Дызайнерка і архітэктар Аляксандра Баярына стварыла ўласны праект — серыю паралеляў вобразаў фэшн-індустрыі з беларускімі птушкамі.
Асноўная мэта праекта — паказаць, што неверагодна разнастайнае і яскравае адзенне магло нарадзіцца і ў Беларусі, бо ў нашай прыродзе мы маем усе неабходныя падказкі.
Аляксандра ліча, што толькі няўважлівасць і ўсвядомленае жаданне адчуваць сябе ў хвасце сусветных творчых працэсаў перашкаджае нам абапірацца і чэрпаць натхненне ў сваёй роднай прыродзе.
Няправільна думаць, што наша толькі тое, чаго няма ў другіх. Наша — гэта тое, чым тут жывем, на што тут глядзім і чым тут натхняемся. А калі ў кагосці ёсць нешта падобнае, дык і хаты драўляныя ў тых жа геаграфічных шыротах падобныя. Падабенства не адмяняе каштоўнасці свайго.
Для праекту абрана вопратка з калекцый сусветна вядомых і мегапапулярных брэндаў: Issey Miyake, Etro, Vera Wang, Ralph Lauren, Missoni, Dsquared і іншых.
Валасяніца шэрая — звычайны для Беларусі від. Чым не асоба для натхнення беларускіх фэшн-творцаў?
Чапля малая белая — рэдкі залётны від, але ж залятае, так што можна смела далучаць лёгкі, падобны на паветра белы колер да спіса родных уласцівасцяў моды.
Бусел — адзін з нацыянальных сімвалаў Беларусі. Адпаведна, такі чорна-бела-чырвоны камплект мусіць быць адным з улюбёных, родных беларускіх стыляў вопраткі.
Жыць яскрава, смела, прыкметна, жыць так, каб сонечны свет жмурыўся ад твайго з'яўлення на вуліцы! І адначасова жыць так, каб быць бліжэй да роднай прыроды. Абярыце жыццё ў стылі «Бусел»!
Беларускі чорны ў фэшн індустрыі мог абраць інспірацыяй крумкача і грака.
Наш добры знаёмы шэры журавель натхняе на абаяльныя, мяккія вобразы. Апранацца пад жураўля — сучасна, модна і адначасова традыцыйна, бо блізка да роднай прыроды.
Пліска жоўтагаловая. Упершыню на Бацькаўшчыне выяўлена ў 1982 г., пасля чаго да сярэдзіны 1990-х гадоў распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны. Вытанчаная пліска здольная натхніць і на вячэрнія сукенкі, і на паўсядзённую вопратку, і на хатнія тэпцікі.
Таксама адзенне з роднымі, традыцыйнымі беларускімі колерамі. Гэтым разам мадэльераў натхняла яскравая птушка малінаўка.
Кралька. Самец у гнездавы перыд з ярка-блакiтнай плямай на горле i грудзях, пад якой iдуць чорная i ржавая палосы. Голас падобны на салаўёў, але больш хрыплы.
Кралька — неверагодна прыгожая і яскравая птушка. Усе гэта магло нарадзіцца ў Беларусі, калі б мы болей ўважліва ўглядаліся ў наваколле.
Дрозд-спявун — звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.
Злева арол стэпавы, арол-вужаед і арлец вялікі – справа спадары-сэрцаеды ў касцюмах ад Ralph Lauren.
Гарадскі стыль месцічаў маглі б дыктаваць верабей дамавы і верабей палявы.
Шчурок — птушка з выразным дымарфiзмам. У самца галава, грудзi i надхвосце кармiнавыя, у самкi галава i грудзi глiнiста-алiўкавыя, надхвосце папялiстае.
Шпак ружовы залятае да нас рэдка, мог бы і часцей. Зімуе ў Індыі, Шры-Ланцы, на Нікабарскіх і Андаманскіх астравах. Такі прыгожы, што нават Кейт Мос не вытрымала.
Графічнасць і візуальная кідкасць удода толькі для пазітыўных і ўпэўненых у сабе месцічаў. Стыль жыцця «Удод»склаў бы добрую канкурэнцыю «Буслу». Аматары вясёлага і яскравага пасталі б перад складаным выбарам.
Сава-бярозаўка магла быць пачынальнікам моды на прасторную, аб'ёмную вязаную вопратку. Птушка драпежная, мужчынам лепш асцерагацца з выгляду пяшчотных, нават кволых мініяцюрных дзяўчын.
Авяльга — звычайны для Беларусі пералётны і транзітна мігрыруючы від. Самец амаль цалкам ярка-жоўты з чорнымi крыламi i часткай хваста. Самка i маладыя больш аднастайна афарбаваныя — зеленавата-жоўтыя. Дзюба чырвоная.
Працягваць можна бясконца, бо прырода наша — найкаштоўнейшая крыніца натхнення.
Усе выкарыстаныя здымкі з інтэрнэту. Апісанне птушак з http://www.ptushki.org/guide.html