Алесь Пушкін Алесь Пушкин Ales Pushkin

Алесь Пушкін падчас мірнай дэманстрацыі 2020 года. Фота: сацыяльныя сеткі

Уладзіслаў Макавецкі таксама, як і Алесь Пушкін, мае мастацкую адукацыю. Як адзначае Уладзіслаў, пазнаёміліся яны ў 2020-м годзе на выставе, прысвечанай 100-годдзю УНОВІС.

У калоніі яны знаходзіліся ў розных атрадах і жылі ў розных бараках. Але гэта не перашкаджала Уладзіславу кожны дзень сустракацца з Алесем. Падчас размоў, як згадвае Макавецкі, абмяркоўвалі ўсё: жыццё, каханне, палітыку, мастацтва. Уладзіслаў адзначае, што пасля сустрэчы з Алесем Пушкіным у калоніі ён пачаў размаўляць па-беларуску.

Уладзіслаў Макавецкі Vladislav Makovetsky Владислав Маковецкий

Уладзіслаў Макавецкі лічыць, што Алесь Пушкін — Герой Беларусі. Скрын відэа

«Ён мастак сусветнага ўзроўню. Мастак, які на самай справе мастак. Ён жыў мастаком. Я яго памятаю такім. Вельмі свабодны чалавек. Нязломны беларус. Шчыры мастак. Ён наіўны і добразычлівы чалавек, які ўсім верыць, да ўсіх [ставіцца] з адкрытым сэрцам. Заўсёды ўсім усміхаецца. Размаўляе па-беларуску. У памяці ён застанецца для мяне светлым чалавекам. Ён герой Беларусі, легенда мастацтва»,

— дзеліцца сваімі ўражаннямі Уладзіслаў.

Макавецкі кажа, што яны планавалі ў далейшым займацца разам мастацтвам. «Мы добра з ім пазнаёміліся і збіраліся пасля ўсіх катаванняў, турмаў сустрэцца і займацца творчасцю. У мяне засталіся эскізы на будучыню», — кажа ён.

А марай для Алеся, як адзначае Уладзіслаў, была незалежная, дэмакратычная Беларусь.

Пра знаходжанне ў калоніі

Як згадвае Макавецкі, Алесь Пушкін адразу яму сказаў, што «не будзе супрацоўнічаць з рэжымам, не будзе для калоніі нічога маляваць. Прапановы ад адміністрацыі былі. Ён казаў, што можа намаляваць нешта для зэка, а не для адміністрацыі. Для зэкаў ён маляваў паштоўкі, партрэты. Ён ніколі не адмаўляў. І нічога за гэта не браў. Хаця можна на гэтым было і зарабіць. Хто што хацеў, тое яму і даваў. Былі правакацыі. Прасілі намаляваць эсэсаўца. Ён мне ўсё гэта расказваў».

Па словах Уладзіслава, Алесь Пушкін выдзяляўся сярод іншых нават сваім ростам.

«Калі ён ішоў за 200 метраў ад сталоўкі да барака, то яго адразу пазнаеш. Бо ён вышэйшы за іншых. Ён як бы не з гэтай планеты. Асаблівая паходка, манеры, жэстыкуляцыя».

Як ставілася адміністрацыя калоніі

Уладзіслаў адзначае, што ў калоніі трэба быць непрыкметным для адміністрацыі. «Калі цябе не відаць, калі ты шэрая маса, то гэта добра. Ты можаш жыць. А калі ты свабодная фігура, то вельмі цяжка», — успамінае ён.

Па словах Макавецкага, Алесь Пушкін імкнуўся адаптавацца да новых умоў. Але ва ўладаў былі іншыя планы.

«Ён гаварыў, што гэта гульня. Тут мусяць быць нейкія правілы. Я іх выконваю. Вы рабіце сваю справу. Я буду рабіць сваю. Але на самай справе рэжым хацеў яго зламаць. Ён не разумеў, чаму ён трапіў за краты. Не забойца, нічога не скраў. За мастацкую дзейнасць. Ён хацеў данесці і турэмшчыкам, што ён чалавек, які сядзіць за сваё мастацтва. Але яны гэтага не разумелі. Ці не хацелі разумець. Але ставіліся да яго нядобра», — дзеліцца Макавецкі.

Уладзіслаў згадвае пра тое, як Алеся Пушкіна прымушалі размаўляць на рускай мове.

«Яны яму кажуць: «Гавары нармальна». А ён пытаецца: «А як нармальна? Я ж нармальна даклад гавару». — «Не, не нармальна. Давай вось, каб я цябе разумеў». Яны разумеюць беларускую мову, але так рабілі наўмысна. Яму цяжка было пераходзіць на рускую мову», — распавядае Уладзіслаў Макавецкі.

Пра рашэнне вярнуцца ў Беларусь

Алесь Пушкін расказваў Уладзіславу, што з ім размаўляў Дзмітрый Кулеба і прапаноўваў застацца ва Украіне. Пытаўся, ці ведае Алесь, што ў Беларусі яму пагражае турэмны тэрмін. Але Пушкін падзякаваў яму за папярэджанне і сказаў, што мусіць ехаць дадому, бо там жонка, дзеці, Беларусь.

«Ён сказаў, што мастацтва беларускага мастака павінна быць у Беларусі. Ён ведаў, што яго там чакае. Ведаў, на што ідзе. Ён мне пра гэта казаў», — адзначае Макавецкі.

Дзень і ноч. Вітраж Алеся Пушкіна з прыватнай калекцыі

Дзень і ноч. Вітраж Алеся Пушкіна з прыватнай калекцыі

Як Алесь Пушкін мог апынуцца ў гарадзенскай турме

Уладзіслаў згадвае, што падчас знаходжання ў калоніі Алеся Пушкіна неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар. Пазней, калі Уладзіслаў вызваліўся, ён даведаўся, што Алесь быў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу. Пасля таго, як ён там прабыў некалькі месяцаў, адбыўся суд, і Пушкіну прызначылі паўтара года турмы.

«Звычайна даюць год, а яму далі паўтара. Ён не парушаў ніякіх распарадкаў. Бо я ведаю, што ён такі чалавек, які на гэта не пойдзе — нешта парушаць. «Калі начальнік сказаў, то мы гэта зробім», — адзначае Макавецкі.

Уладзіслаў гаворыць, што не ведае, што магло адбыцца з Алесем Пушкіным у гарадзенскай турме.

«Ён заўсёды быў здаровы, вясёлы. Мы з ім заўсёды жартавалі. Алесь быў добразычлівы і да адміністрацыі калоніі. Ён з імі не ваяваў. Ён думаў: «Вось я сяджу. Вы мяне ахоўваеце. Вось у вас такая праца. А ў мяне такая — сядзець. А яны ўзялі і этапавалі яго яшчэ далей. Узмацнілі рэжым. Давялі да таго, што мы даведаліся, што яго няма», — зазначае Уладзіслаў Макавецкі.

Чытайце яшчэ:

Алесь Пушкін мучыўся страшнымі болямі, але яго не шпіталізавалі. Хто начмед у турме, дзе ён памёр

Галоўная таямніца Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін: «Я мару пра Беларусь з жыдамі й камуністамі»

Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
39
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?