Марыхуана Марихуана Marijuana

Ужыванне марыхуаны можа прывесці да псіхічных расстройстваў. Фота: vecteezy.com

Шызафрэнія — гэта складаная паталогія. Яна характарызуецца парушэннем мыслення, успрымання і паводзін. Шызафрэнія моцна адрозніваецца ад чалавека да чалавека. Яна можа праяўляцца рознымі сімптомамі, уключаючы галюцынацыі, варʼяцкія ідэі, парушэнне мовы і сацыяльную дэзадаптацыю. Людзі, якія хварэюць на шызафрэнію, могуць адчуваць парушэнне памяці, увагі і матывацыі, а таксама мець праблемы ў зносінах і функцыянаванні ў паўсядзённым жыцці. Хвароба закранае прыкладна 1% насельніцтва.

Новае даследаванне Службы псіхічнага здароўя Даніі і амерыканскага Нацыянальнага інстытута злоўжывання наркотыкамі, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Psychological Medicine, дэманструе, што празмернае ўжыванне наркатычных вырабаў з канапель павялічвае рызыку ўзнікнення шызафрэніі, асабліва ў юнакоў.

Вучоныя правялі агульнанацыянальнае кагортнае даследаванне на аснове рэестра, які ўключае ўсіх жыхароў Даніі ва ўзросце ад 16 да 49 гадоў за перыяд з 1972 па 2021 год. У выніку былі вывучаны звесткі аб звыш як 6,9 мільёна чалавек. З іх больш за 45 тысяч хварэлі на шызафрэнію.

На думку даследчыкаў, прадухіленне ўжывання марыхуаны магло б знізіць колькасць захворванняў на шызафрэнію на 4% сярод жанчын і на 15% сярод мужчын ва ўзросце ад 16 да 49 гадоў. Пры гэтым зніжэнне захворвання на 30% магло б адбыцца ва ўзроставай групе мужчын ад 21 да 30 гадоў.

Асаблівую заклапочанасць выклікае павелічэнне ўтрымання ТГК (тэтрагідраканабінолу) у тых прадуктах, што прысутнічаюць на рынку. Так, яго ўтрыманне з 13% у 2006 годзе ўзрасло да 30% у 2016 годзе.

Псіхіятр, прэзідэнт «Федэрацыі праблем залежнасцей» (Fédération Addiction) Жан-Мішэль Дэліль, якога цытуе французскае выданне Le Monde, адзначае:

«Дацкае даследаванне надзейнае, бо праведзена вельмі моцнай камандай. Яно паказвае, што маладыя мужчыны найбольш уразлівыя. Гэта пацвярджае іншыя даследаванні, якія прадэманстравалі вельмі моцную карэляцыю паміж ужываннем марыхуаны і наяўнасцю псіхічных расстройстваў».

Так, шведскае даследаванне 45 тысяч прызыўнікоў, апублікаванае ў The Lancet у 1987 годзе, паказала, што чым больш маладых людзей ужывалі марыхуану перад паступленнем у войска, тым большая была рызыка развіцця псіхічнага расстройства. 

Аналагічным чынам даследаванне, праведзенае ў Новай Зеландыі ў 2002 годзе, паказала, што асобы, якія пачалі ўжываць марыхуану ва ўзросце да 15 гадоў і працягвалі ўжыванне ў адносна вялікай колькасці, былі схільныя да значна большай рызыкі ўзнікнення псіхічных расстройстваў.

Яна павялічвалася ў тры разы для звычайных спажыўцоў і ў дзесяць разоў для тых, хто пачаў ужываць марыхуану ва ўзросце да 15 гадоў.

Le Monde цытуе дзіцячага псіхіятра і кіраўніка даследчай групы Нацыянальнага інстытута аховы здароўя і медыцынскіх даследаванняў Францыі (INSERM) Жана-Люка Марціна (Jean-Luc Martinot), які адзначае, што

«дацкае даследаванне паказвае, што для хлопчыкаў узрост ад 13 да 16 гадоў з'яўляецца найбольш уразлівым. Паспяванне мозгу ў хлопчыкаў адбываецца пазней, чым у дзяўчынак, з пункту гледжання структуры шэрага рэчыва і мікраструктуры белага рэчыва».

У падлеткавым узросце ланцугі прэфрантальнай кары, якая ўдзельнічае ў складаных кагнітыўных працэсах, мове, развагах, перажываюць сурʼёзныя змены, мозг надзвычай пластычны, і хуткасць яго развіцця значная.

Як вядома, TГК з марыхуаны ўздзейнічае на рэцэптары канабіноідаў, якія адыгрываюць важную ролю ў развіцці мозгу. Гэты актыўны кампанент аказвае ўздзеянне на зоны мозга, якія звязаныя з псіхіятрычнымі захворваннямі, асабліва ў зонах, дзе пластычнасць мозгу найбольш выражаная ў падлеткавым узросце.

Як адзначае Жан-Люк Марцін, марыхуана можа змяняць некаторыя важныя мазгавыя ланцугі, якія адказваюць за функцыі пазнання, мыслення і рэгуляцыю эмоцый. Гэта ўплывае на поспехі ў вучобе, адносіны з іншымі людзьмі і прыводзіць да трывожных расстройстваў.

Пры рэгулярным спажыванні марыхуана становіцца фактарам, які павялічвае ізаляцыю і адчужэнне ад навакольнага свету.

Le Monde цытуе іншага члена даследчай групы INSERM — псіхіятра Мары-Адыль Крэбс (Marie-Odile Krebs), якая адзначае:

«Марыхуана — адна з найбольш важных фактараў рызыкі развіцця шызафрэнічнага расстройства, іншымі фактарамі зʼяўляюцца генетычная або сямейная схільнасць, наяўнасць сімптомаў аслаблення».

Яна праводзіць паралель паміж залежнасцю курэння тытуню і захворваннем на рак лёгкіх.

Дзіцячы псіхіятр Жан-Люк Марцін настойвае на пашырэнні прафілактычных мер з улікам фізіялагічнага перыяду развіцця, асабліва ў хлопчыкаў-падлеткаў, і індывідуальных фактараў развіцця. На яго погляд, «універсальныя прафілактычныя паведамленні дрэнна працуюць».

Le Monde цытуе Жана-Мішэля Дэліля (Jean-Michel Delile), аўтара іншага даследавання, апублікаванага ў часопісе Psychotropes у 2022 годзе, які адзначае, што менавіта ўжыванне марыхуаны папярэднічае зʼяўленню псіхічных расстройстваў, а не наадварот. Па словах вучонага,

«у той час, як цяпер назіраецца рух да дэкрыміналізацыі марыхуаны, нельга недаацэньваць шкоду, звязаную з яе ўжываннем моладдзю, асабліва падлеткамі».

Чытайце яшчэ:

Як марыхуана звязаная з хірургіяй — што даведаліся дактары

У еўрапейскай краіне ўпершыню цалкам легалізуюць марыхуану

Навукоўцы: Марыхуана разбурае мозг

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?