Заклапочанасць Пуціна ўкраінскай тэмай праяўлялася і раней. Ён то гадзінамі размаўляе на гэтую тэму з Макронам, то піша велізарныя калонкі ў расійскія газеты. Разбіраем па пунктах, што не так з наратывамі Пуціна ў ягонай данбаскай прамове.

«Здаўна жыхары паўднёва-заходніх гістарычных старажытнарускіх зямель называлі сябе рускімі і праваслаўнымі…»

Пуцін у гэтым выказванні свядома змешвае абсалютна розныя паняцці: рэлігійную прыналежнасць (праваслаўныя), а таксама этнонім «рускія», які ў розныя часы абазначаў розныя паняцці.

Напрыклад, зборным назоўнікам «русь» (у адзіночным ліку — «русін») абазначалі славянскае насельніцтва Усходняй Еўропы, у межах гістарычных рускіх княстваў, ядром якіх была тэрыторыя сучаснай Украіны, Беларусі і паўночна-заходняй часткі Расіі. 

У Вялікім Княстве Літоўскім этнонім «русін» абазначаў праваслаўнага ці грэка-каталіцкага жыхара, які гаварыў на адным з усходнеславянскіх дыялектаў. Аднак нашы продкі аддзялялі сябе, «рускіх», ад «маскоўцаў», «маскалёў». 

У часы Расійскай імперыі, якая прэтэндавала на спадчыну Кіеўскай Русі, «рускімі» называлі сучасных расіян, украінцаў і беларусаў. Прычым продкаў сучасных рускіх называлі «вялікаросамі».

Канчаткова этнонім «рускія» ў сваім сучасным, вузкім значэнні (калі рускімі пачалі зваць толькі «велікаросаў») замацаваўся толькі ў 1920-я гады.

Такім чынам, у часы, пра якія кажа Пуцін, словы русь / русін / рускі мелі нашмат больш шырокае значэнне, чым зараз. Свядома змешваючы блізкія па гучанні этнонімы з розных эпох і стагоддзяў, Пуцін імкнецца абгрунтаваць сваё права на ўсе землі гістарычнай Русі.

Гэта настолькі ж абсурдна, як калі б сучасная Германія пачала абгрунтоўваць свае правы на землі сучасных Нідэрландаў толькі таму, што старажытныя этнонімы сучасных немцаў і галандцаў таксама паходзілі ад аднаго слова (параўнайце англійскае слова Dutch, нямецкае Deutsch і галандскае Duits).

«Сучасная Украіна цалкам была створана Расіяй, дакладней, бальшавіцкай, камуністычнай Расіяй»

Пуцін ужо не раз заяўляў аб «стварэнні Украіны» бальшавікамі. Ён пералічвае найбольш распаўсюджаныя міфы, штампы, расказы і маніпуляцыі аб Украіне і яе гісторыі.

Упершыню тэрмін «Украіна» з'явіўся ў Кіеўскім летапісе 1187 года. Калі была першая згадка гэтай назвы ў XII стагоддзі, яшчэ не існавала ні Расіі, ні Маскоўскага княства, ні Рэчы Паспалітай, ні Аўстрыйскай імперыі. Далей, у наступныя гады пасля першага згадвання, Украіна ў летапісах з'яўляецца некалькі разоў.

У ХІХ стагоддзі, з аб'яднаннем большасці ўкраінскіх зямель і стварэннем украінскага тэрытарыяльнага масіва назва Украіна становіцца абазначэннем украінскай нацыянальнай тэрыторыі. Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя, назва Украіна ўжываецца ва ўкраінскім грамадзянскім і прыватным жыцці, вызначаючы ўсю тэрыторыю ўкраінскага народа.

Свою Україну любіть.
Любіть її… Во врем'я люте.
В останню, тяжкую минуту
За неї Господа моліть.

Гэтыя словы ўкраінскі класік Тарас Шаўчэнка напісаў за дзесяцігоддзі да таго, як Уладзімір Ленін з’явіўся на гэты свет.

Прамова Пуціна, хоць і была вытрыманая ў апакаліптычным стылі, стала аб'ектам для жартаў.

Прамова Пуціна, хоць і была вытрыманая ў апакаліптычным стылі, стала аб'ектам для жартаў.

«У 1954 годзе Хрушчоў чамусьці адабраў у Расіі Крым і таксама падарыў яго Украіне»

Гаворка ішла аб цалкам прагматычных рэчах. «Улічваючы тэрытарыяльнае прыцягненне Крымскай вобласці да Украінскай ССР, супольнасць эканомікі і цесныя гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж Крымскай вобласцю і Украінскай ССР». Такой была матывацыя перадачы Крыма ў афіцыйных савецкіх дакументах. Коратка і ясна.

Больш за тое, практычна аднаасобна кіраваць СССР Хрушчоў стаў толькі ў 1957 годзе. Восенню 1953 года, калі канчаткова выспела рашэнне па Крыме, і ў студзені 1954-га, калі стартаваў працэс перадачы паўвострава, Хрушчоў не меў магчымасці рабіць так, як яму ўздумаецца.

Члены Прэзідыума ЦК, галасуючы за перадачу Крыма, бралі пад ўвагу аб'ектыўныя эканамічныя прычыны, а не міфічныя «капрызы» Мікіты Хрушчова.

«Пазносілі ва Украіне помнікі Леніну. Гэта ў іх дэкамунізацыяй называецца…»

У сваім звароце Пуцін крытыкуе Украіну за дэкамунізацыю і ліквідацыю савецкай ментальнай спадчыны. Такая крытыка Украіны гучыць вельмі дзіўна ад прэзідэнта Расіі, краіны, якая адной з першых правяла ў сябе дэкамунізацыю, хоць і частковую ды абмежаваную: вярнула Ленінграду, Куйбышаву і Свярдлоўску спрадвечныя назвы Пецярбург, Самара і Екацярынбург, дэмантавала помнікі Леніну на цэнтральных плошчах вялікіх гарадоў, адной з першых правяла рынкавыя эканамічныя рэформы.

Украіна пачала сваю дэкамунізацыю нашмат пазней за Расію, але гэта чамусьці выклікае нервовую рэакцыю Расіі.

«Украінскае грамадства сутыкнулася з ростам крайняга нацыяналізму, які хутка набыў форму агрэсіўнай русафобіі і неанацызму»

Ва Украіне радыкальныя нацыяналістычныя сілы з’яўляюцца надзвычайна маргінальнымі і слабымі, яны не маюць істотнага ўплыву на грамадска-палітычнае жыццё дзяржавы. 

Самая моцная нацыянал-кансерватыўная партыя «Свабода» — яна па пазіцыях блізкая да французскага Нацыянальнага фронту і нямецкай «Альтэрнатывы для Германіі» — на выбарах у Раду не пераадолела і 5% бар’ер і па партыйных спісах нават не трапіла ў парламент. А па аднамандатных акругах здолела правесці ў парламент толькі аднаго дэпутата.

Адзін дэпутат ад нацыяналістаў на цэлую Раду — бадай, цяжка знайсці іншую еўрапейскую краіну, дзе б нацыяналісты і нацыянал-кансерватары былі б такімі слабымі і непапулярнымі.

Больш за тое, Расія падтрымлівае цесныя сувязі з тым жа Нацыянальным фронтам і «Альтэрнатывай для Германіі», ды нават з яшчэ больш радыкальнымі сіламі. Дзейнасць Ле Пэн, Сальвіні і Орбана падкрэслена прыязна асвятляецца расійскай прапагандай. Але крайні нацыяналізм — гэта Парашэнка і Зяленскі.

Дзіўнымі гучаць абвінавачванні Украіны і ў русафобіі. Ва Украіне жывуць мільёны этнічных рускіх. Больш за тое, у 2019 годзе ўкраінскія грамадзяне ў якасці прэзідэнта выбралі Уладзіміра Зяленскага — рускамоўнага яўрэя, які ну ніяк не цягне на ролю ўкраінскага нацыяналіста ці русафоба.

«Майдан не наблізіў Украіну да дэмакратыі і прагрэсу, краіна перажывае грамадска-палітычны крызіс»

Менавіта Майдан дазволіў Украіне не скаціцца ў аўтарытарызм, дазволіў зберагчы шанец на будаўніцтва кансалідаванай дэмакратыі з рынкавай эканомікай. Таксама Майдан дазволіў краіне зберагчы стратэгічны курс на еўраатлантычную інтэграцыю — курс, які прапісаны ва ўкраінскіх законах, і які падтрымлівае абсалютная большасць насельніцтва гэтай краіны.

Пасля Майдана ва ўкраінскую ўладу прыйшлі многія актывісты і новыя твары, якія сталі драйверамі эканамічных і сацыяльных рэформаў. Нягледзячы на фактычную акупацыю Расіяй галоўнага індустрыяльнага рэгіёна Украіны (Данбаса), а таксама галоўнага рэкрэацыйнага рэгіёна (Крыма), нягледзячы на патрэбу траціць шалёныя грошы на нацыянальную абарону на фоне расійскай агрэсіі, Украіна за апошнія гады вярнулася да ўстойлівага эканамічнага росту. Краіна правяла маштабныя рэформы ў мясцовым самакіраванні, стварыла рынак зямлі, дабілася поспехаў у лічбавізацыі дзяржаўных паслуг, амаль з нуля пабудавала армію і сістэму нацыянальнай абароны. За апошнія гады краіна ператварылася ў адзін з галоўных аўтсорсінгавых цэнтраў распрацоўкі праграмнага забеспячэння ў Еўропе.

За 2016—2021 гады Украіна паказала лепшыя тэмпы эканамічнага росту, чым Беларусь і Расія. Краіна з года ў год збірае рэкордныя ўраджаі. У 2021 годзе сярэднія заробкі ва Украіне зраўняліся з беларускімі.

Ва Украіне, нягледзячы на нестабільнасць і неспрыяльную сітуацыю ў свеце, адбываецца цывілізаваная змяняльнасць улады, як, напрыклад, у 2019 годзе. Такая ратацыя элітаў з’яўляецца драйверам для эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу.

«Украінцы масава пакідаюць Украіну»

У сваім звароце Пуцін звярнуў увагу на імклівую дэпапуляцыю Украіны. Маўляў, краіну пакінулі ў пошуках лепшай долі мільёны людзей. І гэта праўда. Але ёсць нюансы.

Найбольш імклівы працэс дэпапуляцыі Украіны быў у 1990-я гады, а таксама з прыходам да ўлады прарасійскага палітыка Віктара Януковіча.

Насуперак пуцінскай прапагандзе, пасля падзей 2014 года не толькі краіна пачала інтэнсіўна развівацца эканамічна, але і колькасць украінцаў, якія выязджаюць з краіны назаўжды, істотна знізілася.

Больш за тое, працоўная міграцыя з’яўляецца абсалютна нармальным працэсам для краін у працэсе рэфармавання, для грамадзян якіх толькі нядаўна адкрыліся замежныя рынкі працы, дзе яны могуць зарабіць больш. Падобныя хвалі міграцыі ў свой час перажывалі і Польшча, і Літва, і іншыя постсацыялістычныя краіны, але з ростам дабрабыту многія людзі пачалі вяртацца дадому, і міграцыйнае сальда зноў стала станоўчым.

Ды і ў самой Расіі сітуацыя з міграцыяй не сказаць каб надта добрая. Паводле ААН, за мяжой пражываюць больш за 10 мільёнаў выхадцаў з Расіі. Гэта трэці па велічыні паказчык пасля Індыі і Мексікі.

«Незалежнага суда ва Украіне папросту няма…»

Тут хай пракаментуе Басманны суд Масквы.

«Працягваецца курс на дэрусіфікацыю і прымусовую асіміляцыю…»

«Вярхоўная Рада безупынна выпускае ўсё новыя дыскрымінацыйныя акты, ужо дзейнічае закон аб так званых карэнных народах. Людзям, якія лічаць сябе рускімі і хацелі б захаваць сваю ідэнтычнасць, мову, культуру, проста далі зразумець, што ва Украіне яны чужыя», — кажа Пуцін.

І праўда, ва ўкраінскі закон аб карэнных народах не ўключылі рускіх. Але, здаецца, Пуцін зусім не валодае тэрміналогіяй і проста не разумее, чым адрозніваюцца паняцці «тытульная нацыя», «карэнны народ» і «нацыянальная меншасць». Бо ўкраінцы, альбо закарпацкія венгры, напрыклад, таксама не з’яўляюцца карэннымі народамі Украіны. 

Ва ўсім свеце пад «карэнным народам» разумеюць этнічную супольнасць, якая сфармавалася на тэрыторыі нейкай дзяржавы, з'яўляецца носьбітам самабытнай мовы і культуры, мае традыцыйныя, сацыяльныя, культурныя ці прадстаўнічыя органы, часцей за ўсё складае этнічную меншасць у складзе насельніцтва краіны і не мае ўласнага дзяржаўнага ўтварэння за межамі краіны. 

Ва Украіне такімі народамі з'яўляюцца крымскія татары, караімы і крымчакі. У Расіі такімі народамі можна назваць карэлаў, ненцаў, каракаў, башкіраў ды іншых.

А вось рускія ва Украіне (як і ўкраінцы ў Расіі) з’яўляюцца нацыянальнымі меншасцямі, яны маюць уласныя дзяржавы. Гэтыя нацыянальныя меншасці жывуць у адрыве ад дзяржавы, дзе іхняя мова і культура развіваліся. 

«Прагучалі заявы аб тым, што Украіна збіраецца стварыць уласную ядзерную зброю…»

Такія заявы не рабіліся. Насамрэч, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што збіраецца ініцыяваць правядзенне кансультацый у рамках Будапешцкага мемарандума, у рамках якога Украіна аддала сваю ядзерную зброю Расіі ў абмен на гарантыі бяспекі. Калі сустрэча не адбудзецца, то Кіеў прызнае мемарандум нядзейным. 

Але ніхто не казаў, што Украіна збіраецца стварыць сваю ядзерную зброю. На гэта няма ні палітычнай волі, ні грамадскага запыту, ні тэхнічных магчымасцяў.

«Яшчэ ў красавіку 2008 года на Бухарэсцкім саміце Паўночнаатлантычнага альянсу ЗША праціснулі рашэнне аб тым, што Украіна і, дарэчы, Грузія стануць членамі НАТА»

На тым саміце Грузія і Украіна вельмі хацелі атрымаць ад заходніх партнёраў перспектыву членства ў НАТА, план дзеянняў па членстве. Але гэтыя краіны яго так не атрымалі ні тады, ні дагэтуль.

Цікава, што на гэтым саміце Пуцін сказаў Бушу-малодшаму, што «Украіна гэта нават не дзяржава», а таксама намякнуў, што ў выпадку ўступлення Украіны ў НАТА Расія можа акупаваць Крым і Данбас. Украіна ў НАТА так і не ўступіла, але Крым і Данбас Расія акупавала.

«Пры ўступленні Украіны ў НАТА ўзровень ваенных пагроз для Расіі кардынальна павысіцца»

Пуцін наракае, што калі Украіна стане членам НАТА, то амерыканцы там паставяць сваю зброю, і гэта нібыта будзе пагражаць бяспецы Расіі.

«Многія ўкраінскія аэрадромы размешчаныя недалёка ад нашых межаў. Размешчаная тут тактычная авіяцыя НАТА, уключаючы носьбіты высокадакладнай зброі, зможа паражаць нашу тэрыторыю на глыбіню да мяжы Валгаград — Казань — Самара — Астрахань.

Разгортванне на тэрыторыі Украіны радыёлакацыйных сродкаў разведкі дазволіць НАТА шчыльна кантраляваць паветраную прастору Расіі аж да Урала. (…) Падлётны час да Масквы крылатых ракет «Тамагаўк» складзе менш за 35 хвілін, балістычных ракет з раёна Харкава — 7—8 хвілін, а гіпергукавых ударных сродкаў — 4-5 хвілін», — кажа Пуцін.

Але ж Расія ўжо мяжуе з краінамі НАТА! Адлегласць ад Эстоніі да Масквы такая самая, як ад Харкава да Масквы, не кажучы ўжо пра Пецярбург. Але па нейкай прычыне Пуцін выкарыстоўвае гэты аргумент толькі ў адносінах да Украіны.

Чытайце яшчэ:

Аркадзь Мошэс: Далучэнне Беларусі да Расіі без далучэння Украіны не мае для Пуціна вялікага сэнсу

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1