У Расіі завялі справу «аб апраўданні тэрарызму» супраць акцёра Аляксея Паніна

Расійскі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу «аб апраўданні тэрарызму» супраць акцёра Аляксея Паніна, паведамілі расійскія СМІ. Акцёру пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

03.05.2023 / 18:49

Расійскія следчыя лічаць, што акцёр апраўдваў дыверсію на Крымскім мосце, праведзеную ў кастрычніку мінулага года.

8 кастрычніка 2022 года на аўтамабільным мосце, які вядзе з Краснадарскага края ў Крым, выбухнуў грузавік, пасля чаго загарэліся чыгуначныя цыстэрны з палівам на цягніку, які акурат праходзіў міма. У выніку абрынулася два аўтамабільныя пралёты моста, чатыры чалавекі загінулі. Расійскае ФСБ абвінаваціла ў тым, што здарылася, вайсковую выведку Украіны і яе кіраўніка Кірылу Буданава, СК таксама трымаецца гэтай версіі.

Справу супраць акцёра завялі за пост на гэтую тэму ў тэлеграм-канале.

Аляксей Панін з'ехаў з Расіі ў Іспанію яшчэ да пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне, але пасля пачатку баявых дзеянняў прыязджаў на радзіму. Ён публічна крытыкаваў расійскае кіраўніцтва за развязванне вайны і падтрымаў Украіну, хоць ад яго гэтага мала хто чакаў. У мінулым акцёр адзначаўся скандальнымі і эпатажнымі паводзінамі, у тым ліку дапускаючы і адкрыта антыўкраінскія выказванні.

Чытайце таксама:

Ала Пугачова прыляцела ў Маскву

Украіна ўвяла слова «рашызм» у заканадаўства

Патрыярх Кірыл пазбавіў сану протадыякана Андрэя Кураева

Nashaniva.com