Яўген Прыгожын, расійскі мільярдэр і кіраўнік ПВК «Вагнер». Фота з ягонага тэлеграм-канала

Яўген Прыгожын, расійскі мільярдэр і кіраўнік ПВК «Вагнер». Фота з ягонага тэлеграм-канала

Яўген Прыгожын задаецца пытаннем, чаму ўкраінская армія не пераходзіць у контрнаступ, хоць, прызнае ён, мае для гэтага сілы і сродкі? Прыгожын прыходзіць да высновы, што за гэтым можа крыцца свядомая тактыка Захаду: прывесці Расію да пункту кіпення, каб стомленая бясконцай вайной краіна ўзарвалася зсярэдзіны.

Прыгожын, былы крымінальнік, якога Уладзімір Пуцін наблізіў да сябе і зрабіў мільярдэрам, чалавек абсалютна залежны ад Крамля, якому даверылі кіраваць прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнер», якая ўяўляе сабой цяпер адну з самых баяздольных сілаў РФ, бачыць унутры Расіі ўплывовыя сілы, якім таксама выгадны такі сцэнар. 

Артыкул напісаны тыповым для Прыгожына віціеватым слогам, калі сэнсава нагружаныя пасылы ўпакаваныя ў рулоны ідэалагічнай упакоўкі.

«Украінская армія сабрала дастатковую колькасць сілаў, — піша Прыгожын. — Каля 200 тысяч ужо дастаткова падрыхтаваных байцоў, якія прайшлі двух-трохмесячную падрыхтоўку і зладжванне, гатовыя да выканання баявых задач.

Колькасць узбраення і боепрыпасаў цалкам дастаткова для таго, каб гэтыя 200 тысяч пайшлі ў наступ па розных напрамках. Гатовыя да контрнаступлення войскі знаходзяцца ў раёнах засяроджвання — ім усяго хапае», — піша Прыгожын, які мае доступ да даных расійскай разведкі.

На погляд Яўгена Прыгожына, доўгая абарона ўкраінскімі войскамі Бахмута і пастаянныя пераносы даты пачатку контрнаступу — свядомы план.

«Англасаксы стрымліваюць Зяленскага» і прытарможваюць наступ, піша набліжаны да Пуціна.

«ЗША не патрэбна хуткая вайна. Ім патрэбная вайна, якая прывядзе да змены перакананняў «глыбіннай дзяржавы» і яе перамогі».

Прыгожын запазычвае з лексікону аматараў тэорый змоў гэты тэрмін «глыбінная дзяржава». Ëн тлумачыць яе як супольнасць калядзяржаўных элітаў, якія дзейнічаюць незалежна ад палітычнага кіраўніцтва дзяржавы, маюць цесныя сувязі і ўласны парадак дня. Каго мае на ўвазе Прыгожын, ён паказвае прыкладамі. Ëн называе Хадаркоўскага, Чубайса, Фрыдмана, Дварковіча — бізнэсоўцаў і чыноўнікаў, якіх адносілі да ліберальнага крыла постсавецкай расійскай эліты. Аднак намякае на прысутнасць людзей з такімі поглядамі і інтарэсамі і ўнутры цяперашняй улады ў Расіі як на федэральным, так і на рэгіянальным узроўні.

На погляд Прыгожына, «многія з тых, хто яшчэ ўчора падтрымліваў спецаперацыю, сёння знаходзяцца ў сумневах, альбо катэгарычна супраць таго, што адбываецца. Прадстаўнікам глыбіннай дзяржавы хочацца тэрмінова вярнуцца да свайго звычайнага жыцця, старых звычак і камфорту».

Такія людзі «на нарадах маўчаць, выказваюць свае сумневы. А пры прыняцці рашэнняў па бюракратычных працэдурах тармозяць тыя ці іншыя дзеянні, накіраваныя на перамогу ў гэтай вайне».

Кіраўнік ПВК «Вагнер» без аптымізму ацэньвае стан расійскай арміі. Ці можа быць такое, што «ВСУ ўпруцца ў абарону РФ, панясуць сур'ёзныя страты, пасля чаго пачнецца каласальнае контрнаступленне войскаў РФ да межаў ДНР, або да Дняпра, ці ўвогуле да Польшчы»? Прыгожын адказвае далікатна: «улічваючы сённяшнюю дынаміку і праблематыку, такое контрнаступленне, скажам мякка, не вельмі імавернае».

Прыгожын мяркуе, што больш рэальны іншы варыянт, што «ўкраінская армія распачне контрнаступленне і дзесьці здолее прарваць абарону».

«У гэтым выпадку ў войску, якое гадамі сябе лічыла адным з найлепшых войскаў свету, могуць пачацца спачатку ўпадніцкія настроі, а потым сітуацыя дэградуе, як гэта ўжо было пасля прайграных войнаў пачатку ХХ стагоддзя — Фінскай, Японскай — і трагічных падзей 1917 года».

«Гэта можа прывесці да глабальных зменаў у расійскім грамадстве. Народ ужо шукае вінаватых у тым, што мы не самая моцная армія ў свеце, а ў гэтай сітуацыі будуць шукаць «крайніх», — засцерагае Прыгожын.

Прыгожын прапануе зваліць віну за правал імперыялістычнай вайны ва Украіне на «ўнутраных ворагаў», у тым ліку ў дзяржапараце.

«І гэтымі «крайнімі» стануць, безумоўна, прадстаўнікі «глыбіннай дзяржавы». Гэта значыць тыя людзі, якія на сённяшні дзень, не прыкладваючы намаганняў да ваеннай аперацыі, знаходзяцца як мага далей ад тэатра ваенных дзеянняў, спрабуюць не страціць свае капіталы, жыць звыклым жыццём, а гэта абсалютна непрымальна для стомленага ад вайны і які губляе смак перамогі народа».

Гэта, на думку Прыгожына, дазволіць адвесці народны гнеў за прайграную вайну і шматлікія чалавечыя ахвяры ад кіраўніцтва Расіі»

«Пры гэтым вярхоўнай уладзе Расіі нічога не пагражае, бо яна сімвал нацыянальнага яднання і супраціву Захаду, а гэта аснова сённяшняга існавання і галоўнае тлумачэнне любых праблем для патрыятычных сіл унутры Расіі».

Выказаўшы гэтыя недвухсэнсоўныя пагрозы крыпталібералам, Прыгожын прагаворвае і іншы магчымы варыянт: паставіць нейкую тлустую кропку ў спецыяльнай ваеннай аперацыі. І гэта можа быць заява аб яе завяршэнні.

«Ідэальны варыянт — гэта аб'явіць аб заканчэнні СВА, паведаміць усім аб тым, што Расія дасягнула тых вынікаў, якія планавала, і ў нейкім сэнсе мы сапраўды іх дасягнулі.

Мы перамалолі велізарную колькасць байцоў УСУ [насамрэч, мяркуючы па ўсім, страты расійскай арміі на полі бою ў разы перавышаюць украінскія — як па колькасці забітых і параненых, так і па страчаных адзінках тэхнікі, прычым страты ПВК «Вагнер» асабліва вялікія — НН] і можам самі сабе даць справаздачу аб тым, што задачы СВА выкананыя».

На думку Прыгожына, максімум, што можа зрабіць зараз Расія — замацавацца на тых тэрыторыях, якія ўжо ёсць.

«Расія адрэзала Азоўскае і вялікі кавалак Чорнага мора, захапіла тлусты кавалак тэрыторыі Украіны і стварыла сухапутны калідор у Крым. Цяпер застаецца толькі адно: намёртва замацавацца, запусціць кіпці ў тыя тэрыторыі, якія ўжо ёсць», — прапануе Прыгожын.

Прыгожын таксама з горыччу канстатуе правал вялікага плана Масквы па ліквідацыі ўкраінскай дзяржаўнасці: «Калі раней Украіна была часткай былой Расіі, то цяпер гэта абсалютна нацыянальна-арыентаваная дзяржава».

«Нацыянальна-арыентаванымі» ў цяперашнім расійскім дыскурсе называюць незалежныя нацыянальныя дзяржавы Усходняй Еўропы і палітычныя сілы, якія такі курс падтрымліваюць.

«Гэтыя працэсы з пытаннем «А навошта мы тады ваявалі?», безумоўна, запусцяць механізм цэнтрабежных сілаў у рэгіёнах», — некалькі разоў прагаворвае ў сваім артыкуле Яўген Прыгожын гэты кашмарны для Крамля сцэнар.

Чытайце яшчэ:

У Расіі знайшлі ўжо сем могілак, на якіх масава хаваюць загінулых вагнераўцаў

Расійскія ўлады шукаюць замену ПВК «Вагнер» — брытанская разведка

«Падзе Крым». Прыгожын дапускае, што абвал фронту можа пачацца пад Бахмутам 

Клас
15
Панылы сорам
2
Ха-ха
34
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
18