Ілюстрацыйнае фота: stolicaonego.ru

Ілюстрацыйнае фота: stolicaonego.ru

У нямецкім горадзе Пархім (федэральная зямля Мекленбург-Пярэдняя Памеранія), затрымалі двух беларусаў паводле падазрэння ў крадзяжы з крамы. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет» са спасылкай на мясцовую паліцыю.

Інцыдэнт здарыўся ў суботу ў 11.45 у супермаркеце. Да аднаго з мужчын, які прайшоў зону кас і накіраваўся да выхаду, падышла супрацоўніца, бо ў яго моцна адтапырвалася камізэлька. 

Той адштурхнуў яе і рвануўся да дзвярэй, дзе збіў з ног пажылую пакупніцу. Супрацоўніца, аднак, здолела схапіць нашага земляка, але таму ўдалося вызваліцца і схавацца ў пагрузнай зоне гандлёвага аб'екта.

У рамках неадкладных пошукавых мерапрыемстваў неўзабаве выйшлі на аўтамабіль Honda Insight белага колеру з польскімі нумарамі, які мог быць звязаны са злачынствам.

Кіроўца паспрабаваў пазбегнуць праверкі патрулём, рухаючыся з хуткасцю больш за 100 км/г, але ўцёкі скончыліся на занадта вузкай для машыны сцежцы на суседнім садовым участку, дзе ён і быў злоўлены. Другі злачынец быў арыштаваны яшчэ ў супермаркеце.

Супрацоўнік і пакупніца атрымалі лёгкія траўмы ў выніку штуршка і падзення. У затрыманага знаходзіліся і іншыя меркавана скрадзеныя тавары на агульную суму каля 2 тысяч еўра — сотні рыбных кансерваў і ўпаковак кавы, пачкі шакаладу і вялікая колькасць шарыкавых дэзадарантаў. Іх канфіскавалі. Двое падазраваных пасля ўнясення закладу былі адпушчаныя. Зараз вядзецца разбіральніцтва.

Не выключана, што ахвярамі рабавання сталі і іншыя супермаркеты, у тым ліку за межамі раёна Людвігслуст-Пархім. Сведак, якія могуць даць якую-небудзь інфармацыю, просяць звярнуцца да праваахоўнікаў.

Клас
4
Панылы сорам
49
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
19