Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў студзені-лютым і перспектывах на 2012 год Аляксандра Лукашэнку 12 сакавіка праінфармаваў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

«Паводле дакладаў фінансістаў, а фінансы — гэта люстэрка эканомікі, я бачу, што нашы планы, якія мы вызначылі для сябе на гэты год, могуць быць паспяхова рэалізаваны. І тыя 5–6 працэнтаў прыросту ВУП, аб якіх мы доўга спрачаліся, аказваюцца рэальна дасягальнымі, — сказаў Лукашэнка. — Вядома ж, пажадана, каб гэты прырост быў большым. Але трэба глядзець па плацежнаму балансу, па сальда знешняга гандлю. Мы не павінны перавысіць тыя лічбы, якія намі абазначаны. Гэта значыць эканоміка павінна развівацца так, каб не стварыць праблем на валютным і фінансавым рынках».

Лукашэнка адзначыў, што сёння вельмі шмат гаворыцца пра тое, што ў Беларусі цэны ніжэйшыя, чым у суседзяў, і гэта часткова садзейнічае вывазу тавараў.

«Мы дакладна вызначылі, што цэны ў мінулым годзе ў нас і так істотна падскочылі,
і калі дзесьці падшліфоўваем, то гэта не павінен быць абвальны рост цэн. Ён павінен быць расцягнуты ў часе і прывязаны да росту даходаў насельніцтва. Ёсць павышэнне зарплат, пенсій, дапамог — тады мы можам у нейкай ступені нават не рухаць цэны, а падшліфаваць — гэта 0,5–1 працэнт, але не больш», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць актыўна весці барацьбу з інфляцыяй:

«І мы сёння бачым, што мы можам гэта зрабіць. Бо там, дзе цэны не кантралююцца, яны наадварот маюць імкненне да паніжэння. Дзесьці мы цэны выраўноўваем. Таму інфляцыя ў гэтым выпадку ў нас рэгулюемая».

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння дадатнага сальда ў знешнім гандлі, недапушчальнасць змяншэння золатавалютных рэзерваў.

Міхаіл Мясніковіч прадставіў аналітычную ацэнку эканамічнага развіцця краіны па выніках двух месяцаў бягучага года, паведаміў аб чаканых выніках першага квартала і прагнозе па выкананні планавых паказчыкаў 2012 года.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, эканоміка працуе ўстойліва, у асноўным усе галіны і рэгіёны выконваюць даведзеныя заданні. Добрыя тэмпы развіцця дэманструюць сельская гаспадарка (106,7 працэнта), прамысловасць.

Стабільная сітуацыя на валютным і спажывецкім рынках.
«У знешнім гандлі складваецца дадатнае сальда. На чыстай аснове прыток валюты амаль на паўмільярда вышэйшы, чым адток», — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

Размова таксама ішла аб рэалізацыі некаторых перспектыўных інвестыцыйных праектаў.

У цэлым прэм’ер-міністр выказаў упэўненасць, што па выніках першага квартала і года будзе забяспечана выкананне зацверджаных заданняў.

Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч праінфармаваў Лукашэнку аб падыходах урада па распрацоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту на 2013 год. Лукашэнка паставіў задачу сур’ёзна папрацаваць над фарміраваннем бюджэту і выкананнем усіх планавых назначэнняў, якія былі прадугледжаны ў задачах на пяцігодку. Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць павышэння прадукцыйнасці працы, валавой дабаўленай вартасці і рытмічнай работы рэгіёнаў.

Асобна звернута ўвага на неабходнасць навядзення парадку на зямлі, у населеных пунктах у сувязі з завяршэннем зімовага перыяду. Ураду і адпаведным міністэрствам даручана ў сціслыя тэрміны выканаць неабходны аб’ём работы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?