Ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева 25 кастрычніка збіраецца падаваць у ЦВК скаргу на дзеянні выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведаміла «НН» юрыст ініцыятыўнай групы Някляева, Раіса Міхайлоўская, штаб кандыдата мае дакументальныя доказы парушэнняў, дапушчаных ініцыятыўнай групай кандыдата Лукашэнкі падчас збору подпісаў. «Мы маем акты парушэння выбарчага заканадаўства, дакументальна пацверджаныя. Па-першае, гэта актыўнае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу штабам Лукашэнкі, па-другое — правядзенне пікетаў у неадпаведных месцах. Мы маем фота і відэасведчанні гэтага. У прыватнасці, зафіксаваны факт збору подпісаў за Лукашэнку на чыгуначным вакзале Мінска, а гэта забаронена. Па-трэцяе, мы плануем указаць на актыўны удзел у пікетах па збору подпісаў за Лукашэнку асобаў, якія не з’яўляліся сябрамі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, гэта таксама грубае парушэнне».

Спадарыня Міхайлоўская таксама зазначыла, што штаб Уладзіміра Някляева будзе настойваць на разглядзе усіх скарг у самім ЦВК, а не камісіямі ніжэйшага узроўню. «Мы лічым, што менавіта Цэнтральная камісія павінна разгледзець факты парушэння выбарчага заканадаўства, дапушчаныя ініцыятыўнай групай Лукашэнкі», — паведаміла Раіса Міхайлоўская.

Скаргу на дзеянні штаба Лукашэнкі падпіша асабіста Някляеў. Падаваць яе плануецца 25 кастрычніка каля 16-ай гадзіны. Кандыдат таксама разлічвае атрымаць ад ЦВК запрашэнне на разгляд яго скаргі на адмысловай камісіі.

Нагадаем, што раней ЦВК ужо разглядаў скаргу на дзеянні ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева. Вынікам разгляду было папярэджанне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?