Да такой высновы прыйшла Таццяна Астроўская ў сваім даследаванні «Генеалогія гістарычнай памяці беларусаў у кантэксце адукацыйных практык».

Таццяна Астроўская.

Таццяна Астроўская.

Прэзентацыя заключнай праца стыпендыянта Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў адбылася ў Мінску.

Як гісторыя робіцца непрадказальнай у нашых падручніках?

Таццяна Астроўская разгледзела падручнікі па гісторыі Беларусі для 5-11 класаў, выдадзеныя ў 1993-2009 гадах. І ўвяла сваю перыядызацыю: І — 1993-1995, ІІ — 1996-2001, ІІІ — 2002-2009.

Даследаванне спадарыня Астроўская праводзіла па трох аспектах. Яна вылучыла падзеі і фігуры, агульныя для ўсіх падручнікаў, а таксама звяртала ўвагу на пошукі і ўсведамленне ідэнтыфікацыі сябе і іншага. Вынікі працы не сталі ашаламляльнымі, але чарговы раз пацвердзілі вядомую ісціну — хто плаціць, той і музыку замаўляе.

Гісторыя ў школьных падручніках залежыць ад сацыяльна-палітычных умоў, у якіх іх пішуць.

Сярод агульных падзеяў ёсць тыя, што аднолькава інтэрпрэтуюцца ва ўсе перыяды, але прысутнічаюць і тыя, што дыяметральна супрацьлеглыя ў ацэнцы. Так, Другая сусветная-Вялікая Айчынная вайна апісваецца амаль аднолькава ва ўсе часы.

А ў першых падручніках незалежнай Беларусі (1993) назіраецца нават перапісванне кавалкаў тэксту аб вайне з савецкіх кніжак.

Але радыкальна адрозніваюцца ацэнкі існавання Полацкага княства, уваходжанне ў склад Расійскай імперыі, паўстанне Каліноўскага, стварэнне БНР…

Тое адбывалася і з гістарычнымі асобамі. Францыск Скарына быў «зручнай фігурай» ва ўсе часы, але зусім па-іншаму трактавалі дзейнасць Кастуся Каліноўскага. Калі ў першым перыядзе — гэта нацыянальны герой, то ў 1996-2001 ён фактычна выключаецца з гістарычнага кантэксту. А ў пазнейшыя часы Каліноўскага прадстаўляюць як «безрассудного юношу», які безвынікова скончыў жыццё.

Таццяна Астроўская акцэнтуе ўвагу на тым, што гісторыя ХХ стагоддзя пасля 1995 паўстае без героя з вялікай літары. Нават асобе Пятра Машэрава ў падручніках адводзіцца зусім мала тэксту. У чым прычына?

Выкінуць значных фігур з кантэксту гісторыі, каб не ствараць канкурэнцыі для правячай асобы.

Тлумачыць даследчыца.

Да апошніх гадоў у падручніках па айчыннай гісторыі не было адказу на пытанне «Хто такі беларус?» Ва ўсе перыяды апісваліся этнічныя працэсы, але толькі ў трэцім перыядзе пачалося мэтанакіраванае фарміраванне ўяўленняў аб сабе.

Пасля распаду Савецкага Саюза адбывалася замена трагічнага мінулага гераічным, адбылася спроба канструявання новай ідэнтычнасці, арыентаванай на дэмакратычныя прынцыпы. Рэзюмуе Таццяна Астроўская.

Найбольш рэакцыйным стаў перыяд пасля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады.

Вялася русіфікацыя гісторыі, «развенчивание» нацыянальных міфаў.

Адметна, што пасля 2001 года ў падручнікі па гісторыі паступова пачалі вяртацца беларускія героі. Праўда, іх жыццё разглядаецца праз фільтр беларускай ідэалогіі. Падручнікі сталі больш простымі для ўспрымання. Акцэнт робіцца на тым, каб школьнік прыняў інфармацыю, якую яму прапануюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?