Святлана Курс. Фота з фэйсбука 

Святлана Курс. Фота з фэйсбука 

Толькі праўда

Не ведаю, чаму так атрымліваецца [псіхатэрапеўтычны эфект ад кніг і допісаў. — Рэд.], але я не маю такога намеру. Наадварот, маю намер гаварыць праўду любой цаной. Бо, як сказаў мой любімы герой, толькі праўда з’яўляецца цікавай. Можа быць, гэта вызвольная сіла праўды? Можа быць, яна дапамагае?

Бязлітаснасць да сябе і да жыцця мае тэрапеўтычны ачышчальны эфект? Я не ведаю, у мяне няма адказу на гэтае пытанне, я нават пра гэта не думала. Мне падабаецца самой атрымліваць ад іншых людзей тэрапеўтычны эфект.

Напрыклад, я ўсё жыццё буду ўдзячная Аляксею Арастовічу, першыя месяцы вайны я без яго не пражыла б. І многія людзі пра гэта таксама гавораць. Марк Фейгін і Арастовіч вельмі многіх выцягнулі з дна. Так што калі і мне гэта ўдалося, то я толькі дзякую сабе, Госпаду і людзям.

Праўду казаць неабходна. Калі хочаш быць шчаслівым. Калі хочаш быць сабой, атрымаць сваё ўласнае жыццё, сваё ўласнае хобі, сваё ўласнае каханне. Такую сям’ю, якую ты хочаш. Такі дом, які ты хочаш, усё, што ты хочаш — трэба гаварыць праўду.

Таму што можаш захлусіцца — і тады атрымаеш не сваё жыццё, не свайго партнёра, не сваё шчасце. Пражывеш каламутнае жыццё. І толькі на Божай пасцелі чалавек зможа зарыентавацца: ба, што ж гэта я так жыў бесталкова? І навошта мне была важная ўся вось гэта елачная мішура, гэты дожджык бліскучы, які толькі прыкрываў ад мяне рэчаіснасць і нічым мяне не ўшчаслівіў? Толькі праўда.

Пра беларусаў па-за Беларуссю і Беларусь без іх

Як гэта Беларусі няма? Ну канечне, ёсць. Увогуле, гэта ж не новая гісторыя. Некалькі пакаленняў спецыяльна былі выкінутыя з краіны. Я дакладна ведаю: бачыла многія магілы беларускіх паўстанцаў 1831, 1863 гадоў. Яны аселі ў Варшаве пасля таго, як вярнуліся са ссылкі ў Сібіры — ім не дазвалялі пасяліцца ў Беларусі, каб яны там не сеялі беларускія ферменты, беларускую рэвалюцыйнасць.

Ім дазволілі выехаць толькі ў Польшчу. Але нягледзячы на гэта, яны рабілі беларускую справу. Беларусь у іх была — яны гэтую Беларусь нам перадалі. Кастусь Каліноўскі перадаў нам яе, Беларусь, увогуле, як вядома, з-пад вапны і з пятлі. А мы не ў вапне і не ў пятлі.

І ўвогуле, што гэта за такая праблема і такое няшчасце атайбоўвацца ў іншай краіне? Па цяперашніх часах гэта не праблема, гэта — магчымасць узбагаціцца і паспрабаваць свае сілы ў неспрыяльным асяродку.

Можна страціць працу? Дык пайсці на якую кепскую працу, паглядзець, як жывуць людзі на сацыяльным дне, паглядзець, хто там жыве на тым сацыяльным дне. Ды і ўскараскацца з таго сацыяльнага дна. Гэта цікавая задача.

Вывучыць мову, вывучыць культуру, знайсці паралелі, знайсці сяброў, знайсці атачэнне. Потым, калі прыйдзе час вяртацца, прынесці на Беларусь багацце, а не беднасць сваю. А то: сядзеў, ныў, плакаў, што ў цябе Беларусь забралі — і нічога не рабіў.

Жыць і рабіць без мартыралагічнасці

Зноў жа, ёсць такая праблема, што многія ў Беларусь на самай справе не вераць. Дзяцей беларускай мове не вучаць, адразу ідуць на расейскую школу, альбо ў мясцовыя. Самі нічога не робяць для беларускай культуры, бо лічаць, што справа прайграная. І я такім людзям скажу наступнае. Яны на гэта маюць права.

Калі веры няма, то лепей і не брацца. Калі ў цябе няма веры, кайфу, натхнення і драйву, то ты лепей нічога не рабі для Беларусі. Чым зробленае вымучанае. Вымучанае заўсёды адчуваецца — і яно атручвае нашу традыцыю. Адыдзіся, супакойся, выберы сябе. Не бяда асімілявацца і стаць кімсьці іншым, бяда зрабіцца чалавекам, які робіць, як мая маці казала, па канец рук. Гэта значыцца, самымі кончыкамі пальцаў, не стараючыся.

Свет разгорнуты паміж намі вялікім веерам, столькі ўсяго цікавага…

Не трэба глядзець Лукашэнку ў дупу, Лукашэнка заўтра памрэ, разумееце? А мы ўсе абмежаваныя тым, што мы глядзім толькі ў Лукашэнку і толькі ў Беларусь. Канечне, страшна, што нашыя палітзняволеныя цяпер у варожых руках. Ім трэба дапамагаць, наколькі мы можам. Але не трэба таксама мартыралагічна пражываць сваё жыццё, бо ім мы гэтым не дапаможам, а сабе жыццё сапсуем.

Дапамагаць, памятаць, рабіць. Але рабіць ад кайфу, а не сілай з сябе выдушваць.

Таму што выдушаныя з сябе кнігі, песні, вершы, недарыхтаваныя, неператраўленыя, абы-як зробленыя прынясуць толькі шкоду і смутак. І жаласць.

А нашто нам выклікаць у іншых людзей жаласць? Хіба гэта прыемна, калі цябе шкадуюць? Па-мойму, быць беларусам, хоць і цяжка, але цікава і шыкарна.

Кола «крывавых зямель»

Ну канечне, мы па гэтым коле зноў пайшлі. Пакуль Расея жывая ў сваім цяперашнім выглядзе, гэта будзе паўтарацца… Ды што я пра будзе паўтарацца, хіба гэта спынялася хаця б на адзін год, хаця б на пяць год? Ды ніколі не спынялася.

Проста Расея нападала на тыя краіны, на якія ўсім было напляваць. На Сірыю ўсім напляваць, на Чачэнію ўсім было напляваць, усе паверылі, што там жывуць адны вахабіты, бандыты і тэрарысты. Расейцы ж зраўнялі з зямлёй не адну краіну. На Грузію, па высокім рахунку, таксама ж было ўсім напляваць, памятаеце ж, як свет зрэагаваў тады на тую вайну. І вось цяпер Расея-матушка разухабілася і пайшла далей.

Яны робяць гэта пастаянна. І аднымі і тымі ж метадамі — найбольш подлымі і жорсткімі. Але ніхто не хоча глядзець праўдзе ў твар. Таму што калі ты паглядзіш праўдзе ў твар, то ты выйдзеш фашыстам. Таму што ты скажаш, што рускі праект — гэта фашысцкі праект. А людзі баяцца гэта казаць, бо ім пасля такога скажуць: ды ты што, фашыст?

Але, як я ўжо сказала, праўда вельмі неабходная. Расейскі праект — няўдалы праект, ён мусіць быць перафарматаваны. Пакуль гэтага не адбудзецца, ні мы, ні нашыя дзеці, ні нашыя ўнукі не зазнаем тут шчасця. І Расея будзе і ламаць хрыбты тут паўсюды, і красці дзяцей, і перарабляць іх на рускіх.

Але. Раней Расеі было прасцей — заўсёды быў молат і заўсёды было кавадла. Яны заўсёды любілі мець гэтыя еўрапейскія народы сціснутыя між сабой і немцамі, а цяпер кавадла няма, цяпер гэты праект адзін — і гэты молат будзе лупіць у пустату, а мы будзем усе расцякацца.

Па-другое, молат дохленькі зараз, з гаўна і палак і злеплены тым жа. Так, людзям ён яшчэ ламае лёсы, але ў параўнанні з тым, што было, сапраўды дохленькі, хутка зляціць са сваёй ручкі і ўрэжа проста ў лоб таму, хто ім «працуе». І на гэтым, спадзяюся, рускі праект скончыцца.

Я смерці фізічнай не жадаю нікому, Расея мусіць перафарматавацца. Няхай яна перафарматуецца і пачне свой новы праект, азірнуўшыся на 500 гадоў таму — калі ў іх было Наўгародскае веча, каб у іх былі вольныя паморскія землі, казакі, каб былі гаспадарамі на сваёй зямлі. Зычу ім толькі добрага, гэтым расейцам, але перад гэтым яны мусяць перажыць страшную, пакутлівую маральную смерць — каб адрадзіцца. Ці на гэта яны здольныя — гэта ўжо іх справа.

Ці не занадта глыбока і незваротна ўкараніўся ў Беларусь і беларусаў «рускі мір»

І прапаганда дзейнічае, і крыніцы праўдзівыя не такія лёгкія і простыя, як той жа тэлевізар.

Просты чалавек, ён таму і просты, што далёка не цягнецца па харчы духоўныя. Вось тэлевізар, вось радыё. Ён не будзе чытаць пра гісторыю, чаму так сталася і г. д., а будзе спажываць тое, што блізенька ляжыць.

Але перажывуць гэты «рускі мір» і возьмуць пасля тое, што ім прапануюць. І беларускі праект, і польскі праект возьмуць, і ўкраінскі, і які-заўгодна праект просты чалавек прыме, бо ён далёка рукі не цягне. Нават не ўсе хочуць ведаць, як звалі прадзеда, а вы гаворыце пра доўгую памяць. І ведаючы, як было ў нас раней, як стала зараз, то нават тыя, хто і хацеў бы пайсці далей, стараюцца ў далёка і глыбока не заглядаць, каб дзеці хаця былі б у бяспецы.

Я прачытала днямі з вялікім здзіўленнем, як бацькі ў Беларусі ўспрымаюць тое, што іх дзецям давядзецца нават пасля платнага навучання пяць год адпрацаваць. Маці з нейкай такой жорсткай радасцю сыну гаворыць: «Все отрабатывают — и ты отработаешь». Гэта кшталту «я гаўно ела — і ты будзеш есці». У нас у размове, канечне, занадта часта слова «гаўно» паўтараецца, але, як кажа пісьменнік Уладзімір Сцяпан, без гаўна і дабра не будзе.

Дык вось, вяртаючыся да простых людзей, кшталту той маці, трэба сказаць, што ёсць яшчэ і страх.

Яны, гэтыя простыя людзі, добра ведаюць, што калі ты будзеш улягаць занадта ў беларускасць, а яшчэ будзеш у бок ад дзяржавы глядзець, то дзяржава цябе папросту нівелюе, ад цябе і пылу не застанецца, і магілы. Для іх нават магіл святых няма, а што гаварыць пра жывога чалавека.

Але Беларусь чакае вялікая халодная зіма толькі пры ўмове перамогі Расеі і працягу яе існавання ў сённяшнім фармаце.

Чытайце таксама:

Кніга Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» трапіла ў шорт-ліст міжнароднай прэміі

«Займацца рэдкімі мовамі — быць у авангардзе, а не дыназаўрам». Нямецкая перакладчыца расказала аб працы з беларускай мовай

Як жыла, піла і тварыла менская багема ў 1990-х? Успамінае пісьменніца Святлана Курс

Культавая аўтарка Святлана Курс — пра багему Менска і 1990-я, вёску, імперыю Пуціна, Лукашэнку і прыроду зла

Клас
33
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
7