Пара чорнага і белага буслоў вывела птушанят у Германіі. Фота: az-online.de

Пара чорнага і белага буслоў вывела птушанят у Германіі. Фота: az-online.de

З 19 сакавіка вакол гнязда белых буслоў у нямецкім Людэры кіпелі жарсці: чатыры буслы біліся за права тут агнездавацца. Раней пазначаны людзьмі бусел Генрых у выніку перамог і чакаў на гняздзе сваю даўнюю партнёрку Ільзу. Але замест яе з'явілася настойлівая Ісіда — самка чорнага бусла: Генрых яе праганяў, але ў выніку прыняў.

З 14 красавіка незвычайная пара ўжо наседжвала яйкі. У маі ў гняздзе вылупіліся незвычайныя бусляняты: белыя з шэрай галавой. Цяпер яны шчасліва растуць на бялковай дыеце з чарвякоў, грызуноў, жаб і рыбы.

Другая пара з чорнага і белага буслоў у 2023 годзе была заўважаная ў Чэхіі ў мястэчку Горні Чэрэкеў (Horní Cerekev), толькі чорным там быў самец. Пасля некалькіх капуляцый яго, праўда, прагнаў самец белага бусла, але яйкі самка ў выніку адклала.

Спарванне чорнага і белага буслоў у Чэхіі. Фота Jan Ipri

Спарванне чорнага і белага буслоў у Чэхіі. Фота Jan Ipri

Звычайна чорны і белы буслы вядуць розны лад жыцця і рэдка сустракаюцца. Белыя буслы могуць жыць калоніямі звычайна побач з чалавекам, а чорны гняздуецца адзінкавымі парамі ў лясах або гарах і вядзе даволі скрытны лад жыцця.

Цікава, што ў 2020-2021 гадах у адной з вёсак у Клецкім раёне чорны бусел ганяў белых буслоў з іх гнёздаў, але таксама спрабаваў — беспаспяхова — заляцацца і да самкі белага бусла.

А ў іншым чэшскім мястэчку Хінаў (Chýnov) гэтай вясной незвычайная пара ўтварылася з дзвюх самак белага бусла. Яны абедзве ў пачатку мая адклалі яйкі ў адно гняздо.

Арнітолагі адзначаюць, што гэта першая рэгістрацыя аднаполай пары ў белых буслоў. У іншых відаў птушак гомасэксуальныя пары сустракаюцца даволі часта.

За паводзінамі птушак сочаць праз камеру на гняздзе. Абедзве бусліхі дабудоўвалі гняздо, віталі адна адну клёкатам, затым разам адклалі 8 яек, што і стала пацвярджэннем таго, што гэта дзве самкі.

Адна з іх і раней займала гэта гняздо, але ў пары з самцом. Іх гнездаванне было паспяховым: летась пара выгадавала трох птушанят. Але гэтай вясной самец не вярнуўся. Пазней прыляцела іншая самка бусла, якая засталася на гняздзе разам з першай.

Арнітолагі не разлічвалі, што з яек хтосьці вылупіцца, бо камера не зафіксавала капуляцый на гняздзе, а за яго межамі буслы займаюцца каханнем рэдка. Але частка яек аказалася аплодненай: з васьмі яек вылупілася пяць птушанят. Праўда, трое птушанят пасля загінула, яшчэ адно, слабое, забралі ў цэнтр рэабілітацыі, а адно пакінулі ў гняздзе.

Чытайце таксама:

«Яшчэ можна паспрачацца, хто большы драпежнік і хто прыносіць больш шкоды — бусел ці сіп». Экзатычная птушка пасялілася ў Лёзненскім раёне ў спустошанай буслянцы

Каля Заслаўя бусел з'еў смецце і памёр

Глускія энергетыкі перасялілі бусла, з-за якога ў вёсцы прападала электрычнасць

Клас
15
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
13
Сумна
1
Абуральна
4