Каноплі Конопля Hemp

Фота: Mr.Suchat Beathaisong / Vecteezy

На беларускія землі каноплі трапілі з Цэнтральнай Азіі дзякуючы скіфам прыкладна дзве с паловай тысячы гадоў таму. У рэгіёне Азоўскага мора і на Доне іх вырошчвалі яшчэ ў другім тысячагоддзі да нашай эры. Каля 4 тысячагоддзя да нашай эры ў Кітаі пачалося выкарыстанне гэтай расліны для вытворчасці розных тканін. А праз тысячу гадоў кветкі канапель сталі выкарыстоўвацца ў кітайскай медыцыне як самы распаўсюджаны сродак змагання з рэўматызмам, менструальнымі болямі, запаленнямі, падаграй і старэчай дэменцыяй.

Згадкі пра гэтую расліну былі знойдзены ў медыцынскіх трактатах Старажытнага Егіпта і Грэцыі. У Кітаі з яе пачалі вырабляць паперу, а ў Індыі — гатаваць спецыяльны напой у гонар бога Шывы, змешваючы малако з каноплямі, карыцай, кардамонам і куркумою.

Побач з гэтым яшчэ ў старажытнасці людзям быў вядомы адурманьваючы эфект канапель. Прадукты з псіхатропным дзеяннем, атрыманыя з гэтай расліны, уключаюць гашыш і марыхуану. У абодвух выпадках рэчывам, якое выклікае гэты эфект, з'яўляецца тэтрагідраканабінол (ТГК).

Для таго, каб разабрацца ў складаных адносінах чалавецтва з каноплямі, трэба ведаць, што гэта расліна мае тры асноўных віды: індыйскія, пасяўныя і дзікія. Менавіта першы і зʼяўляецца найбольш небяспечным з-за ўтрымання вялікай колькасці ТГК. Але небяспечнае рэчыва ў каноплях сінтэзуецца і накопліваецца толькі ў раслінах, што растуць на поўдзень ад 45 паралелі (У Расіі на гэтай паралелі знаходзяцца Краснадар і Стаўрапаль, ва Францыі — Бардо, ЗША — Нью-Ёрк).

На Блізкім Усходзе каноплі ў форме гашышу, які курылі і жавалі, набылі шырокую папулярнасць яшчэ ў Сярэднявеччы. Магчыма, гэта тлумачыцца забаронаю іслама ўжываць алкаголь. Менавіта ў ісламскіх краінах былі прыняты першыя законы аб забароне гэтага наркотыку.

У 1266 годзе кароль Егіпта аль-Захір Бабір забараніў вырошчванне канапель і ўжыванне гашышу. Але гэтая забарона мела малы эфект. Праз два дзясяткі гадоў, у 1279 годзе яго пераемнік паспрабаваў абкласці гашыш падаткам. З аднаго боку гэта папоўніла скарб, але і выклікала значны рост ужывання. У выніку забарона была адноўлена. У 1378 годзе забарона на ўжыванне гашышу была ўведзена ў Асманскай імперыі. А ў пачатку XIX стагоддзя ўжо Напалеону давялося забараніць сваім салдатам ужываць напоі з канапель і гашышу.

Каноплі Конопля Hemp

Збор канапель на беразе Рэйну. L'Illustration, Journal Universel, Paris, 1860. 

А што ў Беларусі?

На беларускіх землях здаўна вырошчваліся пасяўныя каноплі, які не ўтрымліваюць вялікай колькасці ТГК, але таксама аказваюць пэўнае галюцынагеннае ўздзеянне. У медыцынскіх трактатах, што выдаваліся ў Рэчы Паспалітай можна адшукаць шмат звестак пра лекавыя ўласцівасці канапель. Настоі з канапель і алей рэкамендавалі пры зубным ці галаўным болі, бяссонніцы, дыярэі, ліхаманцы, кашлі, зажыўленні ранаў, захворваннях скуры.

Прафесар Кракаўскага ўніверсітэта Шымон Сырэньскі першым у XVI стагоддзі апісаў галюцынагенныя ўласцівасці гэтай расліны. У сваёй працы ён прыводзіў гісторыі з палёў бітваў на Усходзе, дзе салдаты, каб надаць сабе адвагі, «робяць розныя алеі з кветак канопляў, адны для вясёлага сэрца і добрых думак […] іншыя для кахання».

Аўтары прац па сельскай гаспадарцы рэкамендавалі каноплі для пасеваў і вырабу алею. Да пачатку XIX стагоддзя расліна займала вядучыя пазіцыі ў экспарце. Каноплі шырока выкарыстоўвалі ў вытворчасці прадзільнай прадукцыі, з іх выраблялі канаты, парусіну, шпагат, паклю. Пазней гэта расліна саступіла месца ільну. Да таго ж, пачынаючы з 1832 года ў Еўропе зʼявілася больш таннае джутавае валакно, якое паспяхова канкуравала з каноплямі.

Але на ўнутраным рынку каноплі працягвалі займаць дастаткова значныя плошчы ў Магілёўскай (Чэрыкаўскі, Клімавіцкі, Быхаўскі ўезды) і Мінскай губерніях. У 1879 годзе ў Магілёўскай губерніі налічвалася 105 алейняў, якія на працягу года перапрацоўвалі 12,1 тысячу пудоў канаплянага насення.

Нягледзячы на шырокае выкарыстанне канапель на беларускіх землях, у XVIII—XIX стагоддзях не было людзей, залежных ад гашышу ці марыхуаны, як гэта назіралася ў краінах Блізкага і Дальняга Усходу, а пазней і Заходняй Еўропы. Напрыклад, у Парыжы існаваў клуб гашышыстаў («le Club des Haschischins»), у які ўвайшлі сярод іншых пісьменнікі Анарэ дэ Бальзак, Аляксандр Дзюма, Віктор Гюго, жывапісец Дэлякруа.

Каноплі былі адной з асноўных сельскагаспадарчых культур і ў пачатку XX стагоддзя. Так у 1922 годзе Аркадзь Смоліч пісаў, што на паўднёвым усходзе Беларусі канапель сеюць шмат, і што пянька тут мае такое ж значэнне, як на поўначы лён: прыносіць у гаспадарку «вольную капейку на абарот, падаткі, што купіць». Па звестках навукоўца, усходняя частка Беларусі вывозіла тады за свае межы каля аднаго мільёна пудоў пянькі.

Ад паўсюднага выкарыстання да забароны

У той час, як каноплі паспяхова вырошчваліся на беларускіх землях для прамысловых мэтаў, іншыя краіны працягвалі змаганне з наркатычнай прадукцыяй з іх. У 1868 годзе ў Егіпце ў чарговы раз афіцыйна было забаронена ўжыванне гашышу. У канцы XIX стагоддзя англійскі парламент стварыў камісію для разгляду шкоды гэтай расліны.

У 1937 годзе Кангрэс ЗША прыняў «Закон аб падатку на марыхуану», які забараніў немедыцынскае выкарыстанне канапель. У 1961 годзе 60 краін падпісалі Канвенцыю ААН аб наркатычных рэчывах, узяўшы абавязак ліквідаваць марыхуану да 1989 года. А ў 1971 годзе прэзідэнт Ніксан пачаў вайну з наркотыкамі, у тым ліку з марыхуанай.

Побач з гэтым працягвалася вырошчванне пасяўных канапель у краінах Еўропы. Не была выключэннем і Беларуская ССР. У 1965 годзе «Сельская газета» паведамляла, што ў калгас імя Беларускай вайсковай акругі Любанскага раёна па перадавы вопыт прыязджалі аграрыі Літвы. Госці даведаліся, што менавіта каноплі, пад якія адведзена 700 гектараў, даюць гаспадарцы найбольшы прыбытак.

Каноплі Конопля Hemp

«Пашырайце плошчы пасеву канапель на тарфяніках!». Звеннявая Антаніна Куратнік у 1953 годзе за вырошчванне канапель атрымала 15 400 рублёў грашыма і працаднямі. Мастак Леанід Замах прыязджаў у вёску, каб намаляваць Антанину з натуры. Фота: @Belhistory / X (Twitter)

Але ў наступныя дзесяцігоддзі пасевы пад каноплі скарачаліся. А ў 1987 годзе культываванне канапель на тэрыторыі СССР было забаронена спецыяльнай пастановай Савета Міністраў, а ў Крымінальным кодэксе зʼявіўся артыкул аб адказнасці за іх незаконны пасеў і вырошчванне.

Актуальная сітуацыя

Адной з першых краін у свеце, якая вырашыла поўнасцю легалізаваць марыхуану, была Канада. Гэта выклікала сапраўдны бум у вырошчванні і даследаванні гэтай расліны.

Цяпер Кітай надае асаблівую ўвагу прамысловаму патэнцыялу канапель, асабліва вытворчасці валакна і насення. Паспяхова пашырае пасевы канапель як крыніца сыравіны для вытворчасці лекаў і харчовых дабавак Чылі. У Расіі пасевы пад прамысловыя каноплі ў 2022 годзе дасягнулі 20 тысяч гектараў.

Цяпер медыцынскія каноплі легалізаваныя ў 50 краінах. А ў ЗША больш за палову жыхароў пражываюць у месцах, дзе законным зʼяўляецца ўжыванне марыхуаны ў рэкрэацыйных мэтах.

Чытайце яшчэ:

Мінчук вырошчваў каноплі ў дзіцячым пакоі

Курэнне марыхуаны павышае імавернасць развіцця шызафрэніі. Асабліва ўразлівыя хлопчыкі-падлеткі і юнакі

Як марыхуана звязаная з хірургіяй — што даведаліся дактары

Каровы, якіх кармілі каноплямі, давалі незвычайнае малако

У еўрапейскай краіне ўпершыню цалкам легалізуюць марыхуану

Клас
26
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?