмль пачаў ласкава шчаміць кіраўніка Беларусі да сценачкі, нагадваючы пра шматлікія нявыкананыя абавязальніцтвы.

Карацей, годзе ў 2008-м стала ясна, што прасторы для так любімых Аляксандрам Лукашэнкам манеўраў не застаецца. Але да таго часу Захад, ладна стомлены «беларускай праблемай», саспеў для флірту з афіцыйным Мінскам. Вынікам узаемных падміргванняў стала карціна, цалкам няўяўная яшчэ ў сярэдзіне нулявых: у той момант, калі Масква скараціла Лукашэнку нафтагазавую пайку, Міжнародны валютны фонд з ухвалой асноўных гульцоў ратаваў беларускую «стабільнасць» мільярднымі крэдытамі.

Пры гэтым Захад зусім не прымаў у разлік папярэдні досвед адносін паміж Расіяй і Лукашэнкам. А варта было б.
Тады не давялося б жывіць ілюзіі, вартыя хіба што бязвусых юнакоў, але ніяк не мацёрых дыпламатаў (памятаецца, у лістападзе міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заяўляў, што злавіў Аляксандра Лукашэнку на слове — той пакляўся, што правядзе сумленныя выбары).

Цяпер Мінск спрабуе разыграць перад Брусэлем сцэнку «Злыя вы, сыду я ад вас у Расію». Але на практыцы гэта цалкам нерэальны сцэнар. З адной простай прычыны: Лукашэнка зусім не хоча застацца сам-насам з Масквой, якая неадкладна згадае яму ўсё. І нявыкананыя абяцанні, і «бязмозглую палітыку», і многае іншае.

Не можа ён нікуды сысці. Не паверыць ніякім гарантыям — ні Захаду, ні Усходу. Занадта шмат сам раздаў у свой час гарантый — ведае ім цану.

Адзінае, што застаецца Лукашэнку, — гэта лавіраваць паміж Еўрасаюзам і Расіяй, гуляючы на супярэчнасцях паміж імі і пагражаючы далучыцца да іншага боку. Калі не паддавацца на гэтую няхітрую гульню, дамагчыся вызвалення палітвязняў можна значна хутчэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?