dolphins дэльфіны дельфины

Дэльфіны таксама, як і людзі, сюсюкаюцца са сваімі дзецьмі. Фота: Getty Images 

Асаблівы «мацярынскі» патэрн (Motherese) прысутнічае ў розных культурах пры маўленні. Людзі звычайна мяняюць сваё маўленне пры размове з немаўлятамі такім чынам, каб прыцягнуць іх увагу, узмацніць эмацыйную прыхільнасць, дапамагчы малечы засвоіць мову.

Такое маўленне мае не толькі камунікатыўную і дыдактычную функцыі, але і дапамагае сацыялізавацца. Але доказаў існавання падобнага маўленчага шаблону сярод жывёл няшмат.

Міжнародная група навукоўцаў нядаўна апублікавала ў часопісе Proceedings of the US National Academy of Sciences (PNAS) вынікі свайго даследавання мовы дэльфінаў-афалінаў (Tursiops truncatus).

Гэты від дэльфінаў вызначаецца доўгатэрміновай сувяззю паміж маці і патомствам. Дзіцяняты афалінаў застаюцца побач з маці ад трох да шасці гадоў.

Навукоўцы даўно заўважылі, што цягам першых некалькіх месяцаў жыцця кожная афаліна выпрацоўвае сваю ўнікальную мелодыю (характэрны свіст), падобны да імя. Дэльфіны выкрыкваюць свае «імёны» ў вадзе, хутчэй за ўсё, для таго, каб сачыць адзін за адным.

Лічыцца, што «слоўнікавы запас» дэльфінаў налічвае да 14 тысяч гукавых сігналаў.

Для свайго даследавання вучоныя абралі дзікую папуляцыю дэльфінаў у заліве Сарасота на заходнім узбярэжжы амерыканскага штата Фларыда.

Даследчыкі прааналізавалі характэрныя свісткі 19 самак дэльфінаў у сітуацыях, калі яны знаходзіліся са сваімі дзіцянятамі, так і без іх. Аудыязапісы былі атрыманыя падчас ацэнкі стану здароўя гэтых жывёл па схеме «злавіў — адпусці», што праводзілася з 1984 па 2018 год.

Аналіз паказаў, што самкі ўтваралі характэрны свіст са значна больш высокімі максімальнымі частотамі і больш шырокім частотным дыяпазонам, калі яны знаходзіліся са сваім патомствам.

Навукоўцы адзначаюць, што такія адрозненні ў мове афалінаў вельмі падобныя да змен у маўленні людзей. Пры размове са сваім дзіцем маці таксама выкарыстоўваюць гукі з больш высокімі частотамі і больш шырокім дыяпазонам вышыні тону.

Для пацвярджэння атрыманых вынікаў вучоныя збіраюцца правесці аналіз характэрнага свісту дэльфінаў у больш натуральных умовах, у асяроддзі, дзе дэльфіны свабодна плаваюць.

Чытайце яшчэ:

За паўстагоддзя ў свеце стала на 69% менш дзікіх жывёл

У мінскім дэльфінарыі падчас прадстаўлення дэльфін выскачыў з басейна ВІДЭА

Расліны могуць гаварыць

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?