Выява: vecteezy

Выява: vecteezy

У невялікай лабараторыі лонданскага шпіталя Guy’s and St Thomas’ hospital даследчыкі працуюць з «ахвяраваннямі» ў выглядзе свежых фекалій. Кожны ўзор узважваюць, правяраюць на патагенныя мікраарганізмы, фільтруюць, цэнтрыфугуюць і затым высушваюць, перш чым ператварыць у парашок, які потым у выглядзе капсул будуць прымаць пацыенты.

Навукоўцам даўно вядома, што кішачнік жывёл, у тым ліку чалавека, поўны бактэрый, вірусаў і іншых мікраарганізмаў. Але толькі нядаўна мы зразумелі, наколькі важныя ўсе гэтыя малюсенькія арганізмы. Мікрабіём — гэта не проста нашы пасажыры, а жыццёва важная частка здаровага цела. Удзельнікі мікрабіёму дапамагаюць расшчапляць ежу, вырабляць хімічныя рэчывы, якія рэгулююць арганізм, у якім яны і жывуць, а таксама душаць рост іншых шкодных для нас відаў бактэрый.

Адным з гэтых шкодных відаў бактэрый, для падаўлення якіх распрацоўваюцца капсулы, з’яўляецца Clostridium difficile — бактэрыя, якая на сёння выпрацавала ўстойлівасць да многіх антыбіётыкаў. Пяць капсул могуць пераадолець паўторную інфекцыю Clostridium difficile.

Ідэя працэсу, вядомага як «трансплантацыя фекальнай мікрабіёты» (ТФМ), палягае на тым, каб скапіяваць экасістэму кішачніка здаровага чалавека і ўзнавіць яе ў чалавека, чый мікрабіём не ў парадку.

І гэта працуе. ТФМ ужо з'яўляецца стандартным сродкам для лячэння інфекцый C. difficile у Брытаніі і зараз даследуецца ў якасці сродку супраць самых розных захворванняў: ад сіндрому раздражнёнага кішачніка да рассеянага склерозу. Але ТФМ — гэта толькі пачатак рэвалюцыі мікробнай медыцыны.

Даследчыкі мяркуюць, што замест сённяшняга адносна грубага падыходу да капіявання мікрабіёму цалкам будучыня ляжыць у наладжванні мікрабіёмаў для задавальнення патрэбаў канкрэтнага пацыента.

Акрамя «фу»-фактару — які, як кажуць даследчыкі, мае тэндэнцыю адразу ж знікаць, калі пацыентам паказваюць доказы таго, што метад працуе — ТФМ сутыкаецца з некалькімі праблемамі. Відавочна, сам ахвяраваны стул немагчыма стандартызаваць: ён розны ў розных донараў і розны ў розныя моманты ў аднаго і таго ж донара.

Таму гэты метад лячэння цяжка рэгуляваць паслядоўна. ЗША і Канада пакуль разглядаюць таблеткі ТФМ як доследныя лекі. У Італіі, Нідэрландах і Бельгіі ТФМ разглядаецца як перасадка тканак. Брытанія ж лічыць яе лекавым сродкам, што дазваляе брытанскім медыкам быць больш гнуткімі ў рэгуляванні.

Застаецца адкрытым пытанне, ці стане магчымым вылечваць хранічныя захворванні з дапамогай ТФМ. Некаторыя гастраэнтэролагі лічаць, што нават калі замяніць увесь мікрабіём, перавагі ад лячэння будуць часовымі, калі не вылекаваць асноўнай прычыны.

Выпрабаванні з бактэрыямі між тым ускладняюцца дэфіцытам саміх бактэрый, вырабленых у адпаведнасці з дастаткова высокімі стандартамі бяспекі. Таму навукоўцы распрацоўваюць таксама метады вытворчасці, якія адпавядалі б неабходным строгім правілам. У Чыкагскім універсітэце разрабляюць спецыяльную ўстаноўку, якая зможа вырабляць бактэрыі партыямі па 50 літраў і спадзяюцца, што атрымаюць сертыфікацыю да канца гэтага года. Калі гэта адбудзецца, то ўжо ў пачатку новага года навукоўцы спадзяюцца правесці клінічныя выпрабаванні маніпуляцыі з мікрабіёмамі пры захворваннях печані.

Прамысловасць таксама дэманструе зацікаўленасць. Некалькі біятэхналагічных фірмаў неўзабаве маюць распачаць выпрабаванні новых метадаў. У красавіку 2023 г. амерыканскае Упраўленне па кантролі за прадуктамі і лекамі (галоўны амерыканскі рэгулятар) ухваліла прадукт пад назвай SER-109 — тэрапеўтычны мікрабіём для выкарыстання супраць паўторных інфекцый C. difficile. Цяпер даследчыкі выпрабоўваюць новы прэпарат SER-155 для пацыентаў, якія перанеслі трансплантацыю крывятворных ствалавых клетак (гэта метад лячэння такіх захворванняў, як лейкемія, пры якім ствалавыя клеткі касцявога мозгу перасаджваюцца для ўмацавання імуннай сістэмы пацыента). Гэты працэс, пры якім пацыенту часта назначаюць высокія дозы антыбіётыкаў, можа сур'ёзна пашкодзіць мікрабіём, што ўскладняе барацьбу з небяспечнымі інфекцыямі. Першыя вынікі, па словах дактароў, выглядаюць шматспадзеўнымі, таму некаторыя ўжо называюць новыя прэпараты лекамі наступнага пакалення.

Чытайце таксама:

Як мільярды мікраарганізмаў у кішэчніку могуць умацаваць ваша псіхічнае здароўе

Ад супертрыперу нарэшце знайшоўся лек

У якім стане знаходзіцца медыцына праз амаль 30 год лукашэнкаўскага кіравання? Гэта толькі тое, што апублічылі

Гамеапатыю і іншыя метады нетрадыцыйнай медыцыны дагэтуль уключаюць у пералік платных паслуг у дзяржаўных клініках

Клас
22
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
3