Іван Краўцоў Иван Кравцов Ivan Kravcov

Іван Краўцоў лічыць, што санкцыі шкодзяць Беларусі. Скрын відэа «Ток»

Санкцыі і лёс беларусаў

Іван Краўцоў лічыць, што санкцыі шкодзяць Беларусі.

«Санкцыі — гэта як хіміятэрапія, якая забівае дрэнныя клеткі разам з добрымі. Але хіміятэрапію спыняюць, калі не атрымалася забіць рак ці існуе пагроза забіць усё. Санкцыі павінны працаваць, быць эфектыўным інструментам для перамоваў. Бо санкцыі перашкаджаюць накопліваць энергію ў грамадстве», — лічыць Іван.

Ён гаворыць, што ў цяперашніх умовах, калі закрытыя граніцы, людзі пачынаюць больш ездзіць у Расію. У сітуацыі, якая склалася, на погляд Івана, вінаваты не толькі Лукашэнка, але і другі бок.

«Чаму цягнікі не ходзяць у Вільню? Я гэта не разумею. Што, Лукашэнка карыстаецца электрычкамі?»

Краўцоў лічыць, што санкцыі — гэта інструмент не апазіцыі, а Захаду. На яго погляд, калі нават будуць перамовы аб вызваленні палітычных зняволеных, то яны будуць без удзелу беларускай апазіцыі. Яе магчымы ўдзел ён акрэслівае толькі ў кансультатыўным фармаце.

Санкцыі ў сённяшніх умовах, на погляд Краўцова, не маюць той сілы, што мелі раней. Але пытанне не ў тым, які ёсць іншы механізм, а ў тым, што можна рабіць у актуальнай сітуацыі:

«У нас цяпер ёсць канкрэтная праблема. Яна заключаецца ў тым, што грамадства губляе сябе. Людзі не могуць паехаць у Еўрасаюз, а пачынаюць быць зачыненымі ў Беларусі. У нас увесь бізнэс пераключаецца на Расію. Там адкрываюць кавярні, філіялы і гэтак далей. Мы гэтага хочам? Мы хочам пяць гадоў з Варшавы глядзець, як Беларусь пераключаецца на Расію? Як людзі перастаюць ездзіць вучыцца на Захад, а пачынаюць ездзіць вучыцца ў Піцер?»

Іван заўважае, што ў пытанні санкцый вельмі важна прызнаць, што ў Лукашэнкі атрымалася ў 2020 годзе ўтрымацца ва ўладзе.

Ён тлумачыць, што не перагарнуў старонку, як той казаў, але разважае, што можна рабіць менавіта ў цяперашніх умовах.

«Таму што парадыгма дзеянняў Офіса Святланы Ціханоўскай, НАУ і іншых да сённяшняй пары знаходзіцца ў сітуацыі 2020 года. Яны спрабуюць дагуляць вось гэты сюжэт: яшчэ трошачкі, мы зараз паднаціснем, і ўсё роўна 2020 год пераможа. Але 2020-ты не змяніў рэжыму Лукашэнкі.

2020-ты кансалідаваў беларускае грамадства. Гавораць, што ён стварыў грамадзянскую нацыю. 2020 год — суперважная гісторыя ў нашым падручніку. Эфекты 2020-га будуць яшчэ доўга. Але трэба даваць сабе справаздачу, у якой сітуацыі ты знаходзішся», — выказвае сваё бачанне Краўцоў.

Санкцыі, падкрэслівае Іван, працуюць вельмі неістотна і не прывядуць да змены рэжыму. Таму гаварыць, што санкцыі — інструмент для змены рэжыму, не адпавядае рэальнасці.

Што рабіць, калі варыянтаў амаль няма

Іван не можа сказаць, што трэба рабіць у актуальнай сітуацыі.

«Я ў гэтым выпадку песімістычна гляджу. Я не ўпэўнены, што мы зможам гэта зрабіць, таму што шмат энергіі, якая сілкуе ў тым ліку і тое, што цяпер робіцца, ляжыць у плоскасці 2020 года.

Мяркую, што Паўлу Латушку будзе цяжка сабе самому сказаць «Я не буду міністрам». І тут пытанне жыццёвай філасофіі. Некаму прасцей працягваць дзейнічаць, як бы дзяўбці сцяну — мы калісьці гэта прыдумалі, але мы не гаварылі пра тое, што цяпер адбываецца. 

Але ў некага жыццёвая філасофія іншая. Нехта разумее, што ў пэўны момант неабходна спыніцца і падумаць, што часам тое, што табе здаецца вельмі правільным, эфектыўным, адзіна магчымым, прыводзіць да таго, што ты нешта прапускаеш. Калі ты бачыш толькі адзін варыянт, гэта ўжо падазрона»,

— тлумачыць Краўцоў і адзначае, што ў сённяшняй сітуацыі асноўная задача — дэмакратызацыя Беларусі. А вось як да гэтага прыйсці — іншае пытанне.

«Вялікая памылка, якую паўтараюць шмат разоў, гэта ўпірацца ў Лукашэнку, гаварыць «вось Лукашэнка сыдзе і ўсё атрымаецца». Але нічога не атрымаецца. Качанава прыйдзе, Сергеенка, нехта яшчэ. У гэтай закрытай сістэме ў іх будзе больш магчымасцей узурпаваць уладу», — лічыць Краўцоў.

Ён падкрэслівае, што людзі ў 2020-м вырашылі, што хочуць прадэманстраваць сваю нязгоду з палітыкай у краіне. І з гэтым улады і апазіцыя павінны лічыцца. Таму, заўважае Іван, калі гаварыць пра санкцыі і візы, то таксама неабходна лічыцца з людзьмі:

«Ты апазіцыянер, сядзіш за мяжою, і ў цябе тэарэтычна ўсё класна — ты змагаешся з рэжымам. Але ў Беларусі 9 мільёнаў чалавек, у якіх таксама ёсць свае запатрабаванні, сваё бачанне. Так можа трэба лічыцца з гэтымі людзьмі? Можа, пытанне не ў тым, каб быць самым класным рэвалюцыянерам, а ў тым, каб падумаць, як нам выйсці з гэтай складанай сітуацыі. Крыўдна тое, што добрых варыянтаў практычна не засталося. І ты застаешся з тым, каб чакаць, калі на гарызонце зʼявіцца добры варыянт».

Іван Краўцоў лічыць, што паездкі і сустрэчы прадстаўнікоў дэмсілаў — гэта таксама форма актыўнага чакання: «Тое, што ў Франка атрымалася стварыць каманду — гэта таксама актыў, які прынясе карысць усім беларусам. Іншая рэч, што не заўсёды для пэўнай сітуацыі ў цябе ёсць неабходныя інструменты. Табе патрэбны гаечны ключ, а ў цябе адвёртка. Казаць, што адвёртка нешта дрэннае, нельга.

Супер, што ў нас ёсць людзі, якія гавораць пра Беларусь на Захадзе. Але калі мы гаворым пра дасягненне выніку, то пакуль я не бачу, як гэта нам дапаможа дасягнуць выніку. На жаль, пакуль гэта толькі падтрымка існуючага стану ў трохі лепшым выглядзе».

Глядзіце цалкам:

Клас
17
Панылы сорам
17
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?