Адзін з рэдкіх здымкаў, на якім ёсць славутая піяністка. Сняданак у А. Чумінай у гонар Маскоўскага Мастацкага Тэатра. Ізабэла Вянгерава — крайняя справа, сядзіць за сталом.

Адзін з рэдкіх здымкаў, на якім ёсць славутая піяністка. Сняданак у А. Чумінай у гонар Маскоўскага Мастацкага Тэатра. Ізабэла Вянгерава — крайняя справа, сядзіць за сталом.

Беларуская замля настолькі шчодрая на таленты, што часам мы забываем выдатных людзей краіны, якіх з удзячнасцю помніць свет. Яскравы прыклад — сям’я Вянгеравых, што жыла ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Мінску.

Народжаныя ў імперыі, гэтыя высокаадукаваныя людзі служылі расійскай культуры, якая дамінавала. Можна толькі ўявіць, якую неацэнную карысць прынеслі б культуры нацыянальнай. Калі б іншы час.

Бацька, Апанас Вянгераў, быў бізнесоўцам і грамадскім дзеячам, дырэктарам Мінскага камерцыйнага банка. Яго жонка Паўліна Вянгерава, дачка габрэйскага філосафа Ягуды Эпштэйна, — пісьменніца, аўтар кнігі «Успаміны бабулі», якая і сёння з’яўляецца настольнай для тых, хто вывучае культуру беларускага мястэчка.

Іх старэйшы сын Сямён Вянгераў (1855, Мінск — 1920, Петраград) — літаратуразнаўца і энцыклапедыст, прафесар Санкт‑Пецярбургскага ўніверсітэта. Ён быў рэдактарам літаратурнага аддзела слоўніка Бракгаўза і Эфрона, выдаўцом першай у Расіі «Бібліятэкі вялікіх пісьменнікаў» і заснавальнікам Пушкінскага семінарыя, у якім выгадаваліся Ганна Ахматава, Мікалай Гумілёў і Восіп Мандэльштам.

Яго сястра Зінаіда Вянгерава (1867, Мінск — 1941, Нью‑Ёрк) падчас жыцця ў Санкт‑Пецярбургу праводзіла літаратурны салон, дзе збіраліся інтэлектуалы з кола гэтак званых богашукальнікаў. Таленавітая перакладчыца, яна пазнаёміла расійскамоўных чытачоў з творамі Гамсуна, Метэрлінка, Шоу, а англамоўных чытачоў — з раманамі Талстога.

Але найбольш праславілася малодшая з гэтай сям’і — піяністка і педагог Ізабэла Вянгерава (1877, Мінск — 1956, Нью‑Ёрк).

Перад тым як распачаць бліскучую сусветную кар’еру, яна вучылася ў Мінску, а потым ў Вене ў славутага фартэпіяннага педагога Тэадора Лешатыцкага. Каб трапіць у яго клас, трэба быў не толькі талент, але і моцны прафесійны фундамент, закладзены ў раннім дзяцінстве. А значыцца, сцверджанні пра тое, што ў дарэвалюцыйнай Беларусі не было музычнай адукацыі, — міф, створаны каланізатарамі.

Апрача канцэртнай дзейнасці, Ізабэла Вянгерава з 1907 года выкладала у Санкт‑Пецярбургскай кансерваторыі і хутка набыла надзвычайны педагагічны аўтарытэт. У 1920 годзе яна эмігравала ў ЗША, а ў 1924 годзе заняла пасаду прафесара ў новаствораным Інстытуце Кёртыса. Дзякуючы аўтарытэту мадам Вянгеравай або проста Мадам, як называлі яе ў ЗША,

гэтая ўстанова неўзабаве стала адной з найбольш славутых кансерваторый у свеце.

Педагагічная сістэма Вянгеравай знайшла адлюстраванне ў мностве кніг. З вучнямі Мадам была строгая да жорсткасці. Нават сталыя музыканты, трапіўшы ў яе клас, мусілі спачатку рабіць цяжкія і балючыя практыкаванні для рук і толькі потым пераходзілі да сапраўдных артыстычных задач.

Яе славуты вучань Леанард Бернстайн называў яе «The Beloved Tyranna» — улюбёная тыранша.

Не звыклыя да такога абыходжання амерыканцы не вытрымлівалі яе вечнай лаянкі і кідання крэсламі. Напрыклад, Ван Клайберн ад яе хутка ўцёк.

Затое таленавітыя юнакі з эмігранцкіх сем’яў пачуваліся ў яе класе як рыба ў вадзе. Многія з іх — Бернстайн, Барбер, Фос, Графман — сталі выдатнымі музыкантамі. Яны ведалі, што за перфекцыянізмам і нецярпімасцю Вянгеравай хавалася высакародная натура.

Падчас Вялікай дэпрэсіі яна на цэлы год адмовілася ад педагагічных заробкаў.

Ад канцэртнай дзейнасці яна адышла яшчэ пры канцы 1920‑х.

На жаль, мастацтва Вянгеравай як піяністкі не захавалася нават у грамзапісе. Яна не дазваляла сябе фатаграфаваць, не давала інтэрв’ю. Яе фота настолькі дорага каштуюць, што ў інтэрнэт‑крамах не публікуюць вокладкі кніг з яе выявай. Адзіны родны для яе чалавек — музыказнаўца і дырыжор Нікалас Сланімскі — памёр у 1995 годзе. Астатняй надзеяй здабыць звесткі пра Вянгераву застаюцца мінскія архівы. Калі, нарэшце, нехта туды дабярэцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?