Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Па словах пасажыраў, беларускамоўных абвестак у маладзечанскіх электрычках не чуваць з тыдзень. З прыёмнікаў у вагонах гучыць толькі руская мова.

«Спачатку думаў, што нешта зламалася, а потым машыніст сказаў, што так трэба. Нібы загадалі часова не ўключаць беларускай мовы», — расказаў жыхар райцэнтра, які рэгулярна ездзіць з Маладзечна ў прыгарадны пасёлак на дачу.

Знікненне беларускай мовы з цягнікоў на гэтым кірунку згадала і прарасійская актывістка Вольга Бондарава.

«О, цуд! У маладзечанскай электрычцы зрабілі аб'явы на рускай!» — натхнёна напісала яна ў сваім тэлеграм-канале.

У кіраўніцтве станцыі Маладзечна пасажырам не змаглі назваць прычыны знікнення з электрычак абвестак на беларускай мове. 

Супрацоўнік адміністрацыі параіў пазваніць у мінскае «Маторавагоннае дэпо», да якога прыпісаныя маладзечанскія электрычкі, і высветліць там, што здарылася з дынамікам.

Са слоў суразмоўцы, дынамік мог зламацца.

У дэпо пытанню здзівіліся і паабяцалі разабрацца.

У Мінскім аддзяленні чыгункі заявілі: калі беларуская мова і знікла, то «толькі часова».

«А так усе абвесткі гучаць на беларускай мове. Як было, так і засталося. Можа, сістэма зламалася. У дэпо адрамантуюць», — запэўніў супрацоўнік Мінскага аддзялення чыгункі.

У маладзечанскіх электрычках і дызелях абвесткі пачалі агучваць па-беларуску з 2016 года.

Згодна з распараджэннем намесніка начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Балахонава, памочнікі машыніста павінны абвяшчаць станцыі і дадатковую інфармацыю на беларускай мове.

Восем гадоў таму на станцыі Маладзечна было перакладзена каля 20 інфармацыйных тэкстаў. Акрамя іх, па-беларуску рабіліся некаторыя сезонныя абвесткі. Пазней іх сталі агучваць у запісаным выглядзе.

Як згадваюць пасажыры, да беларускай мовы яны прызвычаіліся дужа хутка. Калі яна знікала, то патрабавалі ад машыніста вярнуць яе ў вагоны.

Маладзечна адметны тым, што ў пачатку 1990-х гадоў тут адбылася найбуйнейшая ў Беларусі кампанія дэсаветызацыі гарадской тапанімікі. Савецкія назвы вуліц прыбіраліся з ініцыятывы старшыні гарвыканкама Генадзя Карпенкі.

Што да іншых рэгіёнаў Беларусі, то абвесткі па-беларуску ў электрычках і дызелях не адключалі. Праблем няма і з друкам квіткоў на беларускай мове. Праўда, каб мець такі квіток, трэба нагадаць касірцы, каб прабіла яго.

Глядзіце таксама:

«Нервы службовых асоб не гумовыя». Частка праўладных блогераў не ўхваляе пастаянныя даносы

«Бондарава — гэта Гіркін, якога мы заслужылі»

Чыноўнік прагаварыўся, як паміраюць заводы пры Лукашэнку

Бусел з-пад Маладзечна зноў уцёк у горад. Ён адчайна спрабуе паляцець у вырай, але не атрымліваецца

Хацелі па-еўрапейску. Паслухайце, як па-англійску агучылі назвы станцый гарадской электрычкі АЎДЫЯ

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
29

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?