Беларусь будзе выбіраць новага прадстаўніка замест дуэту VAL, які перамог у нацыянальных спаборах летась. Музыкі падпісалі ліст за новыя выбары, Белтэлерадыёкампанія назвала гурт несумленным, піша Радыё Свабода.
Беларусь, як і яшчэ 19 краін, правядзе новы адбор. Заяўкі прымаюцца на сайце Белтэлерадыёкампаніі да 31 студзеня.
«Еўрабачанне-2020» мелася адбыцца ў Нідэрляндах летась, але эпідэміялягічная сытуацыя змусіла дырэкцыю конкурсу адкласьці яго на год. 22 краіны захавалі за пераможцамі мінулагодніх нацыянальных адбораў права паехаць у Ротэрдам 18-22 мая 2021.
Белтэлерадыёкампанія зьмяніла правілы нацыянальнага адбору. Прэтэндэнтам неабходна даслаць відэазапіс выкананьня кампазыцыі з жывым гукам. Адзін прэтэндэнт можа прадставіць толькі адну песьню. Яна ня можа мець камэрцыйнай рэалізацыі, хранамэтраж абмежаваны 3 хвілінамі.
Да ўдзелу ў нацыянальным адборы запрашаюць як сольных выканаўцаў, так і калектывы з колькасьцю ўдзельнікаў ня больш за шэсьць чалавек. Могуць удзельнічаць і замежныя грамадзяне. Узроставае абмежаваньне — не маладзейшыя за 16 гадоў.
Дуэт VAL, які перамог у беларускім конкурсе летась, раскрытыкаваў прымус выступаць на дзяржаўных канцэртах, за што атрымаў ад Белтэлерадыёкампаніі абвінавачаньні ў «адсутнасьці сумленьня».
«У артыстаў няма сумлення». Гурт VAL не паедзе на «Еўрабачанне» ў наступным годзе
У кастрычніку музыкі дуэту Валерыя Грыбусава і Улад Пашкевіч падпісалі Адкрыты ліст дзеячаў культуры з патрабаваньнямі перагледзець вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, спыніць гвалт, адмяніць «чорныя сьпісы» і не чыніць ціск на майстроў культуры, ня згодных з палітыкай уладаў.