Беларуськалій. Фота: «Наша Ніва»

Беларуськалій. Фота: «Наша Ніва»

Нацыянальны статыстычны камітэт даўно перастаў публікаваць у адкрытым доступе інфармацыю па экспарце ўгнаенняў, што значна ўскладняе аналіз гадавой і бягучай сітуацыі па пастаўках.

Даводзіцца абапірацца на даследаванні міжнародных арганізацый (кампаній) і статыстыку гандлёвых партнёраў Беларусі, аднак гэта не дае цэласнай карціны таго, што адбываецца.

Што адбываецца на сусветным калійным рынку

У Міжнародным даследчым інстытуце харчовай палітыкі (IFPRI) адзначаюць, што ў 2023 годзе сітуацыя на сусветным рынку калію значна палепшылася ў параўнанні з папярэднім годам.

Цэны на ўгнаенні ўпалі з першапачатковых максімумаў «шокавага» 2022 года, з'явіліся новыя транспартныя маршруты і лагістычныя мадэлі. Пры гэтым глабальны рынак па-ранейшаму адчувае пэўныя складанасці. Напрыклад, працягваюць дзейнічаць санкцыйныя бар'еры ў дачыненні да беларускага калію.

Паводле звестак IFPRI, доля Беларусі ў сусветным экспарце калійных угнаенняў скарацілася з 18% у 2021 годзе да 9% у 2023 годзе.

Доля Канады вырасла з 43% у 2021 годзе да 50% у 2022 годзе, а затым зноў практычна вярнулася да зыходнага паказчыку. Пры гэтым краіна застаецца найбуйнейшым глабальным пастаўшчыком калію.

Расія нарасціла сваю прысутнасць на сусветным рынку з 18% да 20%. Астатнія краіны свету павялічылі сукупную долю на рынку з 20% у 2021 годзе да 29% у 2023 годзе.

Кітай — галоўны пакупнік беларускага калію

Паводле інфармацыі Галоўнага мытнага ўпраўлення КНР, у студзені-снежні 2023 года сукупны аб'ём імпарту Кітая па таварнай пазіцыі «ўгнаенні мінеральныя або хімічныя, калійныя» склаў $4,75 млрд.

Для параўнання: у студзені-снежні 2022 года за імпарт калійных угнаенняў Кітай заплаціў $4,32 млрд.

У 2023 годзе найбольшы аб'ём закупак (па кошце) прыходзіўся на Беларусь: з нашай краіны КНР імпартавала калійных угнаенняў на суму каля $1,46 млрд (у 2022 годзе — $928,2 млн).

Максімальны аб'ём увозу з Беларусі назіраўся ў красавіку ($170,36 млн), маі ($170,38 млн) і чэрвені ($196,6 млн). Мінімальны паказчык адзначаны ў лістападзе 2023 года ($28,2 млн).

Беларусь змагла павялічыць сваю долю ў кітайскім імпарце калію з 22% у 2021 годзе да 29% у 2023 годзе.

«Улічваючы, што агульны імпарт калію ў КНР вырас больш чым на траціну ў параўнанні з 2021 годам, доля Беларусі прыкметна павялічылася. Гэтаму спрыяў значны рост чыгуначных перавозак беларускага калію праз Расію», — адзначаюць эксперты IFPRI.

У бягучым годзе Кітайская Народная Рэспубліка працягнула закупляць калій з Беларусі: па выніках студзеня-сакавіка імпарт склаў $237,6 млн.

Хто яшчэ імпартуе ўгнаенні з Беларусі

Паводле звестак UN Comtrade, у 2023 годзе калійныя ўгнаенні з Беларусі паступалі на рынак Бразіліі. Закупкі абышліся паўднёваамерыканскай дзяржаве ў $349,1 млн. Пры гэтым доля Беларусі ў імпарце Бразіліі ўпала з 18% у 2021 годзе да 8% у 2023 годзе.

Акрамя таго, аб закупках паведамлялі:

  • Парагвай ($30,6 млн);
  • Малайзія ($2,4 млн);
  • Шры-Ланка ($1,2 млн);
  • Азербайджан ($1,0 млн);
  • Нікарагуа ($372,4 тыс.);
  • Філіпіны ($367,9 тыс.);
  • М'янма ($332,0 тыс.).

Паводле ацэнак Міжнароднага гандлёвага цэнтра, летась Тайланд заплаціў за імпарт беларускага калію $35,3 млн, Турцыя — $5,2 млн, Балівія — $592 тыс., Коста-Рыка — $352 тыс. Невялікія партыі ўгнаенняў таксама паступілі на рынкі Сальвадора (толькі сакавік і май) і Японіі (толькі ліпень).

Варта ўлічваць, што статыстычная інфармацыя фармуецца з часовым лагам і больш поўны набор даных з'явіцца толькі да канца другога квартала 2024 года.

Акрамя таго, маюцца складанасці з доступам да статыстыкі шэрагу краін. Напрыклад, многія дзяржавы Афрыкі нерэгулярна публікуюць інфармацыю аб экспарце/імпарце, а асобныя краіны спынілі (абмежавалі) распаўсюджванне падрабязных знешнегандлёвых даных.

Праблемным рынкам для Беларусі застаецца Індыя. Згодна з разлікамі Міжнароднага даследчага інстытута харчовай палітыкі, наша краіна страціла сваю долю ў калійным імпарце Індыі. У той жа час назіраецца рэзкі рост долі Расіі: з 4,4% у 2021 годзе да 29% у 2023 годзе.

Ключавым пытаннем для Беларусі застаецца аднаўленне паставак на індыйскі рынак, які раней стабільна прыносіў нашай краіне вялікі аб'ём валютнай выручкі.

Клас
12
Панылы сорам
3
Ха-ха
9
Ого
7
Сумна
6
Абуральна
13