Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прадставіла свой пункт гледжання на пытанне аб прыцягненні да адказнасці дармаедаў, праблема існавання якіх абмяркоўвалася 20 кастрычніка на нарадзе ў прэзідэнта.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, летась ва ўрад з міліцэйскага ведамства ўжо накіроўваліся прапановы па выпраўленні сітуацыі. Праўда, яны не знайшлі дастатковай падтрымкі. У прыватнасці, прапаноўвалася задзейнічаць механізм адміністрацыйнай адказнасці.

У 2014 годзе амаль 23 тысячы (60%) абвінавачваных ва ўчыненні розных злачынстваў не працавалі і не вучыліся. Гэтая катэгорыя на працягу апошніх гадоў стабільна складае амаль дзве траціны правапарушальнікаў. А эфектыўныя рычагі ўздзеяння, якія прымушаюць грамадзян да карыснай для грамадства працы, практычна адсутнічаюць. Такая сітуацыя сур'ёзна павялічвае крымінагенныя рызыкі.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Алега Каразея, і прыцягваць людзей да працы, і папраўляць бюджэт дапамагло б увядзенне адміністрацыйнай адказнасці. Напрыклад, штрафаваць паўналетніх працаздольных грамадзян, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі Беларусі і якія больш за шэсць месяцаў на працягу года ўхіляюцца ад фінансавання дзяржаўных расходаў (шляхам выплаты падаткаў, збораў і іншых плацяжоў). А для злосных ухілістаў прадугледзець арышт з абавязковым прыцягненнем да працы.

Адначасова, лічаць у міністэрстве, патрабуецца ўнясенне дапаўненняў і ў ПВКоАП — у частцы надзялення супрацоўнікаў падатковых органаў правам складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па гэтым артыкуле, разгляд жа такіх спраў трэба ўскласці на суддзяў раённых і гарадскіх судоў.

«Замацаванне ў заканадаўстве мер адміністрацыйнага прымусу, на думку МУС, дазволіла б эфектыўна ўплываць на асацыялаў, якія ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Там нагадваюць, што на тэрыторыі былога СССР калісьці ўжо існавала сістэма мер, якія прымяняліся да такіх грамадзян. А ўказ прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 мая 1961 года так і называўся — «Аб узмацненні барацьбы з асобамі (гультаямі, дармаедамі, паразітамі), якія ўхіляюцца ад карыснай для грамадства працы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця». Крымінальнымі кодэксамі саюзных рэспублік устанаўлівалася адказнасць (у БССР — арт. 204) за бадзяжніцтва або жабраванне або вядзенне іншага паразітычнага ладу жыцця з максімальным пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на год.

«Аб вяртанні да мінулага не можа быць і гаворкі, — канстатуе Каразей. — Канстытуцыйнае права грамадзяніна на працу — зусім не абавязак. Той адказнасці, якая калісьці была за дармаедства, проста не будзе. З іншага боку, давайце зыходзіць з рэалій нашага часу і той жа Канстытуцыі. Штогод дзяржавай са сродкаў рэспубліканскага бюджэту фінансуюцца расходы на транспарт, жыллёва-камунальную гаспадарку, медыцынскую дапамогу, сацыяльную палітыку. Пры гэтым у адпаведнасці з арт. 56 галоўнага закона краіны грамадзяне абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Нарэшце, аналіз аператыўнай абстаноўкі сведчыць пра ўстойлівы негатыўны ўплыў працоўнай незанятасці на стан правапарадку. Замацаванне ж у заканадаўстве мер адміністрацыйнага прымусу дазволіць проста больш эфектыўна ўплываць на тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, не хоча думаць не толькі пра дзяржаву, але і пра сваіх блізкіх».

У МУС адзначаюць, што цяпер заканадаўствам не вызначана паняцце «дармаедства». Гэты тэрмін, лічаць у міліцэйскім ведамстве, можа быць прыменены да грамадзян, якія наўмысна ўхіляюцца ад удзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам нявыплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?