Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Ждановіцкага аддзела міліцыі Мінскага РУУС затрымалі дваіх жыхароў Валожынскага раёна за серыю крадзяжоў з катэджаў.

Паводле слоў прэс-афіцэра Мінскага РУУС Наталлі Свідуновіч, на працягу верасня мужчыны 1977 і 1983 гадоў нараджэння, беспрацоўныя, раней судзімыя, здзейснілі пяць крадзяжоў з катэджаў, размешчаных у пасёлках Ратамка і Хацежына, вёсцы Юхнаўка Мінскага раёна. Зламыснікі дасканала рыхтаваліся да злачынных дзеянняў: днём адсочвалі прывабныя дамкі, выбіралі тыя, што без ахоўнай сігналізацыі, а ноччу прыязджалі «на справу».

Выломлівалі замкі і выносілі ўсё, што трапляла пад руку — ад будаўнічых інструментаў да бытавой тэхнікі, аўдыя- і відэаапаратуры.

Прыкладны кошт скрадзенага — звыш 10 мільёнаў рублёў. Чужое дабро збывалася на рынку ў Ждановічах. Як высветлілася, зладзеі раней падзараблялі на будаўніцтве катэджаў у згаданых пасёлках. У дачыненні да затрыманых заведзеная крымінальная справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?