Дырэктар тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. Варшава, Польшча, 18 сакавіка 2024 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дырэктар тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. Варшава, Польшча, 18 сакавіка 2024 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

— Аляксей, нядоўга беларуская прапаганда піла шампанскае: існаванню «Белсата» пакуль хіба нічога не пагражае. Але ці нашмат скароціцца бюджэт тэлеканала?

— Бюджэт, калі браць пад увагу наш план на год, хаця, канешне, планы не абавязаныя былі здзейсніцца, значна зменшыцца — прыкладна на траціну. Ёсць пазіцыі, на якіх мы сапраўды можам ашчадзіць, а на некаторых, як тэхнічнае падтрыманне, заробкі, зэканоміць нельга. Нам давядзецца заняцца даволі радыкальнымі рэформамі, нейкія праекты зрабіць таннейшымі, а ад некаторых, на жаль, зусім адмовіцца.

— З боку Міністэрства замежных спраў Польшчы акурат прагучала жаданне зменаў на «Белсаце», магчыма, гэтая патрэба наспела і ў самой каманды. Што зменіцца і на чым вы будзеце ашчаджаць?

— Сапраўды, наш галоўны донар, Міністэрства замежных спраў, мае жаданне, каб, як я пачуў, сетка вяшчання «Белсату» стала больш прывабнай. Гэта сур’ёзная справа, якую мы пачалі абмяркоўваць у тым ліку з камандай.

Але і незалежна ад пажаданняў тых, хто нас фінансуе, «Белсат», я перакананы, патрабуе пераменаў.

Калі была беларуская рэвалюцыя, пачалася вайна, мы надавалі ўвагу перадусім жывому вяшчанню і было не да пераменаў. Беручы пад увагу, што сітуацыя ў пэўным сэнсе стабілізавалася і нам трэба ашчаджаць, я ўспрымаю крызісны момант як шанец разварушыць нашую сетку вяшчання.

Ад часткі праграмаў трэба адмовіцца, частку зрабіць больш свежымі, я маю намер прыцягнуць як мага больш творчых людзей, якія раней не маглі супрацоўнічаць з «Белсатам», таму што былі ў Беларусі, а зараз яны ў эміграцыі.

Шмат хто з іх меў дачыненне да тэлебачання і разумее, пра што ідзе гаворка. Бо не раз нам прапаноўвалі рэчы, абсалютна невыканальныя, давайце, маўляў, зробім The Voice of Belarus. Але ніхто нам не дасць ліцэнзію на спадарожнікавае вяшчанне такой праграмы, да таго ж як мы будзем вывозіць людзей для ўдзелу. Думаю, творчыя колы беларусаў будуць у стане запрапанаваць нам новыя ідэі і фарматы.

Журналісты Ігар Віняўскі ды Ірэна Кацяловіч запісваюць інтэрв’ю з дырэктарам тэлеканала «Белсат» Аляксеем Дзікавіцкім. Варшава, Польшча, 18 сакавіка 2024 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Журналісты Ігар Віняўскі ды Ірэна Кацяловіч запісваюць інтэрв’ю з дырэктарам тэлеканала «Белсат» Аляксеем Дзікавіцкім. Варшава, Польшча, 18 сакавіка 2024 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

— Калі мы кажам пра супрацоўнікаў «Белсата», часта гэта людзі, якія рызыкнулі калі не ўсім, то шмат чым дзеля таго, каб працягваць працу. Ці давядзецца, праходзячы праз гэтую зону турбулентнасці, кагосьці звольніць?

— Гэта будзе самы апошні крок. Калі ў нас не атрымаецца знайсці дадатковае фінансаванне, а ўсіх ашчаджэнняў, якімі мы зараз займаемся, будзе недастаткова, можа, да гэтага і дойдзе, але я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб гэтага не дапусціць.

Я лічу, самая вялікая каштоўнасць «Белсату» — гэта супрацоўнікі.

Тыя ж палякі, амерыканцы, людзі з іншых краін часта не разумеюць, што ў нас няма тэлевізійнага рынку. Калі нейкі, напрыклад, чэшскі тэлеканал звольніць 30 прафесіяналаў, дык яны пойдуць на працу ў іншае месца, а гэты канал атрымае больш фінансавання на наступны год, дасць абвестку і знойдзе новых супрацоўнікаў — у чым праблема?

Мы ж бярэм на працу пераважна людзей, якія не мелі дачынення да тэлебачання, працэс навучання такога супрацоўніка займае ад 3 да 6 месяцаў, і не абавязкова ён зможа выконваць свае абавязкі на адпаведным узроўні. Пры гэтым у нас вельмі прафесійныя інфармацыйная частка і людзі, што займаюцца праграмамі.

Акрамя гэтага «Белсат» заўсёды ставіў на прысутнасць на ўсіх магчымых платформах. Мы павінны быць падрыхтаваныя — калі ў Расіі забаранілі фэйсбук, ну дык нас можна глядзець на ютубе ці чытаць у тэлеграме. Калі, не дай Божа, а мы ведаем, што падрыхтоўка да гэтага вядзецца, у Беларусі забароняць ютуб — нас можна будзе глядзець у інстаграме, на фэйсбуку, праз спадарожнік. Усё патрабуе людзей і высілкаў, каб распаўсюджвацца паўсюль.

Таксама скарбам з’яўляецца шматмоўнасць нашых людзей. Мы робім тэлевізійныя праграмы прынамсі на чатырох мовах — перадусім па-беларуску, таксама па-расейску, крыху па-ўкраінску і для нашых партнёраў з TVP World па-ангельску. Не думаю, што шмат у якіх рэдакцыях на свеце людзі могуць так спакойна пераскокваць з мовы на мову, згубіць такі скарб проста недаравальна.

— «Белсат» хіба адзіны стала ўкладаецца ў беларускае незалежнае кіно, летась пад канец года нават прадставіў свой першы ігравы серыял «Працэсы». Ці пацерпіць праз скарачэнне бюджэту вытворчасць кіно, дакументальнага і ігравога?

— Некалькі гадоў таму, памятаю, з’явілася інфармацыя, што паводле паказніка, які адлюстроўвае, наколькі краіна абзнятая дакументальным кіно, Беларусь на адной з горшых пазіцыяў. Калі дзяржава дае грошы на дакументальнае кіно, мы ведаем, гэта альбо прапаганда, альбо яно не закранае важных, балючых, канфліктных момантаў.

Мы заўсёды лічылі патрэбным у гэта ўкладацца, калі была магчымасць здымаць на тэрыторыі Беларусі, рабілі, бывала, па 10 фільмаў у год. Цяпер, вядома, столькі дакументальнага кіно ў Беларусі мы не здымаем, але можна працягваць ва Украіне, у месцах, дзе шмат беларусаў — ёсць розныя тэмы. І мы пастараемся некаторыя сродкі ў сёлетнім бюджэце на дакументальнае кіно пакінуць.

Што тычыцца серыяла, гэта вялізны ўнёсак у скарбонку беларускага ігравога кіно. Спачатку ўва мне было крыху страху, падавалася, што паказаць тэрор, гора, масавае няшчасце ў Беларусі, каб гэта не было пераборам, гратэскам, будзе цяжка. Але творцы серыялу справіліся выдатна.

Я лічу, мы павінны рабіць штосьці, што застанецца, як калісьці зрабілі «Народны альбом. 20 год» у добрай якасці, зноў жа дарагі праект. Інфармацыя, бягучыя публіцыстычныя праграмы важныя, але праз некаторы час яны будуць цікавыя толькі даследчыкам, а кіно будуць глядзець.

Гэта дарагія рэчы, хаця мы адносна нядорага зрабілі чатыры серыі, і сёлета ў нас пакуль няма такіх грошай. Але я думаю, трэба максімальна торгаць донараў ці дзяржаўныя ўстановы, каб мець на гэта асобныя сродкі. Донары павінны добра прыгледзецца — мы паказалі, што гэта магчыма і магчыма вельмі якасна.

Дырэктар тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі на запісе інтэрв’ю ў студыі. Варшава, Польшча, 18 сакавіка 2024 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дырэктар тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі на запісе інтэрв’ю ў студыі. Варшава, Польшча, 18 сакавіка 2024 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

— Зараз заўважна скарачаецца падтрымка беларускіх незалежных медыя, у тым ліку і «Белсата». Тлумачэнні бываюць рознымі, то недастатковая колькасць гледачоў-чытачоў, то Беларусь быццам бы «страчаная». Як вам падаецца, якія ў гэтага сапраўдныя прычыны?

— Мы бачым, што Украіне недастаткова падтрымкі ад Захаду, і калі ўзважваць, даць сродкі на беларускія незалежныя медыя альбо на Украіну, вядома, першасныя патрэбы ва Украіны.

Але гэта не зусім дальнабачна, страціць Беларусь было б вялікай памылкай: з пункту гледжання еўрапейскай, і не толькі, геапалітыкі наша краіна мае вялізнае значэнне.

Мне таксама падаецца, што мы, беларусы за мяжой, мусім фармаваць пазітыўны вобраз Беларусі, а не толькі «дапамажыце, палітвязні, рэпрэсіі», пра што, вядома, трэба гаварыць увесь час. Я сам любое спатканне з замежнымі дыпламатамі ці кімсьці яшчэ пачынаю з палітвязняў, у тым ліку з нашых журналістаў, якія сядзяць у турме.

Але што па-за гэтым — па-за палітвязнямі, санкцыямі, рэпрэсіямі? Нам трэба прадставіць пазітыўны парадак дня: што Беларусь у выпадку пераменаў, якія будуць звязаныя з падзеннем перадусім крамлёўскага рэжыму, зможа хутка трансфармавацца ад дыктатуры да дэмакратыі, прыстасавацца да вымаганняў ЕС і нават быць лакаматывам ува ўсім рэгіёне.

Гэта краіна працавітых, дысцыплінаваных людзей, мае добрую інфраструктуру.

Зараз у Польшчы, Літве, Нямеччыне вялізная колькасць беларускіх эмігрантаў, і я ніколі не бачыў беларусаў, якія стаяць у чэргах па выплаты па беспрацоўі — паглядзіце, колькі аўтасэрвісаў, кавярняў, салонаў прыгажосці яны адкрылі. Гэта павінна пра штосьці казаць: нашыя людзі здольныя да працы ў зусім іншых, рынкавых, умовах.

Падсумоўваючы, нам трэба ствараць вобраз Беларусі, якая не толькі церпіць ад хунты, але і здольная да хуткіх перамен і да таго, каб хутка стаць саюзнікам і часткай дэмакратычнага свету.

Чытайце таксама:

Дырэктарка «Белсата»: Мяне звольнілі па дысцыплінарным артыкуле

«Няпраўда, што грошы на «Белсат» скарацілі ўдвая» — МЗС Польшчы

«Што значыць, што мне хопіць кіраваць?» Былая кіраўніца «Белсата» расказала, чаму яшчэ не гатовая пакінуць канал

Клас
23
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
4