Генадзь Коршунаў, Лявон Халатран, Жэня Сугак і Настасся Роўда Геннадий Коршунов, Левон Халатран и Настасья Ровда Genadz Korshunov, Levon Khalatran and Nastassya Rouda

Падчас дыскусіі. Скрын відэа

Што перашкаджае беларускам нараджаць

На думку Насты Роўды, цяпер у Беларусі створана такая сітуацыя, што жанчыны баяцца нараджаць, бо не маюць упэўненасці ў заўтрашнім дні. «Па-першае, праца, па-другое, рэпрэсіі, сябры ў турмах, няма грошай. Як усё спланаваць, каб нармальна зацяжарыць і нарадзіць планава, а не выпадкова?»

Для таго, каб стымуляваць нараджальнасць, на думку Насты, галоўнае — стварыць нармальныя ўмовы жыцця людзей у краіне.

«Трэба вярнуць закон у краіну і даць магчымасць людзям не баяцца за сваё сёння і заўтра. Эканамічная стабільнасць суперважная, калі ты плануеш сям'ю і дзяцей. З іншага боку, мы разумеем (і Беларусь з гэтым сутыкаецца, як і ўся Еўропа), што чым больш жанчына думае пра сябе, сваю карʼеру, свой уласны поспех, сваю самастойнасць, тым пазней яна прыходзіць да моманту, калі яна гатовая нараджаць».

На думку Лявона Халатрана, такія фактары, як эканоміка і бяспека, не так моцна ўплываюць, як усеагульная адукацыя.

«Калі жанчына становіцца роўнай мужчыну ва ўсіх сэнсах, то жаданне нараджаць адразу падае, хоць ты ў дзесяць разоў павяліч эканоміку і гэтак далей. У такім выпадку павелічэнню колькасці насельніцтва дапаможа іміграцыя».

На думку Генадзя Коршунава, у якога чацвёра дзяцей, паўплываць на сітуацыю можа ўдзел бацькі ў выхаванні дзіцяці.

«Каб жанчына не праз тры гады выходзіла на працу, згубіўшы частку кампетэнцый, а, напрыклад, параіўшыся з мужам, па чарзе сядзела з дзіцем. Жонка — месяц, муж — месяц».

Генадзь адзначыў, што яго жонка па адукацыі настаўнік-філолаг, але пакуль яна была ў дэкрэтным адпачынку, атрымала адукацыю па псіхалогіі, потым скончыла некалькі курсаў па псіхалогіі і цяпер дыстанцыйна працуе псіхолагам.

Чаму ў Беларусі пайшлі на забарону прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносін і чайлдфры

На думку Насты Роўды, ніякія забароны не змогуць павялічыць нараджальнасць.

«Калі чалавек не захоча, ён не народзіць. А ўсе гучныя заявы невядома на каго разлічаныя. Магчыма, ва ўладаў ёсць свой электарат, які прытрымліваецца такіх жа кансерватыўных поглядаў. А тое, што яны забараняюць прапаганду ЛГБТ+, то трэба адзначыць, што ў нас яе ніколі не было. У гэтай забароне я бачу капіяванне чужых практык. Тут яны ідуць услед за Расіяй».

Лявон Халатран заўважыў, што дзіўна, што яшчэ не забаранілі аборты, як у некаторых краінах Захаду.

На гэта Генадзь Коршунаў адказаў, што тое, што існуе на «варожым Захадзе», у Беларусі дакладна не будуць прымяняць. А рэч у тым, што ўлады шукаюць любыя сферы, напрамкі, дзе можна забараняць, звужаць прастору магчымасцей, і каб гэта не датычыла ўсіх.

«Калі паглядзець, што за апошні год забаранілі, то там спіс вельмі вялікі атрымліваецца. Гэта не толькі чайлдфры, ЛГБТ+. Уладальнікаў дронаў вельмі моцна прышчамілі, паляўнічых і гэтак далей. Яны павялічваюць сферу кантролю. Ідзе таталізацыя дзяржаўнага кіравання. Усё хочуць заціснуць наколькі можна», —

заўважае сацыёлаг.

Наколькі беларуская праблема падзення нараджальнасці адрозніваецца ад іншых краін

Генадзь Коршунаў адзначыў, што падзенне нараджальнасці назіраецца шмат у якіх краінах. Праблема ў Беларусі, на думку сацыёлага, абвастрылася, калі пачалася чарговая хваля эміграцыі пасля падзей 2020-га года. Да гэтага захаванню балансу, як і ў іншых краінах, дапамагала іміграцыя ў Беларусь. Калі паглядзець на даныя, да 2014-га года на двух чалавек, што выехалі, было тры чалавекі, што прыехалі. Пазней гэты паказчык павялічыўся. Да 2020-га года на аднаго чалавека, які з'ехаў, было два прыезджыя.

На думку Насты Роўды, «у межах вось гэтай агульнай праблемы ёсць беларускі кейс. Пакуль усе краіны ламаюць галаву над тым, як ім прывабіць, прыцягнуць людзей, як лепшыя «мазгі» ўрваць, якімі бонусамі завабіць людзей прыязджаць, нашы [дзейнічаюць па-іншаму] — «зʼязджайце ўсе, вы нам непатрэбныя. Ідзіце, нараджайце там». З іншага боку, улады свядома ці несвядома імкнуцца абмежаваць выезд людзей».

На погляд Генадзя Коршунава, ва ўладаў яшчэ не сфармавалася рашэнне, як збалансаваць сітуацыю. «З аднаго боку, ёсць вялікая колькасць тых, хто незадаволены тым, што адбываецца ў Беларусі. Іх, сапраўды, выкінуў з краіны — і лягчэй кіраваць. З іншага боку, пытанне ў тым, хто будзе працаваць. Таму яны вагаюцца. Але фактычна забаранілі вучыцца за мяжою, адмяніўшы адтэрміноўку ад арміі. Павялічваюць тэрміны размеркавання.

Гэта ўсё я бачу як таталізацыю кантролю. Пытанне, [што рабіць] з тымі, хто гэты кантроль адмаўляе і будзе яму супраціўляцца, да канца яны не распрацавалі. Праблема ў тым, што пернікаў няма. Што прапанаваць людзям? Ёсць толькі бізун».

Ці трэба змагацца за нараджальнасць?

На погляд Насты Роўды, у Беларусі, дзе і так няшмат насельніцтва, эканоміка не зможа нармальна развівацца пры далейшым змяншэнні яго колькасці. Акрамя таго, неабходна, каб людзі працавалі для таго, каб выплачваліся пенсіі.

«У грамадстве, дзе 80% пенсіянераў, а 20% тых, хто працуе, усе будуць жыць вельмі бедна. Таму павінна быць маладое, моцнае, працаздольнае насельніцтва, якое будзе генераваць грошы для ўсёй краіны і для сябе ў тым ліку».

Генадзь Коршунаў лічыць, што, калі глядзець на памер краіны, на шчыльнасць насельніцтва, Беларусі насельніцтва вельмі не хапае. «Хацелася б, каб беларусаў было шмат і каб яны жылі ў заможнай, прыгожай і вялікай краіне», — адзначае сацыёлаг.

Чытайце яшчэ:

Шматдзетныя цяпер змогуць працаваць на гадзіну менш

«Кумулятыўна мацней за санкцыі». Застрашанае рэпрэсіямі, з Беларусі ўцякае эканамічна актыўнае насельніцтва

Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін» і бяздзетнасці

Клас
9
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?