Расіі неабходна будаваць адносіны з Беларуссю, якія зайшлі ў тупік, на дзелавой аснове, заявіў 5 кастрычніка журналістам у Маскве віцэ-прэм`ер расійскага ўрада, міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын.

«Я згодны, што расійска-беларускія адносіны зайшлі ў тупік, я быў сярод тых людзей, якія сказалі пра гэта раней за ўсіх», — цытуе Кудрына РІА Новости. Разам з тым, лічыць віцэ-прэм`ер, расійскае кіраўніцтва павінна «будаваць адносіны на дзелавой аснове».

Кудрын таксама падкрэсліў, што Расія павінна будаваць узаемаадносіны з Беларуссю ў рамках выпрацаваных прынцыпаў і міжнародных адносінаў.

Міністр фінансаў нагадаў, што цяпер плануецца чарговае пасяджэнне савета міністраў Саюзнай дзяржавы.

«Савет міністраў будзе шукаць узаемапрымальныя рашэнні… Мы працягнем работу», — сказаў ён.

Нагадаем, 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Наталля Цімакова заявіла журналістам, што «ў апошні час адносіны з беларускім кіраўніцтвам, відавочна, зайшлі ў тупік». Паводле яе слоў, «з улікам тых каментарыяў, якія даў прэзідэнт Беларусі, гэтыя адносіны не будуць ранейшымі».

1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў Аляксандр Лукашэнка расцаніў свае адносіны з Дзмітрыем Мядзведзевым і прэм`ер-міністрам Расіі Уладзімірам Пуціным як «кепскія, калі не сказаць горш». Ён усклаў адказнасць за «ўсё, што цяпер адбываецца вакол Беларусі», на «кучку высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў». «Калі будзе воля расійскай дзяржавы, расійскай эліты, то на працягу трох месяцаў, максімум паўгода, мы не проста выбудуем адносіны, не проста вернемся на той узровень адносінаў, які існаваў, але і значна яго перасягнем», — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу, Дзмітрый Мядзведзеў у відэаблогу рэзка раскрытыкаваў беларускае кіраўніцтва. «У апошні час, — заявіў ён, — кіраўніцтва Беларусі прыняло на ўзбраенне антырасійскую рыторыку. Перадвыбарная кампанія там цалкам і поўнасцю пабудаваная на антырасійскіх сюжэтах. Прэзідэнт Лукашэнка ў сваіх выказваннях выходзіць далёка за рамкі не толькі дыпламатычных правілаў, але і элементарных чалавечых правіл прыстойнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?