У Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі практыкуюцца касцельныя суды.
Пра гэта паведаміў 18 снежня на прэс-канферэнцыі кіраўнік касцельнага суда ў Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч.
Паводле яго слоў, часцей за ўсё касцельныя суды разглядаюць шлюбныя справы.
«На сённяшні дзень было разгледжана 10 такіх спраў. Але трэба звярнуць увагу, што касцёл ніколі не прызнаваў і не прызнае разводаў.
Таму касцёл не разводзіць мужоў і жонак, а толькі дае ім у некаторых выпадках магчымасць пацвердзіць несапраўднасць шлюбу, які ўжо з самага пачатку быў несапраўдным.
У гэтым адрозненне касцельнага суда ад суда свецкага. Скажам, муж ці жонка, калі бралі шлюб, ашукалі адзін аднаго. Ці хтосьці з іх не быў гатовы выконваць шлюбныя абавязкі. Кожная сітуацыя разглядаецца індывідуальна», — адзначыў ксёндз Місевіч.

Кодэкс кананічнага права змяшчае 12 перашкод для заключэння касцельнага шлюбнага саюза, у прыватнасці ўзрост, кроўнае сваяцтва, розная вера, імпатэнцыя, забойства мужа ці жонкі.

Калі ў кагосьці з вернікаў ёсць нейкая з гэтых перашкод, то ён не можа заключыць царкоўны шлюб. Не прызнаецца сапраўдным таксама шлюб, які выключае нараджэнне дзяцей. А вось такую прычыну, як несумяшчальнасць характараў, на падставе чаго часта разводзяцца ў свецкім судзе, касцельны суд не прызнае.
Як растлумачыў ксёндз Віктар Місевіч, у касцельны суд, дзе разглядаюцца шлюбныя справы, уваходзяць спецыяльна падрыхтаваныя людзі, якія кіруюцца нормамі кананічнага права.
Асноўная адказнасць ляжыць на афіцыяле — намесніку біскупа па судовых справах. Дапамагаюць яму суддзі, якія вывучаюць матэрыялы справы і затым выносяць вердыкт. На працэсе ўдзельнічае няцотная колькасць суддзяў, звычайна тры чалавекі. На працэсе таксама прысутнічаюць абаронца і адвакат. Абаронца шукае доказы, якія сведчаць аб сапраўднасці шлюбнага саюза, а натарыус завярае сваім подпісам неабходныя дакументы.

Працэс у першай інстанцыі — у судзе Віцебскай дыяцэзіі — можа доўжыцца прыкладна год.

Калі вынесены вердыкт сцвярджае, што шлюб быў заключаны неналежным чынам, то справа перадаецца ў суд другой інстанцыі — у міждыяцэзійны суд у Мінску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?