Па-беларуску камічная сітуацыя днямі склалася на Слуцкім мясакамбінаце. Як стала вядома «Нашай Ніве», яго супрацоўнікі вырашылі пазбавіцца ад зненавіднага кіраўніка з дапамогай… адмовы ад удзелу ў выбарах.
У выніку ў першы ж дзень датэрміновага галасавання кіраўніцтва камбінату пайшло на саступкі, а генеральны дырэктар публічна пакаяўся перад людзьмі.

Новы генеральны дырэктар, Віктар Тамашэўскі, з’явіўся на Слуцкім мясакамбінаце адносна нядаўна — прыкладна год таму. І адразу ж пачаў уводзіць новыя парадкі. Найбольш абуральным з якіх былі звальненні сталых вопытных супрацоўнікаў. Замест іх спадар Тамашэўскі набіраў маладых спецыялістаў. У дадатак, супрацоўнікам мясакамбінату прыйшоўся недаспадобы выбуховы характар кіраўніка.

«Тамашэўскі мог зранку быць у добрым настроі і лагодна ставіцца да супрацоўнікаў, а ў абед ужо ўсё змянялася. Ад яго ўсяго можна было чакаць, і хамства і абразаў», —
распавёў карэспандэнту «Нашай Нівы» жыхар Слуцка Іван.

Супрацоўнікі мясакамбіната цярпелі новую палітыку год. А калі наблізіліся прэзідэнцкія выбары, заявілі кіраўніцтву, што «або зменіцца генеральны дырэктар, або мы галасаваць не пойдзем». Нават адмысловую заяву напісалі. На прадпрыемстве і ў самім горадзе ўсчаўся вэрхал. Пайшлі нават чуткі, што мясакамбінат будзе баставаць па палітычных прычынах. Аднак рэвалюцыя на адным асобна ўзятым прадпрыемстве не адбылася. Ужо ў панядзелак (заява аб адмове ад удзелу ў выбарах была пакладзеная Тамашэўскаму на стол у пятніцу) на прадпрыемстве адбыўся публічны сход з удзелам супрацоўнікаў, кіраўніцтва і прадстаўнікоў райвыканкаму. На схозе спадар Тамашэўскі публічна папрасіў прабачэння ў падначаленых і паабяцаў выправіцца. Што праўда, Тамашэўскаму не асабліва вераць.

«Пасля выбараў пабачым, якім ён стане», — гавораць у Слуцку.

Усе спробы атрымаць каментар у самога Віктара Тамашэўскага скончыліся нічым. Генеральны дырэктар ад самай раніцы «знаходзіцца ў райвыканкаме, а калі вернецца — невядома». У прыёмнай карэспандэнту «Нашай Нівы» таксама паведамілі, што «ні аб якім скандале мы не чулі. Сход у панядзелак быў. Кіраўніцтва размаўляла з супрацоўнікамі аб бягучых праблемах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?