Царук Руслан судья Верховного суда Республіка Беларусь

Руслан Царук прызначаны суддзёй Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Фота: сацыяльныя сеткі

Руслан Царук, як і я, вучыўся на гістфаку БДУ, і нават паступілі мы з ім на факультэт у адным і тым жа годзе — 1995-м. Вучыліся, праўда, на розных аддзяленнях — я на архівазнаўстве, а ён на рускамоўнай плыні гісторыі. Знаёмыя былі перадусім таму, што ад пачатку жылі ў адным інтэрнаце. У адныя сяброўскія кампаніі, што праўда, ніколі не ўваходзілі, але мелі супольных знаёмых, праз якіх часам і перасякаліся, а таму прынамсі ведалі, як каго завуць, і віталіся пры сустрэчы на калідоры. 

Трэба сказаць, што з палітычнай арыентацыяй і я, і ён цвёрда вызначыліся ўжо ў той час, з самых першых дзён ва ўніверсітэце. Я адразу цвёрда стаяў на нацыянальных і адпаведна антылукашэнкаўскіх пазіцыях, а ён адразу ўліўся ў праўладную факультэцкую актыўнасць.

Не прыгадаю, каб ён тады быў у гэтай актыўнасці колькі-небудзь ключавой фігурай. Узроўню будучых вядомых прапагандыстаў Вадзіма Гігіна ці Юрыя Пракопава, якія тады таксама на гістфаку вучыліся, ён, здаецца, не дасягаў. Хоць магу, вядома, памыляцца, унутранага жыцця той супольнасці я зусім не ведаў, яна была мне варожая. Але сам я тагачаснага Руслана дакладна ўспрымаў як даволі дробную сошку, чыстага выканаўцу на падхваце. І чалавекам ідэйным ён не падаваўся, выглядаў проста маладым кар'ерыстам, які шукае ў жыцці простых шляхоў.

Помню, што менавіта ён насіў па нашым паверсе бланкі заяў у свежаствораны «лукамол», які тады называўся яшчэ не БРСМ, а БПСМ (Беларускі патрыятычны саюз моладзі). Мы заканчвалі тады другі курс, і ў прынцыпе ў мяне з сябрамі быў імідж абсалютна цвердакаменных нацыяналістаў (які быў, вядома, згодны з рэчаіснасцю), таму нават не ведаю, чаму нашага пакоя ён не прамінуў. Але чамусьці зайшоў і да нас, расказаў пра магчымасць запісацца ў новаствораную арганізацыю. Прытым прапанаваў на выбар запіс у актыўныя члены ці ў пасіўныя. Першае мела на ўвазе, што нешта ў арганізацыі трэба рабіць, другое — што фігураваць у ёй будзеш толькі «мёртвай душой», для імітацыі масавасці.

Натуральна, нас ні адно, ні другое не прываблівала, таму папоўніць ячэйку яму ў нашым пакоі не ўдалося. Нават не памятаю, ці прапаноўваў ён нам нейкія матэрыяльныя бонусы за ўступленне. Іншым прапаноўваў, бо адзін з маіх тагачасных дастаткова апалітычных аднагрупнікаў запісаўся ў пасіўныя члены, разлічваючы на дармовы праязны на метро. Атрымаў, праўда, у выніку дулю з макам.

Перыяд жа бліжэйшага майго сужыцця з Русланам Царуком пачаўся ўжо з восені таго самага года, з трэцяга курса. Наш першы інтэрнат («капейку») акурат тады паставілі на капітальны рамонт, патрэба ў якім да таго часу, трэба сказаць, саспела і пераспела. А тых, хто ў гэтым інтэрнаце перад тым жыў, растусавалі па некалькіх іншых — каго ў «дзясятку» насупраць філфака, каго ў «чацвёрку» насупраць Палаца спорту, а самую малую частку — на самы верхні 13-ы паверх у «сямёрку» на беразе Свіслачы. Не ведаю, чаму я з сябрамі патрапіў у гэтую, як аказалася, прывілеяваную (бо там былі найлепшыя побытавыя ўмовы) меншасць, але выйшла менавіта так. І адным з нашых суседзяў па блоку стаў якраз Руслан Царук.

Не магу, праўда, сказаць, што я тады з ім неяк блізка пазнаёміўся, сышоўся і пранік у глыбіню душы. Не, такога не было, вядома. Адносіны ўвесь той год, што мы ў тым блоку, як цяпер памятаю, пад нумарам 1301, пражылі, былі чыста суседскія, хоць, праўда, даволі прыязныя, дакладна не варожыя. Мы ў ягоныя справы не мяшаліся, ён у нашыя. Калі і быў Царук тады якім агентам ды пісаў якія рапарты на нас «куда следует», то гэта нам ніяк не адгукалася. Нейкай агітацыі за Лукашэнку ды «рускі мір» (тады такога паняцця не было яшчэ, праўда), наколькі памятаю, ён не спрабаваў сярод нас весці. І ўвогуле ці гаварылі мы з ім тады пра палітыку? Калі і гаварылі, то мне нічога не запомнілася. Не сварыліся дакладна. І нават цалкам верагодна, што недзе і фотка якая існуе сумесная з тых часоў — хоць у мяне асабіста, здаецца, такой няма (зрэшты, лічбавая эпоха тады яшчэ не настала, таму проста так, у прынцыпе, яшчэ не фоткаліся і не фоткалі, эканомілі кадры). 

Запомнілася ж тое, што Руслан быў ініцыятарам і арганізатарам у гэтай невялікай гістфакаўскай калоніі саматужнага таталізатара. Праводзіўся ён у дні, калі гуляліся чарговыя туры Лігі чэмпіёнаў. Кожны ўдзельнік рабіў стаўкі на ўсе матчы, а ў прызавы фонд ставіў бутэльку піва. Пасля ўсё тое піва паводле нейкай схемы дзялілася паміж трыма пераможцамі ў залежнасці ад занятых месцаў, то часам можна было замест адной пляшкі атрымаць некалькі. Мне нават пару разоў гэта ўдалося, а адзін раз было нават такое, што ўвесь прызавы фонд адышоў нашаму пакою.

Зрэшты, той фенаменальны выйгрыш, здаецца, быў ужо на іншым курсе і ў іншым інтэрнаце — замкадаўскай «тройцы». У блоку ў нас былі іншыя суседзі, а з Царуком мы пасля калі недзе і перасякаліся, то мімаходзь, на тых жа таталізатарах (якія, праўда, хутка заняпалі) ці дзесьці яшчэ. А з таго часу, як мы ў 2000 годзе вучобу скончылі і разбрыліся хто куды, я пра яго амаль 20 гадоў нічога не ведаў і не чуў. Ды нават і не цікава было, дзе ён і як, перасячэнне ў жыцці то ў нас было мімалётнае. І толькі недзе гадоў з 5 ці 6 таму (ці не на «недармаедскія» пратэсты 2017-га) недзе ён прамільгнуў як суддзя Светлагорскага суда (Светлагорск — ягоная радзіма), які камусьці за палітыку даў нейкія суткі ці штраф. І гэта было для мяне нечаканасцю.

Нечаканасцю было пабачыць яго менавіта сярод суддзяў, а не сярод іншых гатункаў лукашыстаў. Бо ўвогуле лукашыстам калі не ідэйным, то кар'ерным, як я пісаў вышэй, ён быў заўсёды. Хоць пасля аднекуль з лабірынтаў памяці выплыў успамін, што, здаецца, ён яшчэ ў тыя часы, як мы былі знаёмыя, паралельна з гістфакам завочна паступіў на юрыдычны. Але дапускаю, што акурат тут можа быць і аберацыя, а насамрэч усё было неяк не так. 

Зрэшты, гэта не так важна, як ён у суддзі выбіўся. Галоўнае — тое, што ў тыя часы, калі я быў з ім крыху знаёмы, у мяне нават думкі не ўзнікала, што гэты чалавек у будучыні будзе з такой лёгкасцю, а можа нават і з задавальненнем рэальна ламаць лёсы дзясяткаў і соцень людзей, асуджаючы іх на нялюдскія пакуты, а некага, можа, і на смерць. Руслан Царук ніколі не быў мне маральна блізкім, ідэалагічна быў заўсёды зусім чужы, але каб мяне некалі спыталі, ці благі ён увогуле як чалавек, то я, мабыць, адказаў бы, што не, у прынцыпе не благі, ва ўсякім разе не мярзотнік. 

Але хто чаго варты, па сапраўднаму вызначаецца толькі ў пераломныя часы. Менавіта яны нараджаюць як герояў-пакутнікаў, так і лютых пачвар. І чым далей, тым цяжэй утрымацца недзе пасярэдзіне. Цяпер, азіраючыся назад, проста не верыцца, што ў нейкім іншым жыцці мы маглі з гэтымі людзьмі суіснаваць, і нават даволі бесканфліктна.

Чытайце таксама:

Словы падтрымкі, якія працуюць, а якія не — меркаванне жонкі затрыманага

«Усё ж часы былі тады іншыя». Пахаванне Алеся Пушкіна ў 2023-м vs пахаванне Ларысы Геніюш у 1983-м

«Калі прачытаў пра тыя дровы, падумаў, што справы зусім дрэнь. А Судаленка сёння выйшаў»

Клас
34
Панылы сорам
13
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
15