Германія плануе павялічыць свой ваенны бюджэт на 6,2% на працягу наступных пяці гадоў у адказ на рост нестабільнасці ў свеце.
Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў нямецкім урадзе.
Упершыню за амаль паўстагоддзя нямецкі ўрад можа павялічыць такія выдаткі. Урад павінен абмеркаваць сярэднетэрміновы бюджэт у сераду.
Паводле інфармацыі крыніцы, абаронны бюджэт вырасце на 1,2 млрд еўра ў 2016 годзе, да 34,2 млрд і у 2019 годзе павінен скласці 35 млрд еўра, што дазволіць увасобіць планы па мадэрнізацыі арміі.
Дадатковыя сродкі таксама будуць спрыяць больш актыўнаму ўдзелу Германіі ў сумесных вучэннях з НАТА ў адказ на рост напружанасці паміж Расіяй і Захадам.
Пакуль толькі тры краіны з 28 членаў НАТА дасягнулі мэтавага расходавання не менш за 2% ад ВУП — гэта Вялікабрытанія, ЗША і Грэцыя. Лідары краін Альянсу ў мінулым годзе ва Уэльсе дамовіліся ісці да гэтай мэты.