Святаслаў Барбук. Фота: яго асабісты архіў

Святаслаў Барбук. Фота: яго асабісты архіў

Святаслаў Барбук кажа, што да арышту 2021 года працаваў у прыватнай кампаніі, якая займалася інжынерным забеспячэннем сродкаў сувязі. Па вызваленні зразумеў, што адбыты палітычна матываваны арышт можа быць не апошні і ў верасні 2021 года з жонкай эміграваў. На чужыне зарабляў таксуючы, працаваў ахоўнікам. Цяпер у адной з краін Еўрапейскага саюза праходзіць навучанне па перакваліфікацыі. 

Што каманда Бабарыкі пераняла ў штаба Цапкалы

Святаслаў Барбук лічыць, што Ганна Красуліна, гаворачы пра аб’яднанне штабоў, не адзначыла ўнёску каманды Валерыя Цапкалы.

Прэтэнзій да каманды Святланы Ціханоўскай у Барбука няма, але, як ён адзначае, Ціханоўская стала кандыдаткай у прэзідэнты проста дзякуючы таму, што ўлады не бачылі ў ёй небяспекі.

«Я разумею, чаму не згадваецца каманда Цапкалы, бо Валера [Цапкала], відаць, паводзіць сябе не вельмі годна з гледзішча Аб’яднанага пераходнага кабінета, але, калі мы гаворым пра 2020 год, то чаму прадстаўнікі Бабарыкі не раскажуць, што іх заслуга толькі ў тым, што яны скінуліся грашыма і ўклаліся ў медыя», — тлумачыць сваю пазіцыю Святаслаў Барбук.

На яго погляд, у штабе Бабарыкі працавалі дылетанты, бо толькі яны маглі прыдумаць азначэнне «старая апазіцыя», якая ім не падабалася.

«Уся цяпер каманда Святланы Георгіеўны, паводле каманды Віктара Дзмітрыевіча, гэта маргіналы і старая апазіцыя. Калі мы хочам гаварыць аб праўдзе, то яна такая», — падкрэслівае Барбук.

Валерый Цапкала ў 2020 годзе

Валерый Цапкала ў 2020 годзе

Барбук лічыць, што ўклад каманды Цапкалы — у адпрацоўцы методыкі збірання подпісаў.

Паводле яго, бабарыкінцы паводзілі сябе агрэсіўна адносна канкурэнтаў. Яны адпраўлялі ў штабы апанентаў людзей, якіх не хацелі браць сабе, і выкарыстоўвалі іх для збірання інфармацыі аб працы канкурэнтаў.

Так, да Цапкалы пранік Юрый Васкрасенскі, а таксама Святаслаў Мілейкоўскі, які быў каардынатарам па збору подпісаў па Фрунзенскім раёне. Толькі праз тыдзень стала вядома, што ён лазутчык бабарыкінцаў і яму ўдалося выведаць сакрэты збірання подпісаў, мяркуе Барбук.

«У штаба Бабарыкі была агрэсіўная пазіцыя з гледзішча запазычвання спосабаў працы апанентаў. У нашым выпадку — гэта мы. Яны раўніва ставіліся да таго, што ў некага нешта выглядае лепей», — гаворыць ён.

Святаслаў Барбук кажа, што ў першыя дні стварэння ініцыятыўнай групы кансультаваўся ў паліттэхнолага Віталя Шклярава, як найлепей выкарыстаць яго напрацоўкі, якія ён укараняў на выбарах у Расіі. Адна з актывістак штаба Цапкалы расказала пра гутарку бабарыкінцам і неўзабаве Шкляраў аб’явіўся ў Мінску.

«Штаб Цапкалы не меў столькі рэсурсаў, каб з ЗША «выпісаць» безумоўна таленавітага, паліттэхнолага. А Шкляраў сваёй кансультацыяй сапраўды дапамог адтачыць маё бачанне методыкі збору подпісаў. І бабарыкінцы паспяхова яе скапіявалі», — адзначае Барбук.

«З Цапкалам працавалі актывісты з досведам удзелу ў выбарчых кампаніях як на баку апазіцыі, так і ўлады»

Барбук лічыць, што бабарыкінцы выбудоўвалі перадвыбарчую кампанію на камерцыйнай аснове, але бачання таго, як трэба праводзіць яе, у іх было дылетанцкім, у адрозненне ад каманды Цапкалы, дзе працавалі прафесіяналы.

«Валерый Цапкала падбіраў людзей з дзяржаўнага апарата. У ініцыятыўнай групе было шмат дзяржаўных службоўцаў, людзей з дыпламатычным стажам», — даводзіць Барбук.

Акрамя таго, дадае ён, з Цапкалам працавалі актывісты з досведам удзелу ў выбарчых кампаніях, як на баку апазіцыі, так і ўлады. Таму працэс у штабе быў адладжаным, падкрэслівае Святаслаў.

«У камандзе працавалі людзі, якіх бабарыкінцы называлі «маргіналамі» і «старой апазыцыяй», — акцэнтуе ўвагу суразмоўца.

Святаслаў Барбук упікае Ганну Красуліну ў няшчырасці адносна таго, што штаб Бабарыкі дзейнічаў згодна з заканадаўствам.

Наадварот, сцвярджае ён, Валерый Цапкала, каб мець сродкі на выбарчую кампанію заклаў свой дом. За гэта ён атрымаў 100 тысяч еўра легальных сродкаў.

Паводле Барбука, Цапкала быў зацікаўлены, каб у яго штабе працавалі партыйныя актывісты, нават з «сумнеўнай рэпутацыяй», бо яны ўмелі працаваць з людзьмі.

«Мяккі адміністрацыйны рэсурс, які грунтуецца на ўменні, пераконваць, а не прымушаць, павінен прысутнічаць у любой структуры. Чалавек, які працаваў у ёй, ведае, што такое з'езд, справаздача, праца з дакументамі. Яна без вопыту не прыйдзе», — даводзіць Барбук.

Валерый Цапкала ў 1994 годзе быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі.

Туды 29-гадовы юрыст перабег з каманды Станіслава Шушкевіча. У Лукашэнкі Цапкала працаваў на дыпламатычных пасадах. Кіраваў адміністрацыяй Парку высокіх тэхналогій.

У 2020 годзе заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях. Кандыдатам у прэзідэнты яго не зарэгістравалі, забракаваўшы больш за палову са 160 тысяч пададзеных у Цэнтрвыбаркам подпісаў. Спроба даказаць у судзе неправамернасць рашэння ведамства Ярмошынай не дала плён.

Далей у выбарчай кампаніі брала актыўны ўдзел жонка Валерыя Цапкалы Вераніка. Разам са Святланай Ціханоўскай і Марыяй Калеснікавай яна стварыла трыумвірат выбарчай кампаніі.

Рашэнне аб аб’яднанні штабоў Валерыя Цапкалы, Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі іх прадстаўнікі прынялі 16 ліпеня 2020 года.

Паводле Ганны Красулінай, далучэнне да каманды Святланы Ціханоўскай камандаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы адбылося дзякуючы меседжу, з якім Ціханоўская ішла на выбары: «Як толькі я прыйду да перамогі, то правяду чэсныя выбары». 

«Былі свае ўяўленні аб светапоглядзе»

Святаслаў Барбук з 2007 года ўдзельнічаў ва ўсіх выбарчых кампаніях. У 2010 годзе збіраў подпісы за Лукашэнку, а ў 2012 годзе быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

У 2020 годзе далучыўся да каманды Цапкалы і стаў намеснікам кіраўніка яго ініцыятыўнай групы. У 2021 годзе быў асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне». Столькі ж прысудзілі і жонцы Святаслава. Яны сядзелі ў ізалятары на Акрэсціна і ў Баранавічах.

За Лукашэнку, кажа Святаслаў, ён збіраў подпісы, калі яму было троху за дваццаць і ў яго тады «былі свае ўяўленні аб светапоглядзе», але яны змяніліся.

Па яго словах, праца на выбарах у лукашыстаў была адметнай хлуснёю.

«Сабралі дваццаць, а заяўлялася пра 20 тысяч», — тлумачыць ён.

Барбук згадвае, як у 2010 год, калі замянілі начальніка штаба Лукашэнкі з Козіка на Шэймана, апошні заявіў, што за Лукашэнку сабрана ўжо больш за 100 тысяч подпісаў. Але «Белая Русь» тады штодня публікавала статыстыку і там было каля 10 000 подпісаў.

Ён кажа, што большая частка подпісаў за Лукашэнку збіралася ў працоўных калектывах.

«Дзясяткі падпісных лістоў на вуліцаў і тысячы падпісных лістоў на прадпрыемствах. Так было ў маёй акрузе, дзе я быў памочнікам дэпутата і другім сакратаром гаркама БРСМ. Таму, гаварыць пра вялікую падтрымку Лукашэнкі не выпадае», — адзначае Святаслаў Барбук.

Глядзіце таксама:

Два гады таму Марыю Калеснікаву і Максіма Знака асудзілі на гіганцкія тэрміны. Ужо некалькі месяцаў пра іх няма ніякіх звестак

Паплечнік Васкрасенскага Мікалай Серыкаў расказаў пра сябе: Летась звольніўся з КДБ, быў у штабе Цапкалы, а цяпер паверыў Юру

Адзін з кіраўнікоў штаба Бабарыкі шчыра расказаў пра выбарчую кампанію, сваю ролю ў ёй, арышт і вызваленне

Дыпламатычныя крыніцы: Васкрасенскі вярзе лухту

Клас
3
Панылы сорам
7
Ха-ха
8
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?