Кангрэс даследчыкаў Беларусі Congress of Belarusian Researchers Конгресс исследователей Беларуси

У чым важнасць Кангрэса

Як адзначае дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, за час свайго існавання Кангрэс стаў больш прафесійным. «Цікавасць да Кангрэса ад самага яго пачатку была значна большай, чым мы чакалі.

Калі мы пачыналі першы Кангрэс, то думалі, што на яго збярэцца каля ста чалавек і што мы будзем яшчэ самі запрашаць людзей. Калі мы правялі першы Кангрэс і пачалі рабіць другі, то ўжо на яго прыехала 250 удзельнікаў. У дакавідныя часы ў нас было да 500 чалавек.

Кангрэс стаў не проста навуковай канферэнцыяй, на якую прыязджаюць людзі, каб падзяліцца вынікамі сваёй працы. У выніку супрацы на Кангрэсе паўсталі цэлыя супольнасці. Цэлыя навуковыя кірункі развіваюцца толькі таму, што ёсць штогадовая камунікацыя. Кангрэс стаў фактарам развіцця сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у Беларусі. Гэта відаць і па публікацыях, і па коле ўдзельнікаў».

Па словах дацэнта Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна) Русціса Камунтавічуса, у Кангрэса вельмі добры дэмакратычны фармат. Усе секцыі прапаноўваюцца самімі ўдзельнікамі. Арганізатары маюць вельмі малое да гэтага дачыненне.

Русціс Камунтавічус Rustis Komuntavicius Рустис Камунтавичюс

Русціс Камунтавічус

Сам жа Камунтавічус, калі задумваўся Кангрэс, марыў аб тым, каб гэты навуковы форум садзейнічаў кантактам паміж беларускай і літоўскай навуковымі супольнасцямі:

«Я хацеў, каб адным з важных кампанентаў форуму быў літоўскі, каб ад сустрэч з беларускімі калегамі была вялікая карысць нам. Каб мы больш даведаліся пра свайго суседа, каб паменшала колькасць стэрэатыпаў. На вялікі жаль, у такім маштабе, як я марыў, гэтага не адбылося. У той жа час дзякуючы Кангрэсу з'явілася першае выданне гісторыі Беларусі на літоўскай мове, пераклад ІІІ Статута ВКЛ на літоўскую мову. <…>

Кангрэс — адзінае міжнароднае мерапрыемства, якое праводзіцца штогод. І ён ёсць тым стрыжнем, вакол якога гуртуецца акадэмічная супольнасць. На гэтай пляцоўцы збіраюцца як беларусы, так і іх суседзі. І гэта вельмі важна для саміх беларусаў, для іх рэфлексіі, разумення таго, кім яны ёсць, што такое Беларусь».

Як змяніўся Кангрэс

Андрэй Казакевіч адзначае, што цяпер пра Кангрэс ведаюць у еўрапейскіх навуковых колах. «Пра яго ведае не толькі той, хто займаецца беларускай праблематыкай за мяжою, але і той, хто займаецца рэгіёнам. <…> Мы адчуваем, што цікавасць вялікая. Да 2020-га года прыблізна трэцюю частку складалі замежныя даследчыкі (не беларусы). У першую чаргу — з Польшчы. На другім месцы была Украіна. Затым ішлі Расія, Літва, Германія. Астатнія краіны (Вялікабрытанія, ЗША, Чэхія) былі менш прадстаўленыя.

Цяпер значна скарацілася прысутнасць расійскіх даследчыкаў. У той жа час вырасла агульная доля замежнікаў. Па выніках гэтага Кангрэса, як я думаю, іх было каля паловы», — кажа ён.

Аляксей Ластоўскі дадае, што на Кангрэс паўплывалі падзеі, якія адбыліся ў рэгіёне пасля 2020 года.

«Мы назіраем вялікую хвалю акадэмічнай эміграцыі з Беларусі. У той жа час павялічваецца цікавасць да Беларусі як да краіны, якая актыўна ўключаная ў самы буйны ваенны канфлікт у еўрапейскай гісторыі пасля Другой сусветнай вайны.

Беларусь такім чынам пачынае ствараць даследчыцкую і аналітычную праблему. Істотна павялічылася колькасць людзей, якія займаюцца беларускай праблематыкай, узрасла колькасць публікацый.

І мы бачым, што змяняецца склад удзельнікаў Кангрэса. Усё больш і больш становіцца як непасрэдна замежнікаў, так і беларускіх даследчыкаў, якія пераехалі працаваць за мяжу. І ўсё менш з кожным годам становіцца даследчыкаў, якія прадстаўляюць беларускія інстытуцыі.

Алексей Ластовский (слева) и Андрей Казакевич Alyaksei Lastovsky (left) and Andrei Kazakevich Аляксей Ластоўскі (злева) і Андрэй Казакевіч

Аляксей Ластоўскі (злева) і Андрэй Казакевіч

І гэта для нас саміх непрыемная сітуацыя, бо хацелася б як мінімум балансу. Мы прыкладаем дастаткова шмат намаганняў, каб захоўваўся навуковы, інтэлектуальны дыялог паміж рознымі супольнасцямі. Але з кожным годам гэта становіцца ўсё складаней рабіць».

Асноўная тэматыка апошняга Кангрэса

Аляксей Ластоўскі выдзяляе дзве асноўныя тэмы апошняга кангрэса. Першая — гэта вайна ва Украіне, з якой вынікае праблема беларуска-ўкраінскіх адносін.

«Адна рэч — улада, іншая рэч — грамадства дзвюх краін. Нам трэба шукаць нейкі новы модус суіснавання ў гэтай страшэннай сітуацыі, якая выкліканая інтэрвенцыяй аўтарытарных рэжымаў. Выйсце з гэтай сітуацыі мы павінны знаходзіць ужо на ўзроўні грамадзянскай супольнасці. Таму важнай тэматыкай, якая праходзіла праз увесь кангрэс, былі беларуска-ўкраінскія дачыненні ў самых розных аспектах — гістарычных, культурных, палітычных.

Другая тэма — сітуацыя ў Беларусі. Такі рэзкі ўсплёск грамадска-палітычнай актыўнасці і рэзкі выплеск — хваля палітычных рэпрэсій. І гэта тое, што робіць кожную думку пра Беларусь балючай. Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі ламаюцца лёсы людзей. Гэтая сітуацыя вельмі страшная і вымагае ад нас неяк думаць пра тое, якім чынам па-новаму асэнсоўваць Беларусь, як шукаць выйсце з таго палітычнага, сацыяльнага, эканамічнага тупіка, у якім цяпер апынулася наша краіна».

Пра лаўрэатаў Прэміі Кангрэса

У гэтым годзе ўсе публікацыі, якія былі адзначаны прэміяй Кангрэса, выйшлі за межамі Беларусі. А ў намінацыі гуманітарныя навукі (манаграфія) прэмія не ўручалася. Каментуючы, Аляксей Ластоўскі адзначыў, што гэта, хутчэй за ўсё, выпадковасць, і ў наступным годзе сітуацыя зменіцца.

«Думаю, гэта звязана з тым, што ў першы год-два пасля хвалі пратэстаў была вельмі нервовая і незвычайная сітуацыя і для навукоўцаў. Таму што вельмі цяжка адмежаваць навуку ад таго, што адбываецца ў грамадстве. Гэта прывяло да таго, што зменшылася колькасць фундаментальных публікацый, якія патрабуюць шматгадовай складанай працы.

Відавочна, што павысілася цэнзура ўнутры краіны. Стала складана публікаваць кнігі на некаторыя тэмы. Цяжка ўявіць, каб незалежнае выдавецтва апублікавала штосьці пра гісторыю Другой сусветнай вайны. Бо гэта становіцца выбухованебяспечнай тэмай.

Калі гаварыць пра шорт-ліст Прэміі, то ўсе манаграфіі з яго выйшлі за межамі Беларусі. Не магу сказаць, ці будзе гэта захоўвацца далей, але так ці інакш мы будзем жыць у сітуацыі, калі будзе стварацца некалькі навуковых асяродкаў пра Беларусь. І ўсё больш і больш будзе публікацый на англійскай мове.

Напрыклад, у гэтым годзе ўпершыню перамогу ў галіне гуманітарных навук атрымаў англамоўны артыкул. Калі для сацыяльна-палітычных навук — гэта хутчэй агульнаеўрапейская (і беларуская) норма, то тое, што гуманітарныя навукі становяцца англамоўнымі, гэта хутчэй нешта новае для нас.

З аднаго боку, гэта праблема, бо ўсё больш і больш пра Беларусь будуць пісаць не ў Беларусі, а па-за яе межамі. Але больш прынцыповая рэч — гэта каб захоўваўся беларускі голас, фармулявалася беларуская субʼектнасць, каб беларусы (і тыя, хто апынуўся за мяжою таксама) маглі выступаць на інтэлектуальным, палітычным узроўні, маглі рэпрэзентаваць інтарэсы супольнасці. І гэта больш важна, бо можа прыйсці да таго, што пра нас будуць казаць без нас».

Будучыня Кангрэса

Па словах Андрэя Казакевіча, «цяпер, на жаль, адбываецца перафарматаванне. Беларускім даследчыкам становіцца ўсё больш і больш складана супрацоўнічаць з замежнымі калегамі, якія знаходзяцца ў ЕС. Да таго ж у некаторых беларускіх чыноўнікаў падазронае стаўленне да Кангрэса. Усё гэта ўскладняе сітуацыю.

Акрамя таго, ідзе вялікі раскол у беларускай акадэмічнай супольнасці на лаяльную і нелаяльную. У нас ёсць спадзяванне, што Кангрэс будзе ў нейкай ступені спрыяць калі не пераадоленню, то змякчэнню гэтага расколу і садзейнічаць калі не прамой, то ўскоснай камунікацыі. Бо гэта выклік для беларускай навукі. Такі абсалютна механічны і шкодны падзел можа істотна знізіць патэнцыял беларускай навукі ў сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах».

У той жа час вялікая цікавасць да мерапрыемства з боку замежнікаў нарадзіла адну версію развіцця Кангрэса — «пераўтварэнне яго ў больш рэгіянальны Кангрэс, каб пашыралася камунікацыя».

Аляксей Ластоўскі дадае, што арганізатары спадзяюцца, што «Кангрэс можа стаць той пляцоўкай, якая будзе разрываць тое кола міжнароднай ізаляцыі, якое склалася вакол Беларусі».

Русціс Камунтавічус лічыць, што ў будучым Кангрэс можа атрымаць сваё развіццё ў форме інтэлектуальных акадэмічных клубаў: «Людзі, якія тут збіраюцца, могуць працягваць сустракацца ў сваіх гарадах (Варшаве, Вільні) для абмеркавання розных праблем Беларусі.

Калі казаць пра досвед Літвы, то ў савецкі час падобныя кангрэсы праходзілі ў ЗША. Адным з удзельнікаў быў Валдас Адамкус. І потым гэтая традыцыя прыйшла ў незалежную Літву. І цяпер мы маем розныя клубы, і кожны месяц збіраемся ў сваіх гарадах.

Такія клубы дазваляюць лепш разумець, што адбываецца, зʼяўляюцца добрай пляцоўкай для стасункаў. Таталітарная сістэма ўсіх дзеліць і не дазваляе згуртавацца. Калі людзі свабодна абʼядноўваюцца, самаарганізоўваюцца, то зʼяўляецца свабоднае грамадства».

Дзе пройдзе наступны Кангрэс

Па словах Андрэя Казакевіча, пакуль з месцам правядзення наступнага Кангрэса арганізатары не вызначыліся. Магчыма, ён зноў вернецца ў Коўна. Гэтае пытанне вырашыцца на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта, якое пройдзе праз некалькі тыдняў.

З пазітываў: сёлета на Кангрэс сабралася 325 чалавек — больш, чым летась.

Чытайце яшчэ:

Вызначыліся лаўрэаты Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі

Навука ў няпросты час: Кангрэс даследчыкаў Беларусі адкрыўся ў Гданьску

Клас
38
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
4