Гэта ўжо не першая спроба дзяржавы стварыць сетку лаяльных блогераў, прычым не толькі сярод школьнікаў, але і ў студэнцкім коле. Раней, напрыклад, гэтую тэму актыўна прасоўваў БРСМ.

У іх ёсць свая інтэрнэт-прэмія «IT Youth» (адна з нясціплых намінацый — «За папулярызацыю дзейнасці БРСМ»), а з нядаўніх часоў яшчэ і сумесны з Міністэрствам інфармацыі конкурс для маладых журналістаў і блогераў «Прэс-код».

Ствараць кадры для дзяржаўнай прапаганды, відаць, даверылі і раёнкам з цэнтрамі культурамі — «Наша Ніва» заўважыла, што амаль адначасова ў розных рэгіянальных СМІ пачала з’яўляцца інфармацыя пра ўласныя школы блогераў. Мы паглядзелі, які кантэнт там давяраюць здымаць моладзі.

У Докшыцах функцыянуе не проста школа блогераў, а цэлая Акадэмія. Адным з першых заданняў для іх стала ацаніць працу новага ціра на базе аграсядзібы «Маргавіца».

 

Задаліся блогеры пытаннем, хто хутчэй — яны ці супрацоўнікі МНС. Адказ не тое каб нечаканы: «Блогеры могуць імгненна ствараць кантэнт, а вось апранаюцца хутчэй ратавальнікі». 

Але без палітыкі не атрымалася: маладзёнаў падрадзілі запісваць агітацыйныя відэаапытанкі перад выбарамі.

У Горках з першым сезонам школы блогераў нешта не атрымалася — вынікаў асабліва не відаць, таму нядаўна яны запусцілі новы набор.

Абяцаюць падтрымку экспертаў і запрошаных журналістаў. У мінулым годзе сярод іх была, напрыклад, студэнтка журфака Настасся Гатоўчыкава, якая ў інтэрв’ю раёнцы дзялілася:

«Мару працаваць на тэлебачанні ў «Пуле Першага».

 

Год таму анансавалі кастынг у блогеры Бабруйска. «Мы зрабілі стаўку на пакаленне digital і альфа. Для іх школа журналістыкі — гэта ўчорашні дзень, а школа блогераў і кантэнт-мэйкераў — сучаснасць і адкрытыя магчымасці», — заахвочвалі супрацоўнікі бабруйская дзяржаўнай прэсы.

Галоўным вынікам працы школы стаў спецпраект «Беларусь памятае», прысвечаны Дню перамогі.

У Клімавічах школа блогераў называецца «Лідар». Тэматыка відэа — мясцовыя раённыя мерапрыемствы, выставы хатніх жывёл.

У Крупках маладзёнаў часта падключаюць да акцый памяці ахвяр вайны.

А вось гадаванцам газеты «Бярэзінская панарама» даверылі распавесці, як перапрацоўваецца малако на мясцовым прадпрыемстве «Здравушка-мілк».

На Гомельшчыне маштабы заахвочвання блогерства дасягнулі цэлых злётаў. Штогод у блогасферы ўзнагароджваюць маладзёнаў у некалькіх узроставых катэгорыях: 14-17 год і 18-24. Сярод апошніх пераможцаў, напрыклад моладзевая рэдакцыя «Светлагорскіх навін» пад назвай «New FISHки».

Карэспандэнты за свой творчы шлях паспелі шмат: наведвалі авечкаферму, збіралі ўраджай і праходзілі інструктаж па ратаванні людзей з вады.

 

Год таму ў Віцебску адкрылі цэлую медыялабараторыю. Часцей яна выкарыстоўваецца для правядзення майстар-класаў з іншымі блогерамі, папулярнымі па мерках Беларусі.

Ëсць у лабараторыі і свой тыкток, і пакуль самымі крэатыўнымі ролікамі там з’яўляюцца нейранавіны. Вядучы — штучны інтэлект Багдан Завіруха, якога мы ўжо бачылі ў прагнозе надвор'я на тэлеканале.

Тыктокаў з навінамі у акаўнце медыялабараторыі, праўда, пакуль усяго тры.

 

Медыяаналітык: «Незайздросны лёс чакае такія праекты»

Старэйшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі кажа, што спробы чыноўнікаў стварыць каманды сваіх блогераў нагадвае яму часы перабудовы СССР:

«Фармальным камсамольскім важакам у тых жа школах раптам зверху загадалі стаць нефармальнымі лідарамі. Але гэта так не працуе. Калі гаворка пра школы блогераў пры рэдакцыях дзяржаўных СМІ і БРСМ, то наўрад ці будзе рэалізавана тое, што заяўляецца. Бо каб гэтыя людзі думалі як блогеры, то яны б па-іншаму прасоўвалі свой кантэнт у сеціве. Але такім чынам можна знайсці маладых людзей з пэўнымі перакананнямі або кан'юнктуршчыкаў, якія сапраўды ўтвораць пул лаяльных блогераў.

Асобнае пытанне, ці здолеюць яны зрабіцца папулярнымі? Аўтарытарны рэжым ставіцца варожа да любой ініцыятывы знізу, нават лаяльнай. Таму, хутчэй за ўсё, такія праекты чакае незайздросны лёс», — лічыць аналітык.

У той жа час блогеры, якія крытыкавалі рэжым Лукашэнкі, ужо прайшлі праз турму ці адбываюць свой тэрмін за кратамі.

Чытайце таксама:

«Я быў ватнікам». Новы ТОК з Сяргеем Пятрухіным

Згубіліся ў беларускім ютубе? Вось ажно 17 каналаў — знойдзеце свой

Чым цяпер займаюцца блогеры-ябацькі, якія праславіліся ў 2020-м

Клас
1
Панылы сорам
12
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3