Ігар Аліневіч 

Ігар Аліневіч 

Прывітанне, дарагі сябар!

Ніколі б не падумаў, што буду віншаваць цябе са старонак беларускіх СМІ, а канкрэтна з «Нашай Нівы». Не ўяўляю сабе, калі ты зможаш прачытаць гэтыя радкі, але ўпэўнены, што гэта немінуча адбудзецца. Не ведаю таксама, калі мы пабачымся, але мы абавязкова сустрэнемся.

Таму няхай гэты ліст будзе тым звяном, што нас аб’ядноўвае і дапамагае ўсім нам заставацца моцнымі дзеля вас — палітвязняў і палонных, нашых сяброў і сябровак, родных і аднадумцаў. Словамі свет не зменіш, але словамі можна запоўніць нашыя раны, зменшыць боль, супакоіцца і адчуць еднасць з вамі.

Сімвалічна склалася, што ў далёкім 2011 годзе я, малады дактарант Ягелонскага ўніверсітэта, паехаў на Першы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне. На мерапрыемстве я выступаў з дакладам пра «справу анархістаў», адным з удзельнікаў якой быў ты, Ігар, а таксама вядомыя беларускія анархісты Мікола Дзядок ды Аляксандр Францкевіч.

У 2020-м усе вы зноўку апынуліся за кратамі за свае погляды… А ў 2011-м ты — ужо анархіст, рэвалюцыянер і вязень, але яшчэ без прыдатку «палітычны».

Тады мне хацелася прыцягнуць увагу беларускай акадэмічнай супольнасці да anarchist studies і канкрэтна да вас — радыкальных вязняў сумлення. Дык вось, выступ я меў акурат на твой 28-ы дзень нараджэння — 24 верасня. Выступ не вельмі ўдалы, але пазней на яго падставе ў «Палітычнай сферы» выйшаў ужо больш грунтоўны навуковы артыкул, які нават быў намінаваны на Прэмію Кангрэсу.

Такім чынам, у беларускай навуцы з'явіліся парасткі анархізму. Пазней было шмат іншых твораў, але той беларускамоўны тэкст я лічу першай важнай цаглінкай маёй дапамогі табе і іншым анархістам. Як у той час, так і пасля нашага незавершанага паўстання ўсіх вас усё ж такі прызналі палітвязнямі і вы занялі сваё адмысловае месца на беларускай грамадска-палітычнай сцэне.

Але мае тэксты — драбяза ў параўнанні з летапісам беларускай штодзённасці, якую ты бліскуча адлюстраваў у сваіх дзённіках «Еду ў Магадан». Я ведаю, што гэта толькі частка таго, што ты напісаў падчас свайго першага зняволення. І частка далёка не самая жорсткая. Але нават і яе хапіла для атрымання ўзнагароды імя Францішка Аляхновіча.

Твая кніга была сапраўдным прарывам! Для анархісцкага руху, для беларускай літаратуры. Ты быў першапраходцам, ты ім застаешся і цяпер.

Калі мы даведаліся, што вас вызвалілі ў жніўні 2015 года (я сустрэў навіну ў роднай Горадні), то не маглі стрымаць эмоцый. З сябрамі святкавалі ўсю ноч, а з нашых вокнаў на ўвесь раён гучала песня легендарнага Deviation «Твой бацька фашыст». Магу толькі сабе ўявіць, як па ўсёй краіне святкавалі ваша «памілаванне»…

Памятаю, як мы ўрэшце пазнаёміліся. Ізноў нейкі сімвалізм, бо гэта быў твой 32-гі дзень нараджэння. Мне патэлефанаваў наш агульны сябар і запытаў, ці ёсць магчымасць у нашым горадзе зладзіць прэзентацыю тваёй кнігі. Ахвотна! Ты тады мусіў выехаць у Польшчу, бо заставацца на радзіме было небяспечна.

Так на пяць год ты стаў палітычным эмігрантам. У верасні 2015 года ты ездзіў па еўрапейскіх гарадах з прэзентацыяй сваёй кнігі. Сёння яна перакладзена на 11 моў і рыхтуецца ўкраінскае выданне. Па-польску кніга выйшла на два гады раней (адной з перакладчыц была мая сястра, з якой вы таксама пазней пасябравалі і якая далучаецца да віншаванняў).

У іншых гарадах ты меў прэзентацыі на сквотах ці нізавых культурніцкіх цэнтрах, але ў Кракаве мы зладзілі выступ у Інстытуце сацыялогіі Ягелонскага ўніверсітэта (дзякуючы прафесарцы Беаце Кавальскай). Менавіта ў гэтай навучальнай установе, найстарэйшай у Польшчы, 500 год таму навучаўся наш выдатны першадрукар і гуманіст Францішак Скарына.

Гэтакім чынам твае турэмныя ўніверсітэты ператварыліся ва ўніверсітэты perse. Твой першы дзень народзін на свабодзе стаў пачаткам нашага сяброўства.

Прайшло тры гады, і я прыехаў да цябе на чарговы дзень народзін у адзін стары гарадок, дзе ты тады жыў з нашым агульным сябрам.

Нейкі час таму гэты сябра загінуў, змагаючыся ва Украіне супраць расейскага імперыялізму. За вольную Беларусь, за цябе і іншых палітзняволенных. Па вядомых прычынах, яго імя я назваць не магу.

Гэта ўжо другая, блізкая табе асоба, якая аддала сваё жыццё за свабоду. Першым быў Дзмітрый Пятроў (пазыўны «Эколаг»), расійскі анархіст, які сёлета загінуў пад Бахмутам. Яны працягвалі рабіць тваю справу. Справу барацьбы за ідэалы роўнасці, свабоды ды сацыяльнай справядлівасці.

Ігар, я вельмі ўдзячны лёсу, што нашыя жыццёвыя сцежкі перасекліся. І я вельмі ганаруся нашым сяброўствам. А зараз натхняюся (зрэшты, не толькі я) тваёй нязломнасцю і энергіяй, дзе перакананні гарманіруюць з чалавечнасцю, а словы з дзеяннем.

​Помню, як размаўлялі з табой пра вытокі нашай прагі да свабоды.

Адкуль у нашага пакалення (народжаных у 80-я) так моцна ўкаранілася вострае жаданне сацыяльнай справядлівасці, шчырасці, ідэйнасці ды адвагі? І сышліся на тым, што ўлада сама выхавала нас такімі.

Натуральна, перадусім гэта заслуга бацькоў, але не толькі. Усе гэтыя савецкія кнігі ды фільмы, якімі мы захапляліся ў дзяцінстве («Корцік», «Гардэмарыны», «Зялёны фургон», безліч стужак пра вайну…). Мы ўсмоктвалі іх як губка.

Пазней проста адкінулі ідэалагічны складнік гэтых твораў і на выхадзе засталіся лібертарныя ідэі і годнасць, якімі і кіраваліся ў дарослым жыцці. Ты — выдатны прыклад годнасці.

​Я ўдзячны табе за тое, што ты пазнаёміў мяне з цудоўнымі людзьмі, выдатнымі таварышамі і адданымі змагарамі. Гэта і згаданы вышэй загінулы ва Украіне «Эколаг», гэта і анарха-партызаны, годныя сыны Беларусі ды сваіх бацькоў. На жаль, кантакту з імі, як і з табой, у мяне амаль няма. Усё, што я ведаю пра вас, чытаю на тэлеграм-канале «Права на паўстанне» ці АЧК Беларусь, дзе часам з’яўляюцца дробныя звесткі пра анархістаў з групы «Чорны сцяг».

Менавіта вы былі сярод тых сяброў, якія дапамаглі мне ў часы майго найвялікшага жыццёвага крызісу і ўпадку. Вы паказалі, што знаходзячыся на дне, ад яго заўсёды можна адпіхнуцца. Дзякуй за гэта!

​Ігар, не будзе перабольшваннем, калі скажу, што ты быў і застаешся прыкладам не толькі для анархістаў з розных краін, але і для часткі беларускага грамадства, у якой няма згоды на крывавы імперыялізм, ашалелы нацыяналізм ці калгасную дыктатуру. Твая бескампраміснасць уражвае, тваіх поглядаў баіцца дзяржава, а сярод ворагаў ты выклікаеш павагу.

​Героі і рэвалюцыянеры мінулых часоў рэдка дажывалі да 40 гадоў. Марыі Багушэвіч было 22, Ігнату Грынявіцкаму — 24, Кастусю Каліноўскаму — 28. Але мы жывем тут і цяпер. Незалежна ад турмы, вайны і рэпрэсій мы стараемся быць моцнымі, такімі як ты. Я ведаю, што ты застаешся сталёвым, і што ўсё толькі пачынаецца. Для цябе як для чалавека, беларуса і анархіста.

​Ты заўсёды паўтараў, што найлепшая салідарнасць — працяг барацьбы. Прабач, што я не здольны цябе вызваліць і што гэтая абрыдлая сістэма ўсё яшчэ існуе. Але мы стараемся рабіць тое, што ў нашых сілах. І пакуль ты там — твае ідэі і словы жывуць сваім жыццём.

У лістападзе ў Варшаве адбудуцца два паказы спектакля па матывах тваёй кнігі «Еду ў Магадан: не вер, не бойся, не прасі». На чэшскай прэм’еры гэтай арыгінальнай пастаноўкі мне давялося пабываць у Брне. Спадзяюся, што і ў польскай сталіцы будзе аншлаг. Таму што турэмная рэчаіснасць Беларусі, на вялікі жаль, як ніколі актуальная і балючая тэма. Балючая, але не смяротная, і жыццё працягваецца!

​Таму проста пажадаю табе заставацца сабой, каб надалей генераваць цікавыя думкі і дзяліцца з намі.

Усё, што ты задумаў, павінна здзейсніцца, а калі муры будуць разбураныя, то разам з табой і тваімі таварышамі паглядзім на іх руінах гэты спектакль. Па-беларуску. Бо, хоць розум у цябе гуманіста, душа анархіста, але сэрца тваё беларускае. Такім цябе і чакаем.

​З днём нараджэння, Ігар!

***

Віншаванні Ігару Аліневічу запісалі і былыя палітвязні, а таксама Аліна Коўшык.

Чытайце таксама:

Маці Ігара Аліневіча пра прысуд анархістам: Уражанне, што хлопцы мацнейшыя ў турме, чым мы на свабодзе

Анархіст з Палка Каліноўскага — пра напружаныя адносіны з сям'ёй і як тры кантузіі змянілі яго свядомасць

Палітвязня Ігара Аліневіча амаль месяц утрымлівалі ў ШІЗА 

Клас
20
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2