Леанід Судаленка, першае фота на волі. Фота: з яго фэйсбука

Леанід Судаленка, першае фота на волі. Фота: з яго фэйсбука

Трохі ўспамінаў, якія ўрэзаліся ў памяць. 5 чэрвеня 2021 года, я на станцыі Параф'янава чакаю цягніка на Падсвілле, каб там сустрэцца са знаёмымі і павандраваць на машыне па Галубіцкай пушчы. Само сабой, гартаю стужку тэлеграма. Чытаю пра тое, якія абвінавачванні выставілі Леаніду Судаленку — у тым ліку, што дапамог дровы купіць сям'і, у якой галава сядзеў у турме за палітыку.

Я тады пільна сачыў за дэталямі ўсіх палітычных справаў. Каб ведаць, за што можна сесці, за што — не. Тады яшчэ меў спадзяванне, што можна будзе выбраць такую стратэгію паводзін, каб адначасова і нешта рабіць, і не сесці. Таму стараўся быць асцярожным.

Калі прачытаў пра гэтыя дровы, падумаў, што справы зусім дрэнь, калі такую звычайную дапамогу пацярпелым людзям запісваюць у абвінавачванне. Я ж не тое, каб шмат дапамагаў — але трохі дапамагаў людзям, якім горш, чым мне. Бо гэта хрысціянскі абавязак любові да бліжняга.

Доўга, усю дарогу я думаў пра гэтыя дровы. Потым на могілках у Ліплянах, каля магілы Язэпа Драздовіча я адкрыў тэлеграм і прачытаў, што Шрайбман тэрмінова выехаў з Беларусі пасля таго, як яго ў інтэрв'ю згадаў Пратасевіч. На ледавіковых пагорках, парослых соснамі, у Галубіцкай пушчы згадваў, што цікава было б пра гэтыя пагоркі распытаць Паўла Севярынца, геолага па адукацыі. Дарэчы, я некалі быў запытаўшы ў Севярынца пра радовішча даламіту пад Віцебскам, дык ён стаў мне шмат і падрабязна расказваць, і я рэдка чуў, каб Севярынец пра штосьці расказваў з такім захапленнем.

Таксама думаў, што нехта з нас траіх, што вандравалі па Галубіцкай пушчы, можа сесці, або быць вымушаным да эміграцыі. Дзякуй Богу, не сеў ніхто. Але ўсе трое выехалі. 

Я тады не ведаў, што за дзень да вандроўкі следчы падпісаў пастанову на ператрус «у Шиталя К. М., который является администратором чата «Докшицы для жизни».

А Леанід Судаленка адседзеў прысуджаныя яму два з паловай гады і сёння выйшаў на волю.

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
18
Абуральна
2