За час рэалізацыі дэкрэта прэзідэнта ад 24 лістапада 2006 года № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у непаспяховых сем’ях» у Беларусі колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў,

скарацілася на 2 тысячы.

Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 13 кастрычніка ў Мінску начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай працы Нацыянальнага інстытута адукацыі Наталля Катовіч.

Паводле яе слоў,

на пачатак гэтага года ў Беларусі налічвалася 4,5 тыс. дзяцей-сірот і 21,4 тыс. дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Пры гэтым у сем’ях апекуноў, прыёмных бацькоў, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках выхоўваліся 18,85 тыс. дзяцей. У інтэрнатных установах знаходзяцца прыкладна 7,3 тыс. дзяцей: 6,97 тыс. — у 57 інтэрнатах Мінадукацыі, 617 дзяцей — у 10 дамах дзіцяці Міністэрства аховы здароўя, 619 чалавек — у дзевяці дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў Мінпрацы і сацабароны.

Як паведаміла Катовіч, міністрам адукацыі па даручэнні ўрада былі зацверджаны графікі аптымізацыі сеткі інтэрнатных устаноў на 2009–2015 гады, якія былі ўзгодненыя з Мінгарвыканкамам і аблвыканкамамі. За два з паловай года рэалізацыі гэтага пратакола колькасць такіх устаноў скарацілася з 71 да 57.

Паводле яе слоў, за 2008–2010 гады на выхаванне ў сям’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і дзіцячыя вёскі былі ўладкаваныя больш як 10 тыс. дзяцей-сірот. У 2008 годзе грамадзяне Беларусі ўсынавілі 536 дзяцей, у 2009 годзе — 585, што адпаведна на 38 і 42% больш, чым у 2006 годзе. Грамадзяне Італіі ў 2008 годзе ўсынавілі пяць беларускіх дзяцей, у 2009-м — 26, у 2010-м — 39.

Спецыяліст дадала, што ў межах прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі», рэалізацыя якой завяршаецца сёлета, прадугледжана штогадовае будаўніцтва ў кожнай вобласці за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў двух дамоў, а ў Мінску — дзвюх кватэр для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, якія прынялі на выхаванне ад 5 да 10 дзяцей-сірот. Колькасць такіх дамоў павялічылася з 57 у 2005-м да 146 у 2010 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?