Фота: ТАСС

Расійскія ўлады заявілі, што прычынай здарэння стаў выбух аўтамабіля. Следчы камітэт паведаміў, што яго супрацоўнікі высветлілі, хто быў уладальнікам машыны. Загінулі тры чалавекі — па звестках расійскіх следчых, гэта «як мяркуецца, пасажыры легкавога аўтамабіля, які знаходзіўся побач з падарваным грузавіком».

Украіна афіцыйна не заяўляла пра сваю датычнасць да гэтага выбуху, аднак яго пракаментаваў у сваім твітары дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк:

«Крым, мост, пачатак. Усе незаконнае павінна быць разбурана, усё скрадзенае — вернута Украіне, усё расійскае акупацыйнае — выгнана».

«Шмат выбухоўкі»

Старшы эксперт па выбуховых рэчывах брытанскай арміі ў адстаўцы называе падрыў Керчанскага моста «шэдэўрам тайнай дыверсіі».

«Адсутнасць відавочных выбуховых/асколачных пашкоджанняў на дарожным палатне гаворыць пра тое, што авіяцыйная зброя не ўжывалася», — адзначыў ён у размове з карэспандэнтам Бі-бі-сі Полам Адамсам.

На думку эксперта, прычынай выбуху магла стаць «атака знізу» моста. Ён мяркуе, што выбухі на аўтамабільным мосце і чыгуначных шляхах «былі ініцыяваныя амаль адначасова з дапамогай кадаванай радыёкаманды».

Генерал аўстралійскай арміі ў адстаўцы Мік Раян напісаў у сваім твітары, што для падобнага абвальвання моста неабходна шмат выбухоўкі — некалькі чалавек не змаглі б прынесці столькі на сабе. Для гэтага таксама спатрэбіўся добра прадуманы план выбуху, адзначае эксперт, паколькі жалезабетонныя масты — самыя ўстойлівыя з усіх. «Некалькі грузавікоў або ракет/бомбаў змаглі б дасягнуць гэтай мэты, калі іх дакладна накіраваць у патрэбныя ўчасткі моста», — лічыць Раян.

Афіцыйная расійская версія здарэння заяўляе, што на мосце выбухнуў грузавік. Гэта прывяло да загарання сямі паліўных цыстэрнаў цягніка і да частковага абвальвання двух аўтамабільных пралётаў, гаворыцца ў заяве Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта Расіі. 

Аднак на мосце, прынамсі афіцыйна, дзейнічае строгая сістэма бяспекі. Любы грузавік, які заязджае на Крымскі мост, правяраецца на наяўнасць выбухоўкі. На ўездах размешчаныя стацыянарныя інспекцыйна-надглядныя радыётэхнічныя комплексы СТ-6035, якія правяраюць машыны на наяўнасць выбуховых рэчываў. Праверкай займаецца ФДУП «Упраўленне ведамаснай аховы Мінтранса Расіі» — у яго ёсць дзяржкантракт на ахову моста коштам дзясяткі мільёнаў рублёў у год.

Гэтае ж ФДУП ахоўвала аэрадром у Таганрозе, дзе стаяў на рамонце Іл-80 — адзін з самых сакрэтных вайсковых самалётаў Расеі, прызначаны для кіравання войскамі ў выпадку ядзернага канфлікту (эксперты празвалі яго «самалётам Суднага дня»). У снежні 2020 года высветлілася, што хтосьці пракраўся ў самалёт і выкраў сакрэтнае абсталяванне на суму больш за 2,5 млн рублёў. Вінаватымі ў крадзяжы былі прызнаныя і асуджаныя беспрацоўны жыхар Таганрога і яго саўдзельнік. 

«Версія грузавіка лагічная тым, што вырашае праблему дастаўкі вялікай колькасці выбуховага рэчыва», — кажа ў каментары Рускай службе Бі-бі-сі ізраільскі ваенны эксперт Давід Гендэльман.

Як адзначае эксперт, доўгі час абмяркоўвалася, што ва Украіны няма ракет або іншых сродкаў паветранага нападу, «каб удар меў рэальны эфект, акрамя прапагандысцкага». Таксама над мостам працуе СПА, заўважае Гендэльман.

«Мабыць, вырашылі, што раз такая колькасць выбуховых рэчываў не можа даляцець, яна можа даехаць», — кажа ён.

«Застаецца пытанне каардынацыі з узарваным цягніком: падлавілі яго грузавіком ці ён быў падарваны асобна? Гэта ўсё яшчэ будзе ўстаноўлена, пакуль яшчэ казаць рана.

Але ў цэлым выразная скаардынаваная аперацыя: падрыхтоўка, дастаўка, арганізацыя, праход праверак, спрацоўванне ў патрэбны момант», — адзначае Гендэльман.

Адрэзаныя шляхі ваеннай лагістыкі

Вайсковы эксперт Мік Раян дапускае, што атака на мост можа быць часткай плана па вяртанні Крыма альбо спробай адцягнуць увагу расійскіх вайскоўцаў ад іншых акупаваных абласцей Украіны. Галоўнае наступства выбуху моста — парушэнне лагістычных ланцужкоў паставак, як вайсковых, так і грамадзянскіх. Разбурэнне моста ўжо справакавала праблемы з забеспячэннем, у тым ліку палівам, адзначае Давід Гендэльман.

Таму для Расіі падрыў моста стане сур'ёзнай праблемай з пункту гледжання ўзмацнення неабходнасці ўтрымліваць раней захопленыя тэрыторыі.

Цалкам забеспячэнне Крыма не перапыніцца — бо застаюцца паромныя пераправы і шлях праз Мелітопаль.

Расійскія ўлады, зрэшты, абяцаюць аднавіць Крымскі мост у сціслыя тэрміны — па некаторых звестках, цягнікі на яго плануюць запусціць ужо ў суботу ўвечары.

Але ўтрыманне Мелітопаля становіцца для Масквы яшчэ больш важным, лічыць Раян.

«Праз гэта мы можам убачыць расійскую перадыслакацыю на поўдні [Украіны], што аголіць іншыя слабасці [Расіі] і дасць магчымасці для Украіны», — адзначае аўстралійскі генерал.

Шлях у Крым праз поўдзень Украіны (калі Расія і далей будзе яго ўтрымліваць) можа стаць важнай часткай не толькі ваеннага, але і мірнага забеспячэння Крыма палівам і таварамі. Прызначаны Масквой губернатар анексаванага Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што харчаванне на паўвостраў будзе пастаўляцца менавіта праз «вызваленыя тэрыторыі» — гэта значыць захопленыя Расіяй.

Падрыў моста таксама дэманструе ўсяму свету, што войска Расіі не здольнае кантраляваць ні адзін з нядаўна анексаваных рэгіёнаў. Цяпер расіяне будуць актыўна пакідаць Крым, а недавер да Пуціна і ўзброеных сілаў унутры краіны будзе расці, прагназуе Раян.

«Вялікія непрыемнасці»

У расійскіх вайскоўцаў цяпер узнікнуць «вялікія непрыемнасці», паколькі Крымскі мост — важны складнік ваеннай лагістыкі Расіі, прагназуе Лоўрэнс Фрыдман, былы прафесар ваенных даследаванняў у Каралеўскім каледжы Лондана.

«Нават калі ў расіян ёсць вялікая група салдат, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ва Украіне, добра ўзброеныя і гатовыя даць адпор, яны не змогуць падтрымліваць іх без забеспячэння», — сказаў Фрыдман у інтэрв'ю BBC Radio 4.

Фота: СБУ

Пра гэта заявіў і Антон Герашчанка, дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны: «[Падрыў моста] азначае, што забеспячэнне расійскіх войскаў на поўдні Украіны будзе моцна абцяжарана. Вайсковая тэхніка, боепрыпасы, паліва праз Керчанскі мост яшчэ доўга не будуць праходзіць», — напісаў ён у твітары.

У цэлым мэта выбуху моста зразумелая — падарваць здольнасць Расіі выкарыстоўваць Крым у якасці стартавай пляцоўкі для вайны на поўдні Украіны, адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі Пол Адамс.

«Акрамя праблем забеспячэння праз такую важную транспартную артэрыю гэта вельмі гучны прапагандысцкі эфект. Акрамя парушэння расійскай лагістыкі можна чакаць як мінімум узмацнення ўдараў па ўкраінскай інфраструктуры.

Крымскі мост важны не толькі практычна, але і як сімвал, расійскі бок да такіх замахаў ставіцца хваравіта», — рэзюмуе Давід Гендэльман.

Чытайце таксама:

«Украінская праўда»: За падрывам Крымскага моста стаіць СБУ

Заходні вайсковы эксперт: Каб абваліць такі мост, трэба некалькі грузавікоў выбухоўкі або ракеты

Расіяне не могуць спрагназаваць, калі адновяць Крымскі мост, усе цягнікі на Крым адмянілі

Крымскі мост абваліўся пасля выбуху на ім у ноч пасля 70-годдзя Уладзіміра Пуціна

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

3
Слава Украiне:))) / Адказаць
08.10.2022
Хутка пачнецца вызыаленне Крыма ад расейскай фашысцкай акупацыi, ну а затым i сiняокай:))))
1
Iмя / Адказаць
08.10.2022
Хучэй за усё узарвалi амiячную селiтру. Везлi мабыць як угнаенне. Шкада, што другая палова моста таксама не абрынулася.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру