Адна капейка да рэкорду

Адным з першых на заяву аб прызнанні незалежнасці «ЛНР» і «ДНР» адрэагаваў валютны рынак. Курс расійскай валюты ў дачыненні да даляра прабіў псіхалагічна важную адзнаку ў 80 рублёў, і ў аўторак, 22 лютага, вальсаваў вакол яе.

Следам адкацілася беларуская валюта. Па выніках таргоў, курс даляра склаў 2,6553 рубля, а еўра — 3 руб. Нагадаем, што рэкорды былі зафіксаваныя летась: даляр — 2,6676 (красавік 2021 г.), еўра — 3,1798 (студзень 2021 г.).

«Расійскі рубель абваліўся, але не моцна, — заўважае Леў Львоўскі. — Летась курс ужо набліжаўся да адзнакі 80 расійскіх рублёў за даляр. Гэта не з'яўляецца крытычным паніжэннем».

Фота са старонкі ў Facebook Льва Львоўскага

Фота са старонкі ў Facebook Льва Львоўскага

Калі меркаваць па графіку таргоў, то можна вырашыць, што расійскі рубель стрымліваюць, дзякуючы інтэрвенцыям Цэнтрабанка РФ. Аднак эканаміст не пагаджаецца з такім меркаваннем:

«У Расіі даўно адышлі ад практыкі штучнага падтрымання курсу рубля. Інтэрвенцыі магчымыя, але толькі для згладжвання зменаў. Для эканомікі РФ змены на валютным рынку не такія значныя. Калі рубель падае, значыць, пакупніцкая здольнасць насельніцтва ў дачыненні да замежных тавараў зніжаецца, а да расійскай прадукцыі — узрастае. Грамадзяне трохі бяднеюць, але ў цэлым эканоміцы аслабленне рубля шкодзіць не моцна».

Адваротная сітуація для Беларусі. Шмат дзяржпрадпрыемстваў краіны закрэдытаваныя ў замежнай валюце і дзяржаўныя даўгі таксама вымяраюцца ў ёй.

«У той жа час беларускі рубель не можа не рухацца па траекторыі расійскага, паколькі РФ — наш галоўны гандлёвы партнёр. Калі там нашы тавары будуць каштаваць даражэй, то іх стануць купляць менш», — нагадвае Леў Львоўскі.

Ён падкрэслівае, што змены на валютным рынку адбыліся авансам — у чаканні санкцый, якія могуць быць накладзеныя на Расію. Гэта значыць, што сітуацыя можа змяняцца ў залежнасці ад палітычных рашэнняў.

«Мяккія санкцыі будуць мець негатыўны эфект на расійскі рубель і эканоміку, але ён будзе невялікім»

«Традыцыйна на Расію накладваюць не вельмі моцныя санкцыі, бо Еўропа моцна залежыць ад паставак энергарэсурсаў, — працягвае старшы навуковы супрацоўнік цэнтра BEROC. — На днях было абвешчана, што Германія выводзіць з эксплуатацыі палову сваіх АЭС. Што гэта значыць? Яна сама трапляе ў яшчэ большую залежнасць ад Расіі з-за энерганосьбітаў».

На такім фоне эканаміст не чакае драконаўскіх мер. Ён прызнае, што мяккія санкцыі будуць мець негатыўны эфект на расійскі рубель і эканоміку, але ён будзе невялікім. Тое ж самае тычыцца Беларусі.

Калі ж звярнуць увагу на рынак нафты і газу, то там навіны спрыяльныя для Расіі. Так, цана аднаго бараля нафты маркі Brent з пастаўкай у красавіку перавысіла 97 даляраў упершыню з верасня 2014 года.

«Для Беларусі гэта добрыя навіны, — каментуе Леў Львоўскі. — Бо мы купляем газ па нізкай цане. Гэта робіць нашы прадпрыемствы больш канкурэнтаздольнымі. З нафтай тое ж самае. Мы набываем сыравіну па спецыяльнай цане, а прадаём нафтапрадукты — па рынку. На гэтай розніцы зможам зарабіць больш».

Аднак ці абяцае гэтая сітуацыя быць доўгачасовай? Эканаміст нагадвае, што кан'юнктура можа істотна змяніцца — пачынаюцца перамовы з Іранам. А гэта значыць, што ў бліжэйшыя тыдні ці месяцы могуць адбыцца пастаўкі нафты на сусветны рынак, што таксама паўплывае на цану. Толькі на навінах аб пачатку перамоўнага працэсу цана за бараль звалілася на 5 даляраў.

«Негатыўны эфект будзе супастаўны з забаронай транзіту калію праз Літву»

Яшчэ адна важная акалічнасць — рэакцыя Мінска на прызнанне Расіяй незалежнасці «ЛНР» і «ДНР». Калі Беларусь паслухмяна рушыць следам, то рызыкі для эканомікі з-за санкцый Еўрасаюза і ЗША павялічацца.

Але самым балючым для беларускай эканомікі можа стаць рэакцыя Украіны. У адказ на прызнанне «ЛНР» і «ДНР» яна можа адмовіцца ад эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю, а негатыўны эфект будзе супастаўны з забаронай транзіту калію праз Літву, мяркуе Леў Львоўскі.

«Для Беларусі Украіна вельмі важны гандлёвы партнёр. Гэта больш за два мільярды даляраў за кошт экспарту нафтапрадуктаў. Аднак Украіна таксама зацікаўленая ў гэтых пастаўках. Гэта значыць, сітуацыя залежыць ад яшчэ аднаго палітычнага рашэння», — кажа эканаміст.

Цяпер ён рэкамендуе звяртаць увагу на навіны з Украіны. Аб рашучых дзеяннях можа сведчыць, напрыклад, заключэнне дагавораў з нафтавымі кампаніямі SOCAR (Азербайджан) або Orlen (Польшча).

Беларусь паступова апынулася ў гандлёвай блакадзе

Калі ж глядзець на сітуацыю глабальна, то Беларусь паслядоўна пазбаўляецца гандлёвых сувязяў і рынкаў збыту. Літва забараніла транзіт калію, Эстонія — нафтапрадуктаў. Цяпер можа паўстаць пытанне з Украінай.

Наша краіна аказваецца ў гандлёвай блакадзе, з якой адзін шлях — у Расію. Але там таксама не вельмі чакаюць, мяркуючы па рэакцыі на калійны крызіс.

«У выпадку страты ўкраінскага рынку беларускія нафтапрадукты сапраўды асабліва не будзе куды перанакіроўваць, —пагаджаецца Леў Львоўскі. — Можна ў Расію, але давядзецца гандляваць з вялізнымі зніжкамі, чаму мясцовыя гульцы таксама не будуць рады — ім дэмпінг не вельмі патрэбны».

А вось з каліем сітуацыя некалькі іншая. У свеце ўгнаенні запатрабаваныя, але крытычнае пытанне з іх транспарціроўкай.

«Такое адчуванне, што беларуская ўлада ніяк не рыхтавалася да ўвядзення санкцый і не чакала ад Літвы рэальных дзеянняў, — мяркуе эканаміст. — Усе размовы сведчаць пра тое, што лагістычныя шляхі не падрыхтаваныя».

Сітуацыя таксама ўскладняецца тым, што ў Расіі ёсць уласны вытворца калійных угнаенняў. Гаворка пра «Уралкалій», які належыць Мазепіну, у адрас якога беларуская ўлада дапускала абвінавачванні ў фінансавай падтрымцы пратэстаў. То-бок адносіны з патэнцыйным партнёрам не самыя лепшыя.

«Трэба, каб Пуцін аддаў перавагу «Беларуськалію», а не інтарэсам расійскага буйнога бізнэсу. Гэта ў тэорыі магчыма — у выглядзе нейкага кампрамісу, — лічыць Леў Львоўскі. — Але сітуацыя вельмі няпростая. У Расіі беларускага канкурэнта не чакаюць з абдымкамі».

Напрыканцы эканаміст робіць важнае удакладненне: варыянты, прыведзеныя вышэй, не улічваюць далейшую эскалацыю вакол Украіны. У выпадку прамых узброеных сутыкненняў сцэнарый для беларускай эканомікі будзе нашмат горшым.

Чытайце яшчэ:

«Драўніна не ўнікальная сыравіна, якая ёсць толькі ў Беларусі». Эканаміст з Літвы — пра пагрозы Галоўчанкі

Львоўскі: Калі за паўгода не атрымаецца пачаць транзіт праз Расію, то гаворка можа ісці пра мільярд стратаў 

Колькі прадпрыемстваў давядзецца закрыць і што рабіць з кашалькамі Лукашэнкі? Эканамісты пра рэформы, якія чакаюць Беларусь

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0