У кабінетах кіраўніцтва РВУП "Завод газетнай паперы" ў Шклоўскім раёне 18 снежня прайшлі агляды і канфіскацыя дакументаў супрацоўнікамі ўпраўлення па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці, супрацоўнікі міліцыі праводзілі гэтыя мерапрыемствы ў межах праверкі інфармацыі аб магчымых незаконных дзеяннях кіраўніцтва прадпрыемства. Агляды і канфіскацыя пачаліся 17 і доўжыліся 18 снежня.

Пакуль ніякай крымінальнай справы не распачата, паведаміў прадстаўнік праваахоўнага ведамства.

***

Увод у эксплуатацыю шклоўскага завода газетнай паперы ў 2008 годзе найперш быў скіраваны на вырашэнне стратэгічнай задачы — імпартазамяшчэння газетнай паперы і насычэння ўнутранага рынку гэтай прадукцыяй. Прадпрыемства выкарыстоўвае тэхналогіі і абсталяванне вядучых еўрапейскіх вытворцаў для вырабу высакаякаснай газетнай паперы, піламатэрыялаў, паганажных вырабаў, клеенага бруса, а таксама каркасна-шчытавых дамоў і дамоў з клеенага бруса.

У ліпені 2011 года Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца 2013 года стварыць на базе завода газетнай паперы ў Шклове вытворчасць паперы — асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры выпуску вырабаў з ДСП і МДФ. Пры яе вырабе магчыма выкарыстанне іншых відаў сыравіны, якія не падыходзяць для вытворчасці газетнай паперы. Лукашэнка запатрабаваў надаць асабліва пільную ўвагу пытанню выбару пастаўшчыка абсталявання для новага прадпрыемства, каб не памыліцца ў якасці. Пры гэтым ён таксама запатрабаваў не зацягваць з тэрмінамі будаўніцтва, каб ужо да канца 2013 года прадпрыемства пачало працу. Стварэнне такой вытворчасці ацэньвалася прыкладна ў 70 млн. еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?