Каля 40 хвілін доўжылася аперацыя па выратаванні ката па мянушцы Малыш. Занепакоеныя гаспадары папрасілі ратавальнікаў зняць іх гадаванца, які два дні не мог сам спусціцца з дрэва. Гэта адбывалася на вуліцы 1 Мая ў цэнтры Гродна, піша hrodna.life

Гаспадыня Малыша Ала доўга не вырашалася звярнуцца па рэальную дапамогу да ратавальнікаў: думала, што кот сам спусціцца. Але гэтага не адбылося. На другі дзень яна папрасіла, каб супрацоўнікі МНС дапамаглі ёй зняць ката. Той за два дні сваім мяўканнем паспеў звярнуць на сябе ўвагу ўсяго двара.

«Калі я першы раз патэлефанавала ў МНС, мне далі параду — купіць валяр’янку і абліць дрэва, — распавядае гаспадыня. — Купіла вялікую бутэльку, апырскала. Але Малыш працягваў сядзець на верхавіне. Там і вароны сталі яго ганяць, але ён сядзеў. На другі дзень усё ж такі прыехалі выратавальнікі».

Ратавальнікі спачатку прыехалі на звычайнай пажарнай машыне. Агледзеўшы дрэва, яны зразумелі, што да Малога так проста не залезці. Выклікалі транспарт з лесьвіцай. Кот тым часам ускараскаўся на самую верхавіну дрэва, вышыня якога — амаль як чатырохпавярховы дом. З другой спробы ратавальнікі здолелі наблізіцца да Малыша, але ў мяшок ён лезці не захацеў і палічыў за лепшае саскочыць з вышыні. Праўда, на зямлі яго не знайшлі.

«Нашаму Малышу тры гады, вельмі добры, ласкавы і, галоўнае, хатні. Раз выбег на вуліцу — і вось што адбылося. Спадзяюся, з ім усё добра і ён вернецца дадому», — сказала гаспадыня Малога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?