Помнік Багдану Хмяльніцкаму быў пастаўлены ў Кіеве ў 1888 годзе, за часамі Расійскай Імперыі, на 900-годдзе Хрышчэння Русі

Помнік Багдану Хмяльніцкаму быў пастаўлены ў Кіеве ў 1888 годзе, за часамі Расійскай Імперыі, на 900-годдзе Хрышчэння Русі

Мне здаецца, што людзі, якія гавораць пра каланіялізм у нашым кантэксце, маюць высакародную мэту — патлумачыць міжнароднай супольнасці праз зразумелыя ёй паняцці і канцэпцыі агрэсіўную і захопніцкую ролю Расіі ў рэгіёне. А таксама стаць часткай зразумелага і папулярнага на Захадзе дыскурсу.

Але, скажу шчыра, аналогіі тут кульгаюць. Беларусь (як і Украіна) не была калоніяй Расіі ў класічным сэнсе гэтага слова. Нам будзе вельмі цяжка «прадаць» міжнароднай супольнасці гэтую тэму так званага каланіялізму ў адносінах да Беларусі і Украіны (асабліва Украіны) з боку Расійскай імперыі.

У розных краінах у розныя часы існавалі розныя формы палітычнай і эканамічнай залежнасці, дамінавання і падпарадкавання.

І не кожная форма залежнасці, дамінавання і падпарадкавання з'яўляецца каланіялізмам.

Калі мы гаворым пра каланіялізм, то для яго характэрны дакладны падзел на метраполію і калоніі. Нічога падобнага не існавала паміж «ядром» Расійскай імперыі і Беларуссю/Украінай. Расійская імперыя не лічыла беларускія землі калоніяй, а ўспрымала іх як частку метраполіі.

Пра Украіну я ўвогуле маўчу — значная частка ўкраінскай эліты ўдзельнічала ў будаўніцтве гэтай імперыі, і яны сябе ніколі не лічылі «інородцамі» ці калоніяй.

Наступны момант: заходнія землі Расійскай імперыі (Польшча, краіны Балтыі, Украіна, Беларусь) у сваім сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці значна апярэджвалі так званае «рускае ядро» Расійскай імперыі. Па ўсіх паказчыках: і ўзровень пісьменнасці, і тэхналогіі сельскай гаспадаркі, і многае-многае іншае.

Нават індустрыялізацыя ў Расійскай імперыі пачалася ў Польшчы і на Данбасе. Якая ж імперыя будзе праводзіць індустрыялізацыю ў «калоніях»?

Дык, можа, яны і не былі «калоніямі» ў класічным сэнсе гэтага слова? Можа там была нашмат больш складаная мадэль падпарадкавання?

Калі ўжо мы і хочам дастукацца да міжнароднай супольнасці, і прыводзіць нейкія зразумелыя ім аналогіі, то мы былі для Расіі тым, чым былі Уэльс ці Шатландыя для Англіі.

Так, у Уэльсе і Шатландыі таксама агрэсіўна насаджаліся англійская мова, парадкі, англійскае права і г. д. Руйнаваўся мясцовы лад і парадкі. Але яны не былі калоніямі. Як не была калоніяй і Беларусь.

Чытайце таксама:

«Не всё так однозначно». Палітолаг патлумачыў, чаму расіяне так лёгка пагаджаюцца падпальваць ваенкаматы

«Паміж Гітлерам і Адэнаўэрам трэба выбіраць Адэнаўэра». Нам можа не падабацца рыторыка расійскіх антыпуцінцаў, але гэта не падстава іх не падтрымліваць

Міфы, якія ляжаць у аснове еўрапейскай ідэнтычнасці

Клас
33
Панылы сорам
13
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
30